Папа Францішак прызначыў сястру Сымону Брамбілу Прэфектам Дыкастэрыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця.
Пра гэта паведаміла 6 студзеня Польская рэдакцыя парталу Vatican News.
Адзначаецца, што гэта першая ў гісторыі намінацыя жанчыны на вышэйшую пасаду дыкастэрыі Рымскай курыі.
Сымона Брамбіла, якой 27 сакавіка споўніцца 60 гадоў, з’яўляецца былой Генеральнай настаяцельніцай кангрэгацыі Місіянерак Маці Божай Суцяшэння. У снежні мінулага года Папа Францішак прызначыў яе членам 16-й Звычайнай рады Генеральнага сакратарыята Сіноду Бісупаў. З кастрычніка 2023 года сястра Сымона выконвала абавязкі сакратара Дыкастэрыі Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, прэфектам якой сёння з’яўляецца. Яна стала другой жанчынай, якая мела пасаду сакратара адной з дыкастэрый Рымскай курыі — першай была сястра Алясандра Змэрыллі, салезіянка, якой Святы Айцец даручыў функцыю сакратара Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму чалавечаму развіццю.
Прапрэфектам, або намеснікам кіраўніка Дыкастэрыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця быў прызначаны іспанскі прэлат, былы генеральны настаяцель Таварыства салезіянаў ксяндза Боско кардынал Анхэль Фэрнандэс Арцімэ SDB, які атрымаў кардынальскую годнасць падчас леташняга кансісторыя.
Раней Папа Францішак таксама прызначыў жанчын на кіраўнічыя пасады ў дзвюх установах Горада Дзяржавы Ватыкан.
З 2017 года дырэктарам Ватыканскіх музеяў з’яўляецца італьянская музеязнаўца і гісторык мастацтва Барбара Ята, а з 2021 года пасаду Генеральнага сакратара Губернатарата Дзяржавы Ватыкан займае сястра францішканка Рафаэла Пэтрыні.