У наступным годзе Фонд Ёзафа Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI плануе выдаць вялікі зборнік «прыватных» гамілій папярэдняга Папы, які адышоў у вечнасць амаль год таму.
Як паведаміла 24 снежня Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у зборніку будуць змешчаны 130 казанняў, больш за трыццаць з якіх Бэнэдыкт XVI прамовіў у прысутнасці малой колькасці асоб падчас свайго пантыфікату. Астатнія былі прамоўлены ім у першыя гады пасля адрачэння і сыходу на пенсію.
Зборнік рыхтуе да выдання ў 2024 годзе ватыканскае выдавецтва LEV. Прэзідэнт Фонду Ёзафа Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI ксёндз Фэдэрыко Ламбардзі паведаміў парталу Vatican News, што ватыканскае выдавецтва будзе адказваць таксама за падрыхтоўку ўсіх выданняў на іншых мовах.
Нямецкі штодзённік Welt am Sonntag раней ужо інфармаваў пра праект гэтай публікацыі. Як адзначаецца ў газеце, кансэкраваныя жанчыны з Memores Domini запісалі казанні на дыктафон, а потым знялі тэкст.
Бэнэдыкт XVI не ведаў пра тое, што яго запісваюць падчас святой Імшы. Гаміліі, якія ён прамаўляў па-італьянску, ахопліваюць вялікую частку святочнага літургічнага цыклу, але не ўвесь.
Як адзначаецца на старонцы Фонду Ёзафа Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI fondazioneratzinger.va, ад «прыватных» гамілій Бэнэдыкта XVI не трэба чакаць экзэгетычных ці тэалагічных адкрыццяў, але змястоўнага духоўнага пасілку ў тым гамілетычным стылі, які старанна і глыбока развіваў Ёзаф Ратцынгер на працягу ўсяго свайго святарскага жыцця.
Распарадчык тэстамэнту Папы Бэнэдыкта XVI і яго асабісты сакратар арцыбіскуп Георг Генсвайн перадаў транскрыпцыю ватыканскаму выдавецтву і Фонду Ёзафа Ратцынгера — Бэнэдыкта XVI дзеля магчымай публікацыі. Паколькі іерарх раней ужо не раз згадваў пра гэтыя казанні, нямецкая газета звярнулася да яго з запытам адносна таго, ці магчыма было б апублікаваць адну з гэтых гамілій перад Божым Нараджэннем, на што атрымала згоду.
Такім чынам гамілія Папы Бэнэдыкта XVI на Чацвёртую нядзелю Адвэнту, прамоўленая ім 22 снежня 2013 года і прысвечаная пераважна асобе святога Юзафа на падставе Імшальных чытанняў з дня, была апублікавана адначасова ў згаданым нямецкім штодзённіку, а таксама па-італьянску ў ватыканскім штодзённым выданні L’Osservatore Romano.