Пошук

21.03.2024 10:55   ave-maria.by / Catholic.by
Фота: ave-maria.by

У першым сёлетнім нумары часопіса «Наша вера» змешчаны матэрыялы пра гісторыю Касцёла, пра яго сучаснае жыццё, пра выбітных асобаў, якія паўплывалі на развіццё хрысціянства, а таксама шматлікія матэрыялы па мастацтвазнаўстве і літаратуразнаўстве, хрысціянская паэзія, проза і пераклады.

Агляд свежага нумара папулярнага каталіцкага квартальніка, які выходзіць перад Вялікаднем, прапануе сайт часопіса «Ave Maria» ave-maria.by.

Гэты нумар часопіса пачынаецца ўрыўкам з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара і публіцыста ксяндза Робэрта Скшыпчака, якая была выдадзена да першай гадавіны з часу адыходу ў вечнасць Папы Бэнэдыкта XVI.

Увазе беларускіх чытачоў прапануецца артыкул польскага дамініканіна Паўла Крупы ОР «Інквізіцыя. Паміж міфам і праўдаю» (пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько).

Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Вялікае італьянскае падарожжа Яна Паца (1597–1598 гг.)» апавядае пра пілігрымку беларускай магнацкай кавалькады ў Вечны горад.

Літаратуразнаўца Сяргей Чыгрын у эсэ «Дзесяць фактаў з жыцця экзарха Антона Неманцэвіча» распавядае пра цікавую асобу першага экзарха Беларускага Экзархату Грэка-Каталіцкай Царквы, доктара тэалогіі і права, рэлігійнага і грамадска-культурнага дзеяча.

Вольга Барысенка ў артыкуле «З гісторыі цудадзейнага абраза Маці Божай з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Барысаве» піша пра адзін са шматлікіх цудадзейных абразоў у касцёлах Беларусі, культ якіх мае лакальны характар.

Кандыдат філалагічных навук Ірына Багдановіч у артыкуле «Паэт і святар Юзаф Маралёўскі» апавядае пра яшчэ адну выбітную постаць паэта-святара, чыя творчасць не знаёмая шырокаму колу чытачоў — тут жа друкуецца падборка вершаў паэта-святара.

Доктар філалагічных навук, прафесар Жанна Некрашэвіч-Кароткая ў літаратуразнаўчым даследаванні «Звярыныя гратэскі ў паэтычнай культуры славянаў…» цікава параўноўвае фальклорныя і літаратурныя тэксты, звязаныя з народнай абраднасцю і хрысціянствам.

У рубрыцы «На кніжнай паліцы» друкуецца водгук ксяндза доктара Юрыя Дразда «Яшчэ адно імя…» на кнігу кандыдата гістарычных навук Раісы Зянюк «Ксёндз Юзаф Барадзюля», якая выйшла ў выдавецтве «Pro Christo».

Мастацтвазнаўца Галіна Флікоп-Світа ў артыкуле «Іконы ў хаце беларусаў» апавядае пра рэгіянальныя і канфесійныя асаблівасці ўладкавання абразоў у інтэр’еры сялянскага жытла.

Вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Любоў Сысоева ў артыкуле «На Божую хвалу» піша пра творы сакральнага мастацтва Беларусі XVI–XIX стагоддзяў.

У рубрыцы «Проза» змешчаны творы выдатнага беларускага паэта, эсэіста Леаніда Дранько-Майсюка.

Літаратуразнаўца Анатоль Брусевіч у эсэ «Прастора, прыдатная для палётаў» піша пра новую кнігу паэзіі Аксаны Данільчык «Час знешняй адсутнасці».

У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы Эдуарда Акуліна і Алеся Дуброўскага-Сарочанкава.

Вядомы беларускі празаік Уладзімір Ягоўдзік у нарысе «Белая стужка дарогі» дзеліцца сваімі ўспамінамі пра народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча.

80-годдзю з дня нараджэння выдатнага беларускага мастака і мастацтвазнаўцы, этнографа і культуролага Міхася Раманюка (1944–1997) прысвечана эсэ Міколы Купавы «Школа Міхася Раманюка».

Эла Дзвінская прапануе ўвазе чытачоў свае нататкі «У Доме-музеі Моцарта ў Вене», у якіх разважае пра плённае ўздзеянне музыкі на духоўны стан чалавека.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.