У новым нумары часопіса «Наша вера» (№ 4, 2024) чытачы знойдуць цікавыя і глыбокія матэрыялы, прысвечаныя духоўнай літаратуры, значным дзеячам рэлігійнага жыцця мінуўшчыны і сучаснасці, важным падзеям у жыцці Касцёла.
Як адзначаецца ў анонсе нумара, змешчаным на сайце ave-maria.by, на яго старонках друкуюцца таксама паэтычныя і празаічныя творы беларускіх аўтараў, пераклады, інтэрв’ю.
Гэты нумар квартальніка пачынаецца публікацыяй прамоваў арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды 35-годдзя яго пастырскага служэння.
У рубрыцы «Асобы» друкуецца ўрывак з кнігі «Патрабавальны Папа» польскага святара і публіцыста ксяндза Робэрта Скшыпчака ў перакладзе Крыстыны Лялько (працяг).
У рубрыцы «Пераклады» Аксана Данільчык прапануе ўвазе чытачоў свой пераклад «Разважанняў аб святых стыгматах святога Францішка».
70-годдзю вядомага беларускага даследчыка, лацініста Алеся Жлуткі прысвечана эсэ Міхася Скоблы «Суразмоўца Гарацыя».
Сяргей Чыгрын у публікацыі «Дзесяць фактаў з жыцця святара Францішка Грынкевіча» апавядае пра аднаго з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя.
Літаратуразнаўца Аксана Данільчык у артыкуле «Раман Ірыны Жарнасек „Будзь воля Твая…“ ў кантэксце рэлігійнай культуры» разважае пра вартасці гэтага твора як прыкладу важкай духоўнай прозы ў сучаснай беларускай літаратуры.
Вядомая даследчыца літаратуры Ірына Багдановіч прапануе ўвазе чытачоў артыкул, прысвечаны асобе слыннага фалькларыста, кандыдата філалагічных навук Арсеня Ліса.
У рубрыцы «Проза» друкуецца эсэ кандыдата эканамічных навук Алеся Місуны «Лучайскі касцёл».
Паэт, эсэіст Леанід Дранько-Майсюк знаёміць чытачоў з новым урыўкам «Прозы з той кніжкі, якая можа быць».
У рубрыцы «Паэзія» змешчаны вершы Дануты Бічэль і Сцяпана Сяргея.
Творчасці вядомага беларускага скульптара Валяр’яна Янушкевіча і 160-годдзю касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) ў Мінску прысвечаны артыкул Яна Лысага.
205-й гадавіне з дня нараджэння кампазітара Станіслава Манюшкі прысвечаны літаратуразнаўчы артыкул Ірыны Багдановіч «Бо ты, Стаху, творыш цуд…».
У рубрыцы «Успаміны» друкуюцца згадкі празаіка Уладзіміра Ягоўдзіка пра вядомага беларускага пісьменніка Івана Навуменку.
Рэстаўратар Ігар Сурмачэўскі ў артыкуле «Мода для самых маленькіх у XVII–XIX стагоддзях» апавядае пра культуру дзіцячага адзення ў далёкай мінуўшчыне.
Пра кнігу «Каталіцкія святыні. Пінская дыяцэзія», якая выйшла ў выдавецтве «Pro Christo» ў 2024 гjlpt, апавядае Ганна Шаўчэнка ў артыкуле «Скарбы каталіцкай архітэктуры Пружаншчыны».
Паліна Грыб прапануе ўвазе чытачоў сваё інтэрв’ю з вядомым беларускім арганістам Юрыем Габрусем.
У рубрыцы «Мастацтва кіно» друкуецца артыкул Яна Лысага «„Фані і Аляксандр“ Інгмара Бергмана: праблема Божага маўчання ў свеце хлусні».