15 верасня ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску прайшоў фестываль Хрысціянскай культуры «Адна культура, адно багацце».
Мерапрыемства распачалося святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз канонік Юрый Санько, пробашч Залатагорскай парафіі.
Сёлетні фестываль, які быў прысвечаны тэме «Сустрэча веры і культуры», стаў ужо чацвёртым.
Пасля сумеснай малітвы вернікі і госці парафіі мелі магчымасць наведаць арганізаваны на цвінтары касцёла кірмаш і падсілкавацца хатнімі стравамі. Для дзетак валанцёры парафіяльнай суполкі Caritas з мінскай архікатэдры зладзілі гульні і забавы.
Культурная частка свята распачалась з дакладу вядомага даследчыка Алеся Жлуткі, філолага і гісторыка, які прадставіў даклад на тэму «Касцёл на Залатой Горцы — 160 гадоў цэнтр рэлігійнасці і культуры».
Наступны дакладчык, Таццяна Матрунчык, каардынатар Біблійнай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, прадставіла даклад на тэму «Роля мовы, творчай інтэлегенцыі, пазалітургічнай спеўнай традыцыі ў станаўленні духоўнага і культурнага падмурку грамадства».
З прысутнымі сваёй творчасцю падзяліўся гурт «Пілігрымы», мастацкі кіраўнік Любоў Шпакоўская.
Наступным пунктам праграмы стала дыскусійная панэль, удзельнікі якой разважалі пра важнасць захавання і развіцце культурных і рэлігійных традыцый грамадства.
Фінальным акордам праграмы стала вечарына арганнай музыкі «Залатая Горка — сэрца сталіцы».