Пошук

23.04.2026 11:29   Тэкст: Анзэльм Грун / Ave Maria / Тэкст: old.catholic.by / Catholic.by

Фота: finestresullarte.info

Сёння ў Касцёле адзначаецца ўспамін аднаго з найбольш вядомых і легендарных святых — святога Юрыя.

Святы Юрый, які паходзіў з Лідзіі, быў рымскім афіцэрам у час уладарання імператара Дыяклетыяна. Ён меў высокае воінскае званне і вызначаўся асаблівай адвагай. Калі Дыяклетыян аддаў загад пераследаваць хрысціянаў, Юрый запярэчыў імператару і кінуў яму ў твар рэзкі папрок. Імператар загадаў закаваць Юрыя ў ланцугі і падвергнуць катаванню. Але чым больш жорсткімі былі катаванні, тым больш спакойным і непахісным станавіўся Юрый.

Яго раны загойваліся цудоўным чынам, таму што сам Бог уначы дапамагаў яму.

Імператар вымушаны быў прызнаць, што так ён не зможа ўзяць верх над сваім афіцэрам. Тады Дыяклетыян загадаў ссячы яму галаву. Юрый прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гадамі.

З імем святога Юрыя таксама звязаная вельмі папулярная ў Сярэднявеччы легенда пра тое, як ён, калі быў рымскім афіцэрам, выратаваў дачку кападоцкага караля, якую аддалі на разарванне цмоку. У гэты момант з’явіўся святы Юрый, які паразіў цмока дзідай і, скаванага ланцугамі, але яшчэ жывога, кінуў перад натоўпам. Ён паабяцаў забіць цмока, калі ўсе жыхары ахрысцяцца. Кароль і падданыя згадзіліся, і цмок быў забіты, а 1500 чалавек прынялі хрост. Выява святога Юрыя, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры.

Святы Юрый з’яўляецца нябесным заступнікам Англіі, Галандыі, Германіі, Літвы і Швецыі, Віленскай і Беластоцкай архідыяцэзій, а таксама Пінскай дыяцэзіі.

Касцёлы і парафіі ў гонар святога Юрыя ёсць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі.

У Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі гэта касцёл у Пяршаях (Валожынскі дэканат), у Гродзенскай — у Асаве (Радуньскі дэканат), Беліца (Лідскі дэканат), Варняны і Вялікія Свіранкі (Астравецкі дэканат), Новая Руда (дэканат Гродна-Усход), у Пінскай — Паланэчка (Навамышскі дэканат) і Сваяцічы (Ляхавіцкі дэканат), а ў Віцебскай дыяцэзіі ёсць парафія Святой Сям’і i Святога Юрыя Велікамучаніка ў вёсцы Барсукі (Докшыцкі дэканат).

Святы Юрый лічыцца апекуном вайскоўцаў і ўсіх прафесій, звязаных з абаронай і бяспекай, а таксама сялянаў і скаўтаў. Яго заступніцтва просяць падчас эпідэмій і пры хваробах скуры.

Абноўлена 23.04.2026 11:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.