Паважаная спадарыня Крыстына!
У дзень, калі Вы дзякуеце Богу за дар 70-годдзя жыцця, прыміце шчырыя і сардэчныя словы юбілейных зычэнняў.
Цяжка пераацаніць Ваш уклад у станаўленне беларускай каталіцкай справы. Будучы ўжо вядомай паэткай, пісьменніцай и перакладчыцай, Вы аддалі прыярытэт служэнню словам і талентам Касцёлу, да якога належыце ад моманту Вашага хросту. Ваша праца па перакладзе на беларускую мову вядомых каталіцкіх аўтараў набліжае чытачам духоўна ўзнёслы змест іх твораў, зносячы для чытачоў моўны бар’ер. А заснаваныя Вамі каталіцкія часопісы «Ave Maria» і «Наша вера» вось ужо больш за 30 год пад Вашым чуйным кіраўніцтвам з'яўляюцца магутным сродкам евангелізацыі праз роднае слова.
Вы таксама прычыніліся да станаўлення партала Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі catholic.by у першыя гады яго існавання, за што кіруем Вам словы нашай асаблівай удзячнасці.
Няхай добры Бог шчодра ўзнагародзіць Вас за Вашу штодзённую карпатлівую, часта незаўважальную, але вельмі плённую працу па напаўненні беларускай інфармацыйнай прасторы каталіцкім і хрысціянскім словам, благаслаўляе на далейшае служэнне Яму і Яго Касцёлу і няспынна дапамагае. А Маці Божая Белагрудская з Вашай малой радзімы няхай ахінае Вас сваёй матчынай апекай, выпрошвае патрэбныя ласкі, святло Духа Святога і дар новых творчых і духоўных дасягненняў.
З павагай і малітвай,
ксёндз Павел Эйсмант,
дырэктар catholic.by
разам з супрацоўнікамі







