Пошук

10.12.2024 10:01   Catholic.by

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, скіраваў віншаванне рэдакцыі, аўтарам і чытачам часопіса «Ave Maria» з нагоды 30-годдзя гэтага папулярнага каталіцкага выдання.

Шаноўная спадарыня рэдактар Крыстына Лялько,
рэдакцыйны калектыў, аўтары і чытачы часопіса «Ave Maria»!

Па благаслаўленні Папы Яна Паўла ІІ напрыканцы 1994 года выйшаў першы, тады яшчэ вельмі сціплы, нумар каталіцкага беларускамоўнага часопіса «Ave Maria» са змешчаным на вокладцы абяцаннем Маці Божай Фацімскай «Урэшце Маё Беззаганнае Сэрца затрыумфуе», а сёння мы адзначаем ужо 30-годдзе яго актыўнай дзейнасці.

Трэба падкрэсліць, што з самага пачатку на старонках часопіса асвятляліся не толькі асноўныя падзеі адраджэння Касцёла ў Беларусі, але вялася вельмі важная справа: евангелізацыя і катэхізацыя на роднай мове. Цяжка нават ахапіць той вялікі ўнёсак часопіса ў адраджэнне веры і хрысціянскіх каштоўнасцяў за гэтыя тры дзесяцігоддзі. Таму невыпадкова, што за гэтую важную і важкую дзейнасць Вы, шаноўная спадарыня Крыстына, Папам Бэнэдыктам XVI былі ўзнагароджаны медалём за заслугі Benemerenti.

Сапраўды, з самага пачатку існавання часопіс быў першапраходцам, друкуючы на беларускай мове дакументы Апостальскай Сталіцы, асвятляючы пытанні веры і каталіцкага вучэння, аб’яўленні Маці Божай, праблемы абароны жыцця, моладзі і сям’і, змяшчаючы шматлікія сведчанні навяртання, набажэнствы і малітвы. З гадамі часопіс стаў добрай амбонай для нашых святароў, якія сталі яго аўтарытэтнымі аўтарамі.

Безумоўна, сёння часопіс з’яўляецца прыгожай і змястоўнай візітоўкай каталіцкай прэсы ў Беларусі.

Хоць развіваецца яго дзейнасць у інтэрнэт-прасторы, друкаваная версія часопіса «Ave Maria» надалей карыстаецца папулярнасцю сярод вернікаў.

Крыстына Лялько прэзентуе Папу Яну Паўлу ІІ першыя нумары часопіса «Ave Maria». 1995 год. Фота з асабістага архіву К. Лялько

Гэтая гадавіна з’яўляецца таксама добрай нагодай для таго, каб заахвоціць вернікаў чытаць і распаўсюджваць каталіцкую прэсу ва ўсіх дыяцэзіях нашай краіны. Сімвалічна, што 30-годдзе часопіса супадае са 110-годдзем з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, які падкрэсліваў важную ролю часопіса «Ave Maria» у адраджэнні Касцёла на Беларусі; а таксама супадае з 35-й гадавінай біскупскага служэння арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, якога называюць «медыйным біскупам» за яго актыўнасць і асаблівую ўвагу да каталіцкіх сродкаў масавай інфармацыі.

Дзякуючы Пану Богу за 30 гадоў плённай дзейнасці часопіса «Ave Maria», скіраванай на паглыбленне веры, захаванне хрысціянскіх каштоўнасцяў, распаўсюджванне набажэнстваў да Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі, выказваю ўдзячнасць за шматгадовую руплівую і самаахвярную працу ўсяму рэдакцыйнаму калектыву, асабліва нязменнаму рэдактару часопіса на працягу ўсіх гэтых 30-і гадоў спадарыні Крыстыне Лялько, якая з вялікай адказнасцю і ахвярнасцю выконвае сваё пакліканне служыць Езусу і Марыі праз друкаванае слова, узбагачаючы родную мову каталіцкай лексікай; дзякую ўсім аўтарам, чытачам і тым, хто распаўсюджвае гэты змястоўны і актуальны часопіс.

Няхай Пан Бог у Тройцы Адзіны адорвае ўсіх вас шчодрымі ласкамі, каб сваім служэннем вы будавалі Божае Валадарства ў сэрцах і розумах людзей, а Маці Божая Фацімская няхай сваёю апекаю атуляе вас і вядзе бяспечнымі шляхамі да Яе Сына, нашага Валадара і Збаўцы. Няхай Яна дапаможа вам пераадолець усе цяжкасці і перашкоды, каб і надалей, дзякуючы цікавым і глыбокім публікацыям, часопіс быў своеасаблівым духоўным шляхам, школай малітвы, нёс надзею і Хрыстовы спакой, развіваў веру і абуджаў любоў.

На новы плённы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла ад шчырага сэрца благаслаўляю
ў імя Айца і Сына, і Духа Святога.

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Мінск, 10 снежня 2024 г., ва ўспамін Маці Божай Ларэтанскай

Абноўлена 10.12.2024 10:02
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.