Пошук

30.03.2026 11:55   Catholic.by

30 сакавіка свой 70-гадовы юбілей адзначае спадарыня Крыстына Лялько — пісьменніца, паэтка, перакладчыца, заснавальніца і галоўны рэдактар флагманаў беларускай каталіцкай перыёдыкі часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера», дама папскага медаля «Benemerenti» («Асабліва заслужаным»). З гэтай нагоды арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня ККББ, кіруе паважанай юбілярцы віншаванні і сардэчныя пажаданні.

Паважаная спадарыня Крыстына!

Сёння, у гэты вясновы панядзелак, які распачынае Вялікі тыдзень, ад усяго сэрца хачу павіншаваць Вас ад уласнага імя і ад імя вернікаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з Вашым юбілеем і з падзякай выказаць вам самыя шчырыя пажаданні. Як Вы самі адзначылі ў прадмове да сваёй кнігі паэзіі «Адвячорак»: «Душа не мае ўзросту», а таму казаць пра пражытыя Вамі гады варта не столькі ў кантэксце лічбаў, колькі ў вартасці зробленага. Прыйшоўшы ў гэты свет у Вялікую пятніцу 1956 года на дарагой вашаму сэрцу Лідчыне, Вы больш за палову свайго жыцця прысвяцілі самааадданаму служэнню Богу і Касцёлу ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі праз евангелізацыю друкаваным словам.

Ужо з маленства, маючы любоў да слова і літаратурны талент, Вы актыўна развіваліся ў творчым плане. Яшчэ падчас вучобы на філалагічным факультэце Вы апублікавалі свае першыя вершы ў вядомых часопісах «Полымя» і «Літаратура і мастацтва», якія атрымалі высокую ацэнку прызнаных майстроў слова. Пасля Вы выдалі кнігі прозы «Дарога пад гару», «Світанак над бярозамі» і кнігу паэзіі «На далонях любові», былі запрошаныя на прэстыжную працу ў вядомыя выданні.

Аднак у час, калі Касцёл меў найбольшую патрэбу ў друкаваным слове на роднай мове, Вы ахвярна адмовіліся ад здабывання творчых лаўраў і будавання кар’еры і прысвяцілі свой талент і здольнасці на хвалу Божую.

Дзякуючы Вашай адоранасці і руплівасці беларускія вернікі пазнаёміліся з духоўнай і паэтычнай спадчынай святога Яна Паўла ІІ: кнігамі «Пераступіць парог надзеі», «Дар і Таямніца», «Устаньце, хадзем!», «Памяць і самасвядомасць», энцыклікамі Fides et ratio, Ecclesia de Eucharistia, Апостальскім лістом Rosarium Virginis Mariae і інш.

Менавіта гэты Вялікі Папа ў далёкім 1994 годзе, калі ў Беларусі толькі пачыналася рэлігійнае абуджэнне, благаславіў Вас на выдавецкую дзейнасць, а ўжо праз год пабачыў на свае вочы ў Вашых руках першыя нумары часопіса «Ave Maria», значэнне якога для адраджэння духоўнасці ў Беларусі складана пераацаніць. Неўзабаве ў 1995 годзе Вашымі намаганнямі з’явіўся і часопіс «Наша вера», які ўзбагаціў і працягвае ўзбагачаць беларускую культурную прастору каштоўнымі публікацыямі на духоўныя, культуралагічныя, філасофскія, гістарычныя тэмы.

У Юбілейны год Божай Міласэрнасці Вы далі нам магчымасць чытаць на роднай мове «Дзённік» святой Фаўстыны Кавальскай — бестселер містычнай літаратуры. Акрамя гэтага, дзякуючы Вам па-беларуску загучала шмат твораў кс. Яна Твардоўскага, кс. Яна Соханя, кс. Ежы Шыміка, кс. Януша Каберскага, кс. Вацлава Бурылы і іншых духоўных і свецкіх асобаў.

Выконваючы няпростыя абавязкі галоўнага рэдактара каталіцкіх часопісаў, на працягу дзесяці гадоў Вы ўдзельнічалі ў працы Літургічнай камісіі, паспявалі дзяліцца сведчаннем сваёй веры на беларускім радыё, доўгі час узначальвалі журы на Міжнародным каталіцкім фестывалі хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм «Magnificat», не кажучы пра шматлікія сустрэчы з прадстаўнікамі творчай інтэлігенцыі, многія з якіх прыйшлі да веры.

Нямала Вы рупіліся і ў справе вяртання мінскай архікатэдры, збіраючы подпісы прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, арганізоўваючы круглыя сталы на тэлебачанні.

І калі пасля доўгіх год прафанацыі Маці касцёлаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі зноў стала Божым домам, Вы з сапраўднай хрысціянскай радасцю прысвяцілі гэтай падзеі шчымлівы верш «Нарэшце…»

«Бог узнагароджвае нас не за поспех у справах, а за шчырую волю і прыкладзеныя намаганні» (Дз. 952), — напісала святая Фаўстына. Сапраўды, за гэты час адраджэння Касцёла Вамі былі прыкладзеныя вялікія намаганні. Зроблена нямала ва ўсіх сэнсах — у творчым, прафесійным, чалавечым. 

Значны ўклад Вы ўнеслі ў скарбонку лексікі беларускай мовы, якая за гады існавання каталіцкай прэсы і стварэння перакладаў духоўнай літаратуры ўзбагацілася новымі словамі і паняццямі.

«Вера — гэта змаганне за веру…» Цытуючы радкі аднаго з вашых улюбёных паэтаў ксяндза Яна Твардоўскага, можна ўпэўнена сцвердзіць, што сваёй шматграннай дзейнасцю па адраджэнні і ўмацаванні веры ў Беларусі — нягледзячы на розныя абставіны і перашкоды  вы даяце пераканаўчы прыклад чалавека вернага Хрысту і адданага Маці Божай.

Шаноўная спадарыня Крыстына!

Няхай Усемагутны Бог адорвае вас шматлікімі ласкамі на доўгія гады ў добрым здароўі, каб сваім служэннем і надалей вы пашыралі Божае Валадарства ў сэрцах і розумах людзей, а Маці Божая Фацімская, дзеля ўшанавання якой вы штодня нястомна шчыруеце, няхай сваёю апекаю атуляе вас і вядзе бяспечнымі шляхамі да Яе Сына, нашага Валадара і Збаўцы. Няхай Божая дапамога няспынна спадарожнічае вам у рэдактарскай працы і ва ўсіх творчых задумах.

На новы плённы этап служэння дзеля Хрыста і Яго святога Касцёла шчырым сэрцам благаслаўляю
у імя Айца і Сына, і Духа Святога.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 30.03.2026 15:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.