
Суботні дзень, прысвечаны ўспаміну Божай Маці, Апякункі вернікаў і ўсіх хрысціян, стаў у нейкім сэнсе ўнікальным для Каталіцкага Касцёла на Беларусі. 24 мая ў парафіі Святой Тройцы ў Глыбокім (Віцебская дыяцэзія) адбылося пасвячэнне ў дыяканы чатырох кандыдатаў: семінарыстаў рыма-католікаў Антона Тышко і Андрэя Януля, а таксама семінарыстаў візантыйскага абраду Арцёма Калугіна і Валерыя Гаўрута.
Гэта вялікая радасць і для Глыбоцкай парафіі, бо семінарысты Антон і Арцём з’яўляюцца яе землякамі, і для Віцебскай дыяцэзіі, дзе за доўгі час дыяканскія пасвячэнні адбываюцца ўпершыню, і для Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі.
Напачатку Імшы да прысутных звярнуўся ардынарый Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч. Іерарх прывітаў апостальскага адміністратара для грэка-католікаў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, саветніка нунцыятуры ў Грузіі і Арменіі мансеньёра Аляксандра Рагіню, рэктара Вышэйшай Духоўнай семінарыі ў Гродне ксяндза каноніка Віталія Вайцяхоўскага, усіх святароў і кансэкраваных асоб, вернікаў, якія ў гэты дзень прыбылі, каб ахінаць малітвай будучых дыяканаў.

Пасля Літургіі слова пробашч парафіі ксёндз канонік Мікалай Ціхановіч звярнуўся да біскупа з просьбай удзяліць пасвячэнне дыяканату і засведчыў, што кандыдаты падрыхтаваныя і гатовыя прыняць пасвячэнне.
Падчас гаміліі біскуп Алег падкрэсліў радасны момант: у наш час, калі Касцёл перажывае крызіс пакліканняў, адбудзецца пасвячэнне ажно чатырох кандыдатаў. Дыяканы пачнуць выконваць шматлікія функцыі і стануць запатрабаванымі ў тых парафіях, дзе будуць служыць.
«Сёння ў нашых сэрцах вялікае пытанне і прагненне: "Што трэба зрабіць, каб кандыдаты вытрывалі ў пакліканні?" Бог абірае сабе неідэальных і недасканалых слуг, а людская натура вельмі слабая. Але праз служэнне Пану і выпрабаванні, якія праходзім разам з Ім, мы ўмацоўваемся ў веры, і ўмацоўваем веру людзей, якім служым. Хай жа Езус Хрыстус будзе вашым прыкладам і Вашай падтрымкай».
Наступнай часткай літургіі былі абяцанні, якія кандыдаты склалі на рукі біскупа.

Кранальным момантам стала малітва Літаніяй да ўсіх Святых, падчас якой семінарыcты ляжалі крыжам перад алтаром, а вернікі звярталіся з малітвай да супольнасці Нябесных Заступнікаў.
Затым адбылося ўскладанне рук, пасля чаго дыяканы, апрануўшы стулу і дальматыку, атрымалі Евангелле з рук біскупа і знак супакою.
На заканчэнне ўрачыстасці словы ўдзячнасці да прысутных святароў, бацькоў і вернікаў скіравалі новапасвечаныя дыяканы.

Пасля ўрачыстага бласлаўлення хор «Аve Maria» выканаў традыцыйны спеў «Езус ішоў узбярэжжам», які падхапіў кожны прысутны ў святыні.