Пошук

16.08.2024 14:23   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Апоўдні 16 жніўня біскуп Віцебскі Алег Буткевіч сустрэў удзельнікаў пешай пілігрымкі, якая кіруецца з Глыбокага ў Браслаў на сёлетні фэст Маці Божай Валадаркі азёраў, які адбываецца ў 25-ю гадавіну з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі.

Сустрэча адбылася каля касцёла Узвышэння Святога Крыжа ў Ахрэмаўцах, дзе пілігрымы спыніліся на абед.

Яны ў дарозе ўжо трэці дзень, за плячыма — больш за 70 пераадоленых кіламетраў, наперадзе — яшчэ каля дзесяці.

На шляху іх суправаджае малітва, спевы, сведчанні, а таксама нумары мастацкай самадзейнасці ў выглядзе чытання вершаў.

Пад кіраўніцтвам пробашча глыбоцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы ксяндза каноніка Мікалая Ціхановіча з Глыбокага ў Браслаў сёлета ідуць 90 пілігрымаў.

Наймалодшай удзельніцы Мар’яне ўсяго тры гадкі.

У дарозе мама вязе яе ў дзіцячым вазочку і кажа, што для дзяўчынкі гэта ўжо чацвёртая пілігрмка, бо першую яна «прайшла» ў жывоціку ў матулі.

Наогул пілігрымка вельмі «маладая», у ёй ідзе шмат моладзі і дзяцей школьнкага ўзросту.

Дзве дзяўчынкі з гонарам прызнаюцца, што ўсю дарогу ішлі пешкі і ані разу не пад’ехалі на машыне суправаджэння: гэта быў для іх своеасаблівы «квэст».

У пілігрымцы ідуць таксама некалькі семінарыстаў з міждыяцэзіяльнай семінарыі ў Гродне.

Біскуп Буткевіч сустрэў пілігрымаў пры ўваходзе ў касцёл, прывітаў іх і акрапіў асвячонаю вадою, пасля чаго ўсе разам памаліліся ў святыні.

Мясцовыя жыхары прыгатавалі для пілігрымаў смачны абед, на заканчэнне якога іерарх пачаставаў усіх марозівам.

Халодны дэсерт быў вельмі дарэчы ў спякотны поўдзень.

 

Абноўлена 16.08.2024 14:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа