Урачыстай святой Імшой на алтары-караблі ў Браславе завяршыўся фэст у гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, які праходзіў 16 і 17 жніўня пад дэвізам: «Праз стагоддзі пад Тваёй апекай, Марыя».
Адметнасцю сёлетніх урачыстасцяў стала тое, што яны адбываліся ў год святкавання срэбранага юбілею з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі і яшчэ некалькіх значных юбілеяў і гадавін: 600-годдзя з часу заснавання парафіі ў Браславе, 200-годдзя з часу пабудовы тут мураванага касцёла (папярэднія былі драўлянымі), 25-годдзя з часу ўстанаўлення санктуарыя Маці Божай Браслаўскай і 15-годдзя з часу каранацыі цудадзейнага абраза Валадаркі азёраў папскімі каронамі.
Перад тым, як распачаць цэлебрацыю, да сабраных звярнуўся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
«Разам з Марыяй, нашай Маці і Валадаркай, мы хочам праславіць нашага Бога тут, у гэтым цудоўным месцы, дзякуючы Яму за 25 гадоў існавання нашай Віцебскай дыяцэзіі. Час, які мы перажылі пад апекай нашай нябеснай Маці, так, як і нашыя продкі праз стагоддзі на гэтай зямлі. 25 гадоў — гэта быў час аднаўлення веры і вельмі інтэнсіўнай адбудовы ўмоваў для здзяйснення Божага культу, стварэння парафіяльных супольнасцяў і абуджэння жыцця ў іх. Час, калі мы вучыліся быць самастойным Касцёлам, усведамляючы сваю прыналежнасць да яго і беручы на сябе за яго адказнаць», — падкрэсліў малады пастыр маладой дыяцэзіі.
«Сёння мы ахопліваем малітвай усіх, хто стаяў у пачатку стварэння Віцебскай дыяцэззі, якая была ўтворана 13 кастрычніка 1999 года сёння ўжо святым Папам Янам Паўлам ІІ <…>: яе першага біскупа Уладзіслава Бліна <…>, святароў, братоў і сясцёр законных, вернікаў, якія сваёй ахвярнай працай і малітвай будавалі Касцёл на Віцебшчыне, да якога мы з вамі сёння належым. Нашай малітвай ахопліваем усіх ахвярадаўцаў і дабрадзеяў, без падтрымкі якіх не было б магчымым здзейсніць усё тое, што сёння маем», — сказаў біскуп Буткевіч.
Ён прывітаў прысутных на ўрачыстасці іерархаў Касцёла на Беларусі: Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя, Генеральных вікарыяў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага і біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, духоўных і кансэкраваных асобаў, прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу і дзяржаўнай улады, усіх мясцовых вернікаў і пілігрымаў.
Перад распачаццем святой Імшы біскуп Буткевіч падзяліўся з удзельнікамі ўрачыстасці радаснай весткай.
«На знак прызнання заслугаў вернікаў і духавенства Віцебскай дыяцэзіі, як і шматлікіх пакаленняў веруючых гэтай зямлі ў 600-ю гадавіну заснавання браслаўскай парафіі, 200-ю гадавіну пабудовы першага мураванага касцёла, 15-ю гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Браслаўскай папскімі каронамі, дэкрэтам Апостальскай Сталіцы ад 23 мая 2023 года санктуарыю Маці Божай Браслаўскай быў нададзены тытул малой базылікі. Гэты важны тытул падкрэслівае асаблівыя адносіны супольнасці мясцовага Касцёла з асобай і вучэннем Святога Айца.
У нашай віцебскай дыяцэзіі базыліка Нараджэння Маці Божай — першая і адзіная малая базыліка.
Наданне гэтага тытула браслаўскаму касцёлу, у чым я глыбока перакананы, не толькі падкрэсліць значэнне гэтай шанаванай святыні, такой важнай у гісторыі Касцёла Віцебскай дыяцэзіі, але стане важным цэнтрам малітвы таксама і ва ўсіх інтэнцыях Святога Айца Папы Францішка, месцам паглыблення веры і жыцця, згоднага з вучэннем Касцёла», — падкрэсліў біскуп Буткевіч.
Дакумент ватыканскай Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў зачытаў на лацінскай мове сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Монсіньёр Кшыштаф Сэрока, пасля чаго ксёндз канонік Аляксей Ляшко з Віцебска прачытаў яго пераклад на беларускую мову.
Пасля гэтага біскуп Буткевіч запрасіў арцыбіскупа Станеўскага ўзначаліць урачыстую цэлебрацыю святой Імшы.
На яе пачатку арцыпастыр яшчэ раз узгадаў тыя важныя падзеі, на якія звярнуў увагу пастыр Віцебскай дыяцэзіі.
«Сёння мы маем, за што дзякаваць, але таксама маем, і за што перапрашаць <…>
Я малюся за цябе, Віцебская дыяцэзія; за ўсіх — не толькі католікаў, але за ўсіх жыхароў, каб была паміж намі любоў, згода, еднасць, падтрымка», — сказаў арцыбіскуп Станеўскі ва ўступе да Эўхарыстыі.
Гамілію падчас Імшы прамовіў біскуп Уладзімір Гуляй. «Як і кожны год, у сярэдзіне жніўня мы пілігрымуем сюды, у санктуарый Маці Божай Валадаркі азёраў. Мы прыходзім як пілігрымы, каб аддаць хвалу Богу праз Марыю. Ідзем да гэтага славутага ласкамі абраза, які вякамі карыстаецца асаблівай пашанай вернікаў, каб у Яе, Маці Божай, спазнаць Божую міласэрнасць і суцяшэнне, каб, у сваю чаргу, і мы самі маглі суцяшаць тых, хто знаходзіцца пад якімсьці прыгнётам, менавіта тым суцяшэннем, якое атрымліваем ад Бога», — адзначыў іерарх. Ён дадаў, што Маці Божая Браслаўская прысутнічае сярод народа гэтай зямлі вякамі, на працягу жыцця многіх пакаленняў.
«Яна ўшаноўваецца ў гэтым святым месцы шмат стагоддзяў і ў сваёй цудадзейнай выяве ўводзіць кожнага і кожную з нас у таямніцу Хрыста і Касцёла. Яе Браслаўскі абраз належыць да абразоў Маці Божай, якая прадстаўляецца менавіта як дарога, што вядзе да Хрыста і ўказвае на яго», — падкрэсліў біскуп Гуляй, заўважыўшы, што гісторыя Браслаўскага абраза Маці Божай — гэта «доўгая гісторыя людзей розных стагоддзяў і пакаленняў, жыхароў гэтай зямлі, якаія менавіта тут, менавіта перад Марыяй вучыліся давяраць Богу і знаходзіць сілу, якую дае Бог, каб зносіць пакуты і цяжкасці жыцця, чэрпаць надзею і моц для хрысціянскаага жыцця і сведчання, якое яны давалі сваім жыццём Хрысту».
Далей, грунтуючыся на Святым Пісанні і прыватных аб’яўленнях Маці Божай, біскуп каад’ютар развіў думку пра тое, што марыйнасць — гэта тоеснасць хрысціяніна: настолькі важную ролю Бог вызначыў Ёй у гісторыі збаўлення.
«Езус нас просіць, каб мы любілі Марыю, каб мы туліліся да Яе, каб мы Ёй давяралі і дазвалялі Ёй суцяшаць нас. <…> Слухаючы Езуса і трымаючыся Марыі, мы не толькі зможам мець надзею, але і сёння будзем пілігрымамі надзеі. А надзея, як адзначыў Папа Францішак у сваёй юбілейнай буле, знаходзіць сваё найбольш узнёслае сведчанне ў Маці Божай», — сказаў іерарх. Гамілію біскуп Уладзімір Гуляй завяршыў кароткай малітвай:
«У Твае рукі, Марыя, Маці Божая Браслаўская, Валадарка азёраў, мы аддаем наша мінулае, нашае сёння і будучыню, усё нашае асабістае і грамадскае жыццё. У Твае Матчыныя рукі аддаем наш Каталіцкі Касцёл у Беларусі, увесь паўсюдны Касцёл і ўсё, што мы любім у Богу. Прымі нашую пакорную малітву і прытулі нас да свайго Матчынага Сэрца!»
Напрыканцы святой Імшы, пасля праспяванага гімна Te Deum — «Цябе, Бога, праслаўляем» — біскуп Алег Буткевіч перад копіяй абраза Валадаркі азёраў прачытаў малітоўны акт аддання пад апеку Маці Божай.
Да прысутных прамовілі прадстаўнікі дзяржаўнай ўлады.
Галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, па справах моладзі, рэлігій і нацыянальнасцяў Віцебскага аблвыканкама Іван Здзесеў зачытаў віншавальны адрас ад старшыні аблвыканкама Аляксандра Субоціна, а намесніца старшыні Браслаўскага райвыканкама Вольга Вялічка выказала віншаванне са святам ад імя райвыканкама і раённага савета дэпутатаў.
Урачыстую літургію на алтары-караблі аздобіў велічны спеў у выкананні зводнага хору ўдзельнікаў сёлетняй школы касцёльнага спеву, якая ўжо ў сёмы раз праходзіла ў Браславе пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай акадэміі музыкі, старшыні секцыі касцёльнай музыкі ў складзе Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, галоўнага арганіста архікатэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску маэстра Уладзімра Неўдаха.