Пошук

03.12.2024 14:19   Паводле: Waladarka.by / Фота: Waladarka.by / Catholic.by

3 снежня адзначаецца Міжнародны дзень людзей з інваліднасцю, а напрыканцы лістапада ў Браславе (Віцебская дыяцэзія) адбылася адмысловая сустрэча для людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Як паведамляецца на сайце санктуарыя Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў Waladarka.by, кляштар сясцёр Эўхарыстак у Браславе гасцінна адчыніў свае дзверы для інвалідаў аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі.

Сустрэча распачалася святой Імшой у капліцы кляштара. Эўхарыстыя цэлебравалася ў інтэнцыі ўсіх людзей з асаблівасцямі Браслаўскага раёна, а таксама супрацоўнікаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

Традыцыйна апоўдні ў Каталіцкім Касцёле прамаўляецца малітва «Анёл Панскі», і ўдзельнікі сустрэчы таксама ахвяравалі малітву за блізкіх памерлых.

Потым адбылася канферэнцыя з абмеркаваннем прагледжанага кароткаметражнага фільма «Цырк батэрфляй». Прысутныя шчыра дзяліліся ўражаннямі, падкрэсліўшы галоўную думку: трэба бачыць прыгожае, верыць у сябе і ніколі не здавацца.

Усе былі згодныя з тым, што абмежаваныя магчымасці — гэта толькі штуршок у будучыню, а якой яна будзе — залежыць ад кожнага асабіста.

Пасля канферэнцыі адбылася ўсім вядомая гульня «Поле цудаў», у якой кожны ўдзельнік змог раскрыць розныя якасці характару, а сяброўская атмасфера дапамагла аб’яднацца. На заканчэнне сустрэчы гасцей чакаў смачны абед.

Удзельнікі сустрэчы выказалі шчырую падзяку робашчу браслаўскай парафіі ксяндзу Станіславу Мжыглуду SDS і сёстрам эўхарысткам, якія нясуць служэнне пры санктуарыі, за прысвечаны час, сумесную малітву і клопат.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.