Пошук

25.08.2025 09:28   Тэкст: Вікторыя Філіпенка / Фота: Аляксандра Шчыглінская, Ірына Гайдамовіч / waladarka.by / catholicnews.by / Catholic.by

«Пілігрымы надзеі» дэвіз святога юбілейнага 2025 года. Гэты дэвіз быў адлюстраваны і ў тэме сёлетніх урачыстасцяў у Браславе — «З Марыяй да Бога —  шлях надзеі».

На ўрачыстасці ў санктуарый Віцебскай дыяцэзіі 22 і 23 жніўня сабраліся вернікі з усіх куткоў Беларусі. Кранальным момантам пачатку свята стала прывітанне пілігрымаў, калі пастыр дыяцэзіі, Віцэ-старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі біскуп Алег Буткевіч разам з кусташам санктуарыя айцом Станіславам Мжыглудам SDS сустракалі пешыя і роварныя пілігрымкі на прыступках храма.

У гэтым годзе пешых пілігрымак было дзве: з Глыбокага і Удзела. Таксама на роварах да Браслава пераадолелі шлях вернікі з Мёраў і Гудагая.

Духоўную праграму ўрачыстасцяў распачаў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, які прамовіў канферэнцыю на тэму «Марыя — надзея Касцёла».

У 19.00 распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, адказны за душпастырства моладзі пры ККББ. Ужо традыцыйна на гэтай Эўхарыстыі быў удзелены сакрамэнт канфірмацыі маладым кандыдатам з парафій Віцебскай дыяцэзіі.

Потым прысутныя вернікі разам з прадстаўнікамі Грэка-каталіцкай Царквы спявалі Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы, а таксама ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху.

Бліжэй да поўначы біскупы, святары, духоўныя асобы і вернікі з запаленымі свечкамі ішлі вуліцамі Браслава, молячыся святы ружанец і давяраючы Пану Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі ўсе свае падзякі і просьбы. Пасля працэсіі распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня ККББ.

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала Імша 23 жніўня, якую ўзначаліў асаблівы доўгачаканы госць: Апостальскі нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.

Напачатку Эўхарыстыі пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч асаблівым чынам прывітаў арцыбіскупа Іньяцыя Чэффаліа, а таксама  прысутных арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Уладзіміра Гуляя, біскупа Пінскага Антонiя Дзям’янку, біскупа эмэрыта Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, дапаможнага бiскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноску, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў.

Іерарх заўважыў, што кожнае дзіця на руках сваёй маці адчувае сябе бяспечна і спакойна. Гэтага спакою біскуп пажадаў  кожнаму, хто сёння прыбыў да Марыі Нябеснай Маці кожнага чалавека.

Падчас гаміліі арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа зазначыў, што з вялікай радасцю прыбывае ў Браслаў, падзякаваў за запрашэнне біскупу Алегу і перадаў вернікам прывітанне і пастырскае благаслаўленне ад Святога Айца Льва ХІV.

Апостальскі нунцый нагадаў гісторыю Браслаўскага санктуарыя, абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў і заўважыў, што гэта не проста месца тутэйшай пабожнасці, але жывое сведчанне трывалай веры. І менавіта гэты досвед веры, які так непахісна перажываў гэты народ, надае паўнату значэння слову, абвешчанаму сёння.

Звяртаючыся да асобы Маці Божай, іерарх згадаў, што «Марыя была не назіральніцай здалёк, а жанчынай дзеяння і адкрытага сэрца. Яна пайшла да сваёй сваячкі Альжбеты, несучы ва ўлонні саму надзею; Яна падтрымлівала апосталаў верай і мужнасцю ў хвіліны іх хістанняў; і з бясконцай любоўю Яна цвёрда стаяла пад крыжам. У Ёй — адлюстраванне найглыбейшай духоўнасці: любоў, якая аддае сябе без рэшты, пакора, якая ператвараецца ў шчодрае служэнне, і гасціннасць, якая прымае і абдымае ўсіх як узлюбленых дзяцей Божых».

«Мы тут для таго, каб дазволіць прыкладу Марыі закрануць нас, каб узняцца і адважна прыняць сваё пакліканне быць вучнямі і місіянерамі. Не як пасіўныя гледачы ці спажыўцы святых рэчаў, а як мужчыны і жанчыны, якія з адкрытымі сэрцамі дазваляюць ласцы перамяніць сябе і прысвячаюць сябе перамяненню свету з яе дапамогай».

Напрыканцы Імшы прысутныя спявалі ўрачысты гімн Te Deum, пасля чаго адбылося прысвячэнне Віцебскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Панне Марыі.

Абноўлена 25.08.2025 18:40
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.