Пошук

06.11.2026 19:52   Тэкст: Уладзіслаў Валаховіч / catholicnews.by / Catholic.by
Фота: Уладзіслаў Валаховіч і catholicnews.by

Напрыканцы кастрычніка ў Удзеле і Глыбокім прайшоў малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і, які аб’яднаў вернікаў розных канфесій у пакаяннай пілігрымцы і на супольнай малітве. На сустрэчы выступілі біскуп Атаназій Шнайдэр з Казахстана і айцец Міхаіл Цвячкоўскі MIC. У цэлебрацыі святой Імшы ўдзельнічаў і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

З 30 кастрычніка па 1 лістапада ва Удзеле і Глыбокім (Віцебская дыяцэзія, Глыбоцкі дэканат) праходзіў VI малітоўны кангрэс у абарону жыцця і сям’і. У ім узялі ўдзел каля 90 чалавек, якія аб’ядналіся ў малітве, разважаннях і пакаянні за грахі супраць жыцця і сям’і. Цэнтральнымі падзеямі сустрэчы сталі выступленні біскупа Атаназія Шнайдэра з Казахстана і айца Міхаіла Цвячкоўскага MIC, а таксама пакаянная пілігрымка з 52 белымі крыжамі і супольная малітва перапрашэння за грахі беларускага народа.

Галоўнай думкай сустрэчы стаў выраз «Апошняя бітва Бога і д’ябла будзе за сям’ю». Менавіта гэтыя словы асабліва падкрэсліў у сваім выступленні айцец Міхаіл Цвячкоўскі MIC, які з гэтага года таксама з’яўляецца экзарцыстам Віцебскай дыяцэзіі. 

Святар нагадаў, што Бог — гэта Бог жыцця, які любіць кожнага чалавека яшчэ да яго нараджэння. Разважаючы пра аборты, ён прапанаваў прысутным уявіць сябе на месцы Бога — Таго, хто дае жыццё і з любоўю чакае нараджэння кожнага дзіцяці.

«Бог дае жыццё з любові. І вось уявіце сябе на месцы Бога: вы даяце жыццё, радуецеся, што на працягу дзевяці месяцаў ва ўлонні маці развіваецца дзіця. А потым бацькі не гатовыя прыняць гэтае жыццё. Як вы сябе адчувалі б на месцы Творцы?»

 — звярнуўся да ўдзельнікаў айцец Міхаіл. Па словах святара, паводле сведчанняў розных містыкаў, прычыны страшных войнаў апошняга стагоддзя звязаныя таксама з разбурэннем святасці сям’і і забойствам мільёнаў дзяцей праз аборты. Менавіта таму Маці Божая заклікае маліцца ў абарону жыцця.

У гэтым кантэксце айцец Міхаіл распавёў гісторыю, звязаную са стварэннем Папскага інстытута па вывучэнні сужэнства і сям’і. У 1981 годзе пасля Сінода аб сям’і святы Ян Павел II заснаваў гэты Інстытут, першым прэзідэнтам якога прызначыў Карла Кафару — вядомага тэолага-мараліста і спецыяліста па біяэтыцы, які пазней стаў кардыналам.

Кафара напісаў кароткі ліст сястры Луцыі, адной з трох фацімскіх візіянеркаў, з просьбай маліцца за новую ўстанову. Нечакана замест кароткага адказу ён атрымаў ад сястры рукапісны ліст на чатырох старонках, у якім яна падкрэсліла, што апошняя бітва паміж Валадарствам Божым і д’яблам будзе тычыцца сужэнства і сям’і. Тыя, хто будзе абараняць гэтыя каштоўнасці, павінны будуць прайсці праз выпрабаванні і ганенні.

Аднак баяцца не трэба, бо Маці Божая ўжо струшчыла галаву д’яблу.

Гэтая гісторыя стала для святара яшчэ адным пацвярджэннем таго, наколькі малітва ў абарону жыцця і сям’і важная менавіта сёння .

Дзеці, забітыя абортамі, — мучанікі крыві

Асаблівае месца ў праграме кангрэса займалі выступленні біскупа Атаназія Шнайдэра з Казахстана, вядомага абаронцы традыцыйнага вучэння Каталіцкага Касцёла пра сям’ю.

У сваіх дакладах іерарх падкрэсліваў, што сям’я — гэта «Касцёл у мініяцюры», школа веры і любові, дзе дзеці вучацца пазнаваць Бога і рыхтуюцца стаць будучымі грамадзянамі Неба.

Біскуп Атаназій Шнайдэр перакананы, што дзеці, забітыя праз аборты, — гэта мучанікі крыві, нявінна забітыя сваімі бацькамі. Таму ва ўрачыстасць Усіх Святых яны заступаюцца за нас.

Адказам на гэтую трагедыю, паводле іерарха, павінна стаць глыбокае пакаянне за грахі супраць жыцця і сям’і. Пры гэтым гаворка ідзе не толькі пра аборты, але таксама пра кантрацэпцыю, экстракарпаральнае апладненне, распусту і разводы.

«У праўдзе не павінна быць ніякага кампрамісу»,

— падкрэсліваў біскуп Атаназій Шнайдэр, заклікаючы вернікаў захоўваць вернасць вучэнню Касцёла. З нагоды гэтых словаў, 30 кастрычніка падчас святой Імшы біскуп таксама нагадаў пра бласлаўлёнага Аляксея Зарыцкага — святара-мучаніка, якога ў гэты дзень успамінаюць у Казахстане. Яго жыццё стала прыкладам вернасці Хрысту і нязгоды ісці на кампраміс з праўдай Евангелля нават перад пагрозай смерці.

У межах кангрэса адбылася таксама прэзентацыя кнігі біскупа Атаназія Шнайдэра «Credo» — кампендыума каталіцкай веры.

52 белыя крыжы — знак пакаяння за жыццё

Жалю за грахі супраць жыцця і сям’і была прысвечана пакаянная пілігрымка з Сялібы Беззаганнай ва Удзеле ў Глыбокае, якая адбылася на другі дзень кангрэса — у суботу 31 кастрычніка. Амаль 90 пілігрымаў пераадолелі каля 14 кіламетраў, несучы 52 белыя крыжы — менавіта столькі  абортаў, паводле прыведзенай арганізатарамі лічбы, штодня адбываюцца ў Беларусі.

Гэтыя крыжы сталі бачным знакам болю за нявінна загубленыя дзіцячыя жыцці і жадання прынесці пакаянне за грахі супраць Божага дару жыцця.

Па прыбыцці пілігрымаў у Глыбокае іх прывітаў пробашч парафіі Святой Тройцы ксёндз Мікалай Ціхановіч, экзарцыст Віцебскай дыяцэзіі. Ён выступіў з канферэнцыяй пра экспіяцыю — пакаянне і перапрашэнне за гістарычныя грахі мінулага.

У парафіі Святой Тройцы адбылася святая Імша, якую цэлебравалі біскупы Алег Буткевіч і Атаназій Шнайдэр. У ёй разам з пілігрымамі ўдзельнічалі таксама мясцовыя парафіяне.

У сваёй гаміліі біскуп Алег Буткевіч звярнуў увагу на значэнне супольнага пакаяння і малітвы за ўвесь народ.

«Будзем спадзявацца, што Бог прыняў нашае пакаянне як малітву тых дзесяці праведнікаў, якіх было б дастаткова для таго, каб Садом быў памілаваны»,

— сказаў іерарх. Гэтыя словы сталі своеасаблівым падсумаваннем пакаяннай пілігрымкі і супольнай малітвы: нават невялікая колькасць людзей, якія шчыра звяртаюцца да Бога, можа стаць пачаткам духоўнага аднаўлення.

Пасля Эўхарыстыі была прачытана асаблівая малітва перапрашэння за грахі беларускага народа супраць жыцця і сям’і, а таксама за грахі магіі і акультызму.

Малітва за жыццё працягваецца

Кангрэс завяршыўся 1 лістапада сустрэчай беларускіх каталіцкіх шматдзетных сем’яў. Удзельнікі разважалі пра малітву ў сужэнстве, выхаванне дзяцей у адкрытасці на жыццё, прыняцце асаблівых дзяцей і захаванне сям’і перад сучаснымі выклікамі.

Такім чынам, два дні малітоўнага кангрэса ва Удзеле і Глыбокім сталі часам не толькі разважанняў пра каштоўнасць чалавечага жыцця, але і канкрэтнага сведчання веры праз малітву, пакаянне і гатоўнасць абараняць сям’ю.

Абноўлена 06.11.2026 23:59
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.