17 жніўня падчас цэнтральнай святой Імшы фэсту ў гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёраў, які адбываецца ў Браславе ў год 25-гадовага юбілею Віцебскай дыяцэзіі, было абвешчана аб наданні Браслаўскаму санктуарыю тытула малой базылікі.
Адпаведны дакумент ватыканскай Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў зачытаў на лацінскай мове сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Мінску Монсіньёр Кшыштаф Сэрока, пасля чаго ксёндз канонік Аляксей Ляшко з Віцебска прачытаў яго пераклад на беларускую мову, які падаецца ніжэй.
Па просьбе Найдастойнейшага Алега Буткевіча, Біскупа Віцебскага, прадстауленай у лісце ад 22 лістапада 2023 года з хадайніцтвамі і пажаданнямі духавенства і вернікау, Дыкастэрыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў на моцы асаблівых паўнамоцтваў, дадзеных ёй Найвышэйшым Пантыфікам Францішкам, санктуарыю ў горадзе Браслаў, прысвечанаму Богу ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, ахвотна надае тытул і годнасць малой базылікі з усімі правамі і наступствамі, а таксама літургічнымі прывілеямі, якія змяшчаюцца у Дэкрэце De Titulo Basilicæ Minoris, апублікаваным 9 лістапада 1989 года.
Усе іншыя супярэчныя пастановы не маюць моцы.
З сядзібы Дыкастэрыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў, 23 мая 2024 года,
✠ Кардынал Артур Рошэ
Прэфект
✠ Віторыё Франчэско Віёла ОFМ
Арцыбіскуп Сакратар