Пошук

17.08.2024 03:44   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Познім вечарам 16 жніўня ў межах фэсту ў гонар Маці Божай Браслаўскай адбылася працэсія са свечкамі і копіяй цудадзейнага абраза Валадаркі азёраў.

Яе ўдзельнікі на чале з пяцю біскупамі ішлі па начным Браславе, спяваючы Марыйныя песні і молячыся Ружанец.

Пасля завяршэння працэсіі ў браслаўскім санктуарыі апоўначы распачалася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Разам з ім маліліся біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, каад’ютар Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Уладзімір Гуляй, Генеральныя вікарыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, духоўныя асобы лацінскага і візантыйскага абрадаў, а таксама шматлікія вернікі, сярод якіх былі пілігрымы з розных мясцін Беларусі.

Звяртаючыся да сабраных у святыні перад цудадзейным абразом Валадаркі азёраў арцыбіскуп Станеўскі перадусім нагадаў пра юбілей 25-годдзя з часу заснавання Віцебскай дыяцэзіі, які адзначаецца сёлета.

«Сёння, святкуючы юбілей вашай дыяцэзіі, хочам дзякаваць праз Марыю Яе Сыну Езусу Хрысту, які паклікаў нас, які збавіў нас, які прыйшоў да нас, каб нас весці. Таму няхай і далейшае вашае дыяцэзіяльнае падарожжа будзе ў супольнай малітве, ва ўзаемнай любові і таксама ў непахіснай надзеі», — пажадаў арцыпастыр, дадаўшы, што цэлебруе Імшу за біскупа, святароў, кансэкраваных асобаў, сем’і і ўсіх вернікаў Віцебскай дыяцэзіі.

У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Станеўскі напачатку ўзгадаў і пра іншыя сёлетнія юбілеі і гадавіны: 600-годдзе браслаўскай парафіі, 200-годдзе з часу пабудовы ў горадзе мураванай святыні, 25-годдзе з часу стварэння дыяцэзіяльнага санктуарыя Валадаркі азёраў і 15-годдзе з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Браслаўскай.

«Сённяшняе свята пераконвае нас, што толькі сам Езус можа даць нам сілы для перамены ўсяго таго, што забруджана грахом, смерцю і смуткам. На працягу стагоддзяў нашыя продкі перажывалі радасць і смутак, цярпенне і боль. Зямля, на якой мы стаім, — святая, прасякнутая крывёю тысяч ахвяраў за веру і ў абароне сваёй Радзімы», — адзначыў арцыбіскуп.

Ён нагадаў прысутным, што сёлета ў Будславе адбылося прысвячэнне Касцёла ў Беларусі Найсвяцейшаму Сэрцу Езуса як аднаўленне акту, здзейсненага 125 гадоў таму нашымі продкамі. Іерарх заахвоціў вернікаў па іх прыкладу захаваць скарб веры і перадаць яго наступным пакаленням.

На заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі пажадаў з нагоды юбілею шчодрага Божага благаслаўлення і заступніцтва Маці Божай Валадаркі азёраў для дыяцэзіяльнай сям’і мясцовага Касцёла.

Літургію аздобіў прыгожым спевам моладзевы гурт браслаўскай парафіі ў пашыраным з нагоды фэсту складзе.

Абноўлена 17.08.2024 03:55
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа