Пошук

12.11.2024 10:32   Паводле: с. Марыя Шамовіч BDNP / Catholicnews.by / Фота: Надзея Гусак, с. Аляксандра Рыбалтоўская MSF / Catholicnews.by

10 лістапада ў Віцебску адбыўся фінал конкурсу малюнка, які праводзіўся ў межах святкавання 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце Catholicnews.by, напачатку ўдзельнікі конкурсу з розных парафій сабраліся на святой Імшы ў віцебскім катэдральным касцёле Езуса Міласэрнага. Цэлебрацыю нядзельнай Эўхарыстыі ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Пастыр прывітаў прысутных і звярнуў іх увагу на ўрывак з Евангелля пра бедную ўдаву, які чытаўся ў гэты дзень.

Пры гэтым іерарх зазначыў, што падобна да таго, як гэтая жанчына ахвяравала Богу ўсё, што мела, удзельнікі кокурсу таксама бескарысліва прысвяцілі Богу тое, што маюць, а менавіта свой талент.

Пасля літургіі сабраныя скіраваліся ў парафіяльную кавярню, дзе была размешчана выстава конкусных прац, якіх сёлета было прадстаўлена 97. Раней журы ў складзе айца Міхала Ермашкевіча ОР, Алесі Арловай і Святланы Гаўрылавай ацаніла працы ўдзельнікаў і падвяло вынікі. Пераможцы былі запрошаныя ў Віцебск, але не ведалі, якія месцы занялі.

У кавярні біскуп Буткевіч заахвоціў удзельнікаў развіваць свае мастацкія здольнасці і пажадаў, каб конкурс стаў традыцыяй дыяцэзіі, бо з кожным годам ахвотных узяць у ім удзел становіцца ўсё больш.

Настаў доўгачаканы момант узнагароджвання.

Спачатку дыпломы былі ўручаны ўсім удзельнікам, а пасля пераможцам.

У малодшай групе, у якую ўваходзілі дзеці ад шасці да дванаццаці гадоў, імі сталі Сабіна Касцюкевіч з Глыбокага (1-е месца), Ева Сафіна з віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага і Макар Халдзей з Варапаева (2-е месца), Ян Чатовіч і Ганна Зелянцова з віцебскай парафіі святога Антонія (3-е месца).

У падлеткавай групе ўдзельнікаў ад трынаццаці да сямнаццаці гадоў пераможцамі сталі Тадэвуш Урбель з віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага (1-е месца), Мілана Туманоўская з Плюсаў і Аліна Заплёціна з Ляхавічаў (2-е месца), Валерый Садоўскі са Слабодкі і Соф’я Баран з Мёраў (3-е месца).

У старэйшай узроставай групе ўдзельнікаў ад васямнаццаці гадоў былі вызначаны наступныя пераможцы: Лаліта Арлоўская з віцебскай парафіі святога Уладзіслава (1-е месца), Валянціна Шымко і Ірына Азаронак з віцебскай парафіі святога Антонія (2-е месца), Ірына Бярдоўская і Рэната Бярдоўская з віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага (3-е месца).

Пераможцы мелі магчымасць прадставіць сваю працу і зрабіць памятны фотаздымак з біскупам. Гэта было асаблівым жаданнем тых удзельнікаў, якія прыбылі на свята здалёк.

Арганізатары кокурсу малюнка з нагоды юбілею Віцебскай дыяцэзіі шчыра дзякуюць усім, хто ўзяў у ім удзел, а таксама тым, хто дапамог арганізаваць свята для ўдзельнікаў конкурсу.

Асаблівыя словы падзякі яны кіруюць біскупу Алегу Буткевічу і дырэктару дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі ксяндзу Аляксандру Сапелю SDS за падарункі пераможцам і ўдзельнікам. Арганізатары падкрэсліваюць, што мэтай правядзення конкурса было перадусім тое, каб добры Бог быў праслаўлены праз таленты дзяцей, моладзі і дарослых.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа