Апошняй падзеяй урачыстага святкавання 25-гадовага юбілею Віцебскай дыяцэзіі ўвечары 13 кастрычніка стала малітва ў дыяцэзіяльным санктуарыі ў Шуміліне, што непадалёк ад Віцебска.
У ёй узялі ўдзел біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
У Марыйны санктуарый Віцебскай дыяцэзіі ў гэты дзень таксама былі дастаўлены спісы найбольш шанаваных цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо не першы год перэгынуюць па Беларусі і за мяжой.
Разам з іконамі ў Шуміліна прыбыў ініцыятар перэгрынацыі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, папскі прэлат.
75-гадовы святар і пасля выхаду на пенсію не спыняе сваёй актыўнай евангелізацыйнай дзейнасці, таксама як і арцыбіскуп Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў шумілінскім санктуарыі Маці Божай Фацімскай у гадавіну апошняга аб’яўлення Маці Божай у Фаціме.
У прамоўленай гамілі заслужаны іерарх распавёў пра значэнне фацімскіх аб’яўленняў у справе адраджэння веры на нашых землях.
«У 1917 годзе Марыя ў Фаціме прадказала нашу гісторыю: Другую сусветную вайну, ганенні на веру і яе адраджэнне, чаго мы з’яўляемся сведкамі і ўдзельнікамі», — адзначыў арцыбіскуп эмэрыт. Пры гэтым ён падкрэсліў, што ўсе праблемы распачаліся ад нявернасці Богу і нежадання навяртацца і маліцца.
«Праблема паўтараецца і ў наш час, калі чалавек дабравольна адракаецца ад Бога і сябе самога ставіць на Яго месца. Адрынае Божыя законы і замест іх уводзіць свае. Таму фацімскае пасланне ў наш час застаецца актуальным. Яно зводзіцца да выбару: „так“ ці „не“: або я згаджаюся з Божай воляй, малюся і навяртаюся, або не.
Перад абліччам маральных выклікаў сучаснасці, мы павінны сказать Богу і Марыі „так“, калі хочам, каб усё было добра і не паўтарылася трагедыя мінулага. Падобна таму, як Марыя ў фацімскі дзень 13 мая 1981 года адхіліла кулю тэрарыста Алі Агджы, які хацеў забіць Яна Паўла ІІ, так няхай Марыя адхіліць ад нас кулі бязвер’я, каб мы не страцілі патрэбнай для збаўлення Божай ласкі», — пажадаў вернікам на заканчэнне гаміліі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Пасля Імшы адбылася фацімская працэсія вакол касцёла, падчас якой удзельнікі маліліся Ружанец.