Пошук

15.05.2024 09:31   Паводле: Vatican News PL / Фота: Jaroslaw Krawiec / rkc.org.ua / Catholic.by

12 мая, напярэдадні гадавіны Фацімскіх аб’яўленняў, на фігуру Маці Божай у Фаставе, што на Кіеўшчыне (Украіна), была ўскладзена карона, якую благаславіў Папа Францішак.

Як паведаміла Польская рэдакцыя парталу Vatican News, у гэтым украінскім горадзе пад Кіевам знаходзіцца дамініканскі дом святога Марціна дэ Порэса, які з’яўляецца адным з найбуйнейшых гуманітарных цэнтраў у ахопленай вайной краіне.

Фігура Марыі была створана праз два гады пасля аб’яўленняў у Фаціме і захоўваецца ў мясцовым касцёле Узвышэння Святога Крыжа, важным месцы малітвы за мір ва Украіне.

За дзейнасць цэнтра ў Фаставе адказвае ўкраінскі дамініканін айцец Міхайла Раманіў ОР, які супрацоўнічае з шэрагам свецкіх валанцёраў. «Ідэя каранацыі ўзнікла з таго, што наш парафіянін Аляксандр Лысенка знайшоў на адным з антыкварных сайтаў фігуру Маці Божай Фацімскай. Фігура зроблена з дрэва і мае вышыню 120 сантыметраў. Яна паходзіць з Фацімы і была выраблены ў 1919 годзе. Гэта нас вельмі зацікавіла», — апавёў Ватыканскаму радыё айцец Міхайла. Ён дадаў, што «другой важнай рэччу было тое, што Маці Божая Фацімская прасіла маліцца за Расію ў кантэксце вайны (Першай сусветнай — заўв. рэд.). Гэта вельмі важна, і я заўсёды памятаў, што ні ў адным аб’яўленні ніколі не ішла гаворка пра Расію».

Украінскі дамініканін прызнаўся, што ідэя благаслаўлення кароны Папам узнікла ў сувязі з візітам ва Украіну кардынала Конрада Краеўскага. Перадача кароны адбылася ў Херсоне, куды прыехалі валанцёры з Фастава, каб аказваць гуманітарную дапамогу мясцовым жыхарам.

Дзякуючы фінансавай падтрымцы Папы Францішка там працуе сацыяльная кухня, якая корміць тых, хто мае патрэбу. Таксама была створана невялікая пякарня. Што немалаважна, за некалькі дзён да каранацыі айцец Раманіў быў у Херсоне з валанцёрамі. Маці Божая Фацімская благаслаўляе іх дабрачынную працу, якую яны аддана выконваюць.

«Карону благаславіў Папа Францішак падчас Сіноду ў 2023 годзе ў прысутнасці нашага біскупа Аляксандра Язлавецкага. Ён потым прывёз яе з Рыма ў Фастаў. Там яна чакала свайго часу, калі 12 мая, напярэдадні фацімскіх аб’яўленняў, Маці Божая была ёю ўкаранавана», — з пачуццём сказаў айцец Міхайла Раманіў.

Урачыстую цэлебрацыю Эўхарыстыі ў фастаўскім касцёле ўзначаліў усё той жа Аляксандр Язлавецкі, дапаможны біскуп Кіева-Жытомірскай дыяцэзіі, на тэрыторыі якой знаходзіцца дамініканскі цэнтр.

«Магчыма, гэта невялікая падзея ў сусветным маштабе, але яна важная для нас, таму што мы, католікі ва Украіне, шмат молімся і просім заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай, просім міра для нашай краіны і заканчэння гэтай вайны», — сказаў ён Папу. Іерарх згадаў, што ў гэты час даносіліся трывожныя гукі сірэн, заўважыўшы, што яны з’яўляюцца знакам таго, што гэта «д’ябал раз’юшаны, таму што заўсёды так рэагуе, калі мы давяраем сябе заступніцтву нашай Маці». Біскуп Язлавецкі выказаў надзею, што ўскладанне благаслаўлёнай Папам Францішкам кароны на фігуру Маці Божай наблізіць Украіну да міру, якога так жадаюць усе. Ён таксама папрасіў аб малітве ў гэтай інтэнцыі.

Благаслаўлёную Папам Францішкам карону неслі трое дзяцей — дзве дзяўчынкі і хлопчык, — апранутыя ў строі трох пастушкоў, якім 13 мая 2017 года ў партугальскай Фаціме ўпершыню аб’явілася Маці Божая. Яны перадалі яе біскупу Аляксандру Язлавецкаму, які з пашанаю ўсклаў карону на фігуру Маці Божай Фацімскай.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.