Пошук

24.11.2025 14:10   Паводле: https://vaticannews.va/

Дыкастэрыя веравучэння ўдакладніла ролю Марыі ў збаўленні, аддаючы перавагу тытулу «Маці» і тлумачачы кантэкст выкарыстання іншых найменняў.

Паводле Беларускай рэдакцыі Vatican News, дыкастэрыя веравучэння 4 лістапада абнародавала дактрынальную ноту Mater Populi fidelis («Маці вернага люду»). Дакумент, зацверджаны Львом XIV, прапануе глыбокі аналіз некаторых марыйных тытулаў і ўдакладняе правільнае разуменне ролі Багародзіцы ў справе збаўлення.

Нота з’яўляецца адказам на шматлікія запыты і прапановы, што паступалі ў Апостальскую Сталіцу на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, а таксама на пэўныя тэндэнцыі, якія маглі выклікаць замяшанне сярод вернікаў.

Чаму Касцёл перасцерагае ад некаторых тытулаў Марыі і якім аддае перавагу?

Цэнтральнае пытанне, якое разглядае дакумент, гэта супрацоўніцтва Марыі ў адкупленчай справе Хрыста. Дыкастэрыя перасцерагае ад выкарыстання тытула «Суадкупіцелька» (лац. Corredemptrix). Падкрэсліваецца, што гэты тэрмін, хоць і выкарыстоўваўся ў мінулым некаторымі Пантыфікамі, з’яўляецца «недарэчным», бо можа засланіць унікальную і цэнтральную ролю Езуса Хрыста як адзінага Адкупіцеля.

Ахвяра Хрыста на крыжы з’яўляецца дасканалай і не патрабуе ніякіх дапаўненняў.

«Адкупіцель толькі адзін, і гэты тытул не падвойваецца»,

 цытуе нота словы Папы Францішка.

Падобная асцярожнасць выказваецца і ў дачыненні да тытула «Пасрэдніца ўсіх ласкаў» (лац. Mediatrix). Хоць Марыя сапраўды з’яўляецца Пасрэдніцай, Яе пасрэдніцтва мае выключна мацярынскі характар: Яна заступаецца за нас, як маці, але не з’яўляецца крыніцай ласкі. Крыніцай любой ласкі ёсць толькі Бог, які дзейнічае праз Хрыста.

Дакумент падкрэслівае, што роля Марыі заключаецца ў тым, каб дапамагаць вернікам адкрыць свае сэрцы на дзеянне Пана, а не ў тым, каб станавіцца паміж імі і Хрыстом.

Мацярынства Марыі – ключ да разумення Яе ролі ў справе збаўлення

У якасці найбольш адпаведнага тытула нота прапануе «Маці». Марыя гэта «Маці вернікаў», «Маці Божага люду». Гэты тытул грунтуецца на словах самога Езуса, сказаных на крыжы Яну (Ян 19, 26-27), і мае глыбокія карані ў біблійнай традыцыі і творах айцоў Касцёла.

Мацярынства Марыі не біялагічнае, а духоўнае: нарадзіўшы Хрыста, Яна ў веры нарадзіла ўсіх хрысціян, якія з’яўляюцца членамі Яго містычнага цела.

Дакумент высока ацэньвае народную пабожнасць, якая праяўляецца ў пілігрымках да марыйных санктуарыяў. Люд Божы спантанна ўспрымае Марыю як Маці, у якой знаходзіць суцяшэнне, надзею і пяшчоту. У Яе абліччы, як адзначаецца ў ноце, «адлюстроўваецца істотнае пасланне Евангелля». Гэта Маці, якая заўсёды застаецца побач са сваім народам, падтрымліваючы яго на шляху веры.

Нота Mater Populi fidelis заклікае вернікаў да глыбокай і здаровай марыйнай пабожнасці, якая заўсёды вядзе да Хрыста, адзінага Збаўцы свету. Дакумент быў зацверджаны Папам Львом XIV 7 кастрычніка і апублікаваны ва ўспамін святога Карла Барамэя.

Абноўлена 24.11.2025 15:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця