Пошук

11.10.2024 09:04   Тэкст: Яна Барысевіч / Фота: Аляксандр Алісейка / Catholic.by

У нядзелю 6 кастрычніка ў сталічнай парафіі святога Францішка, дзе нясуць служэнне меншыя браты капуцыны, адзначылі адпустовую ўрачыстасць тытулу касцёла.

Урачыстую цэлебрацыю святой Імшы з гэтай нагоды ў новай святыні маладой парафіяльнай супольнасці цэлебраваў адзін з найстарэйшых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк, папскі прэлат, які зрабіў вялікі ўнёсак у адраджэнне Касцёла ў Беларусі.

У прамоўленай гаміліі святар засяродзіўся на асобе святога Францішка і прапанаваў вернікам паразважаць над тым, ці імкнуцца яны наследаваць яго ў сваім хрысціянскім жыцці.

Ксёндз Уладзіслаў нагадаў, што святы Францішак стаў заснавальнікам трох ордэнаў: пршыя два — для мужчын і жанчын, якія выбіраюць манаскі стан, а таксама трэці — для свецкіх людзей. Пры гэтым святар звярнуў увагу на тое, наколькі адказную місію маюць свецкія вернікі ў нясенні веры ў сучасным свеце.

Ксёндз канонік падкрэсліў, як важна, каб вера жыла ў сем’ях і перадавалася з пакалення ў пакаленне, а таксама распавёў пра тое, як цяжка было ў часы, калі нельга было адкрыта вызнаваць сваю веру.

Урачыстую святую Імшу ўпрыгожыў спевам парафіяльны хор Transitus. Гучалі спевы ў гонар святога Францішка ў выкананні як дарослых удзельнікаў хора, так і самых маленькіх.

Пасля Імшы адбылося супольнае святкаванне ў кляштары братоў капуцынаў. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі Францішканскага ордэна свецкіх, Францішканская моладзь «Таў», суполка руху «Маці ў малітве», ружанцовыя колы, вернікі паарафіі.

Святкаванне праходзіла ў цёплай, сямейнай атмасферы, уласцівай францішканскаму капуцынскаму духу.

Францішканская моладзь прыгатавала для ўсіх печыва, якім, паводле падання, любіў частавацца святы Францішак, а таксама падрыхтавала конкурсы і гульні. Для дзяцей была арганізавана вясёлая забаўляльная праграма з аніматарамі.

Нягледзячы на дажджлівае надвор’е, пахмурнае неба і халодны вецер, свята атрымалася па-сапраўднаму шчырым, утульным, вясёлым і радасным.

Абноўлена 11.10.2024 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа