Пошук

11.09.2024 13:35   Тэкст: Яніна Пакульневіч / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

8 верасня ў парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Верхнядзвінску (Віцебская дыяцэзія, Полацкі дэканат) адбылася адпустовая ўрачыстасць тытулу мясцовага касцёла, з часу пабудовы якога сёлета спаўняецца 215 гадоў.

З гэтай нагоды ўдзел у парафіяльным свяце ўзяў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі верхнядзвінскі касцёл адзначае свае «імяніны».

Мясцовыя вернікі вельмі шануюць гэтае свята: сагрэтае ласкавымі промнямі яшчэ цёплага сонейка, упрыгожанае яркімі фарбамі кветак, шчодрае дарамі новага ўраджаю, яно нібы ўвасабляе любоў і дабрыню Багародзіцы да сваіх дзяцей. Як утульна і гасцінна бывае ў доме маці, так і касцёл сустракае ўсіх цудоўнай атмасферай добразычлівасці і цеплыні.

У сёлетняй урачыстасці ўзялі ўдзел шматлікія вернікі, сярод якіх было нямала гасцей з іншых мясцін. Прыбылі святары з суседніх парафій і прадстаўнікі свецкай улады.

На ўрачыстасць былі таксама прывезены 16 спісаў цудадзейных абразоў Маці Божай, якія ўжо не першы год перэгрынуюць па Беларусі і за мяжой.

Фэст распачаўся працэсіяй з абразамі ад Паклоннага крыжа ў мікрараёне да касцёла.

Калі абразы былі ўнесены ў святыню, здавалася, яна напоўнілася залатым святлом, а людзей ахінула адчуванне прысутнасці матчынай ласкі Багародзіцы. Вітаючы гасцей, пробашч верхнядзвінскай парафіі ксёндз Аляксандр Грыцкевіч адзначыў, што апека Божай Маці не пакідае касцёл і яго вернікаў.

«Пра гэта сведчыць уся 215-гадовая гісторыя святыні: якія б складаныя выпрабаванні ні выпадалі на шляху, касцёл пераадольваў іх і сёння застаецца Божым домам і цэнтрам духоўнасці на нашай зямлі. Месцам, дзе праз заступніцтва Панны Марыі людзі моляцца аб міры, супакоі, згодзе, дабрыні», — заўважыў святар.

Аб выключнай місіі Багародзіцы ў выратаванні чалавецтва, наследаванні Яе прыкладу веры і любові гаварыў у гаміліі біскуп Буткевіч. Ён назваў сімвалічным тое, што працэсія з выявамі Маці Божай пачалася ад крыжа і нагадаў словы з Евангелля, якія Хрыстус з крыжа сказаў свайму любімаму вучню Яну «вось Маці твая», пасля чаго той «узяў яе да сябе».

«Так і мы павінны ўзяць Найсвяцейшую Панну Марыю не толькі ў свае касцёлы і дамы, але і ў свае сэрцы. Культ Марыі ў свеце і ў нашай Беларусі сведчыць аб бясконцым даверы да Яе мацярынскай любові і міласэрнасці», — падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што яшчэ ў Сярэднявеччы рыцары абіралі сабе «даму сэрца», якой служылі і ў імя якой здзяйснялі подзвігі. Біскуп патлумачыў, што такім чынам рыцар перадусім выбіраў сваім ідэалам Найсвяцейшую Панну Марыю. Гэтак жа прысвячалі Ёй сваё жыццё і жанчыны.

«Марыю называюць Зоркай мора, якая, падобна зоркам на небе, дапамагае шукаць бяспечны шлях. Яе нельга зняць з неба, але яна служыць накірункам. Таксама дзякуючы сваёй святасці Панна Марыя з’яўляецца для нас накірункам у жыцці. Бог паслаў Яе, адзіную асобу, якая супрацьстаяла граху, каб увасобіць вобраз Хрыста і праз Яго ахвяру выратаваць свет», — адзначыў біскуп.

Ён дадаў, што сёння вернікі маюць магчымасць памаліцца каля спісаў цудадзейных абразоў Маці Божай і ўсвядоміць, наколькі распаўсюджаны Яе культ у свеце.

Тлумачачы гэты факт, іерарх заўважыў, што мы ўшаноўваем Панну Марыю як прыклад наследавання Божай волі, дасканалай еднасці з Ім, моцнай веры. 215 гадоў таму верхнядзвінскі касцёл быў пасвячаны ў гонар Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, каб следаваць гэтым пастулатам. Праз веру людзей, якія тут маліліся, святыня выстаяла ў складаныя часы ХХ стагоддзя.

Біскуп Буткевіч нагадаў пра асобу благаслаўлёнага ксяндза Мечыслава Багаткевіча, які нёс служэнне ў Верхнядзвінску ў гады Другой сусетнай вайны і прыняў мучаніцкую смерць за веру. Іерарх не абмінуў увагай і іншых людзей, якія будавалі і адраджалі святыню.

Іерарх адзначыў, што касцёл яднае пакаленні і згуртоўвае іх на шляху да Бога.

«Мы павінны ўзрастаць у веры, прыходзіць у касцёл не толькі для таго, каб атрымаць ласкі, але шукаць адказу на тое, кім ёсць Бог, паглыбляць разуменне словаў Пісання, якія заўсёды нясуць нешта новае», — заахвоціў вернікаў пастыр.

Звяртаючыся да праблем у сучасным свеце, біскуп Буткевіч сцвердзіў, што яны ўзнікаюць перадусім з-за парушэння Божых запаведзяў. Паводле яго, адступленне ад канкрэтных Божых правілаў нясе вялікія пагрозы чалавецтву а іх захаванне, наадварот, упарадкоўвае наша жыццё.

«Калі будзем сур’ёзна ўспрымаць гэтую навуку, услухоўвацца ў яе і мець Бога ў сэрцы, то пазбегнем граху і дасягнем патрэбных ласкаў і збаўлення», — выказаў упэўненасць іерарх.

На заканчэнне гаміліі біскуп Буткевіч пажадаў, каб на жыццёвым шляху вернікам дапамагалі прыклад і заступніцтва Панны Марыі, каб праз Яе малітву яны атрымлівалі Божае благаслаўленне, «каб у гэтым касцёле, які з’яўляецца Божым домам, Багародзіца насіла пад сэрцам кожнага з нас».

Пробашч і вернікі верхнядзвінскай парафіі выказалі падзяку біскупу за супольную малітву.

Ад імя дзяржаўнай улады віншаванні парафіі з нагоды 215-годдзя святыні адрасавала начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Наталля Андрэева.

Падчас урачыстасці біскуп Алег Буткевіч з нагоды 25-годдзя Віцебскай дыяцэзіі ўручыў падзякі парафіянам, якія зрабілі заўважны ўнёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла.

Пасля Імшы вернікі мелі магчымасць памаліцца перад абразамі Маці Божай і папрасіць Яе заступніцтва і апекі ў жыцці.

 

Абноўлена 11.09.2024 13:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця