Пошук

09.09.2025 17:21   Тэкст: Кс. Юрый Жэгарын / Фота: удзельнікі рэкалекцый / Catholic.by

З 5 па 7 верасня ў Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія) адбыліся пакаяльныя рэкалекцыі-малітва ў інтэнцыі народу Беларусі.

Гэтыя адмысловы духоўныя практыкаванні ў духу пакаяння сёлета праводзіліся ўжо ў чацвёрты раз. У іх прынялі ўдзел вернікі з розных дыяцэзій нашай краіны.

Рэкалекцыі распачаліся святой Імшой у інтэнцыі ўміласціўлення Богу за чалавечыя грахі і знявагі. Аб гэтым маліўся біскуп Алег Буткевіч, ардынарый Віцебскай дыяцэзіі, які прыбыў у Навагрудак, каб удзельнічаць у рэкалекцыях.

Іерарх узначаліў цэлебрацыю святой Імшы і прамовіў гамілію, у якой засяродзіў увагу ўдзельнікаў рэкалекцый на важнасці пакаяння і перапрашэння за грахі, а таксама малітвы за жыхароў Беларусі.

Пасля Імшы адбылася аскетычная канферэнцыя, якую правёў ксёндз Віталь Цыбульскі, пробашч парафіі Уселюб каля Навагрудка. Познім вечарам па вуліцах горада прайшоў Крыжовы шлях пакаяння ў інтэнцыі Беларусі. У набажэнстве ўзяў удзел біскуп Алег Буткевіч, які на заканчэнне набажэнства прамовіў пакаянную малітву за нашу краіну, узятую з біблійнай кнігі прарока Даніэля. Падчас малітвы ўдзельнікі рэкалекцый ляжалі крыжам на знак глыбокага пакаяння, уміласціўлення Усемагутнаму Богу за грахі народа.

Рэкалекцыі адзначаліся высокай інтэнсіўнасцю малітваў і пакаянных практык: адбыліся дзве усяночныя адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі маліліся Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі.

Падчас рэкалекцый адбылася пешая пілігрымка ва Уселюб да Маці Божай Новага Жыцця, падчас якой яе ўдзельнікі прайшлі 15 кіламетраў, а таксама Фацімскае набажэнства з працэсіяй са свечкамі.

Рэкалекцыі завяршыліся ў нядзелю 7 верасня святой Імшой і сведчаннямі ўдзячнасці за магчымасць удзелу ў гэтых духоўных практыкаваннях.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.