
6-7 лістапада студэнты прапедэўтычнага курса Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне па запрашэнні біскупа Віцебскага Алега Буткевіча наведалі Віцебск.
6 лістапада семінарысты і прэфект семінарыі ксёндз Андрэй Скамарошка ўдзельнічалі ў Імшы з Нешпарамі за памерлых, якую цэлебраваў біскуп Алег Буткевіч.
Пасля літургіі адбылася вячэра, на якой госці частаваліся стравамі, прынесенымі вернікамі віцебскай катэдральнай парафіі Езуса Міласэрнага. Падчас вячэры біскуп распавёў пра свой шлях паклікання, вучобу і святарскае служэнне, якое супала з часамі аднаўлення каталіцтва ў Беларусі ў 1990-2000 гадах, з гумарам успомніў пра складанасці пераездаў, перабудоў і будаўніцтва.
Пра сваё служэнне распавялі таксама пробашч віцебскай катэдры Езуса Міласэрнага ксёндз канонік Валерый Марціноўскі і манахіні Кангрэгацыі Сясцёр Служабніц Езуса ў Эўхарыстыі Мажэна і Марыя.
Пасля вячэры семінарыст Тарас Васільеў, які паходзіць з Віцебска, правёў для аднакурснікаў невялікую экскурсію па гістарычным цэнтры Віцебска з наведваннем мясцін, дзе раней былі каталіцкія святыні, і месца пакутніцкай смерці святога Язафата Кунцэвіча.
На наступны дзень госці пад кіраўніцтвам ксяндза Валерыя Марціноўскага наведалі іншыя парафіі Віцебска. Яны ўзялі ўдзел у Фацімскім набажэнстве першай суботы месяца ў парафіі Святога Духа, пасля пабывалі ў касцёле святой Барбары, які раней быў катэдрай, а ў пачатку 90-х – адзіным касцёлам, які дзейнічаў у Віцебску. Пробашч парафіі айцец Браніслаў Дашкевіч ОР пазнаёміў гасцей з гісторыяй касцёла і яго аднаўлення пасля часоў атэізму.
Потым семінарысты наведалі парафію святога Антонія Падуанскага, пробашчам якой амаль дзесяць гадоў быў біскуп Алег Буткевіч. Цяперашні пробашч ксёндз канонік Сяргей Сурыновіч распавёў пра гісторыю парафіі, падзяліўся меркаваннямі наконт асаблівасцяў святарскага служэння ў сучасных умовах, даў семінарыстам парады.
Апошняй з наведаных была самая маладая віцебская парафія святога Ігнацыя Лаёлы, дзе служаць езуіты. Пасля семінарысты пабывалі ў дыяцэзіяльнай курыі, дзе сустрэліся з эканомам і афіцыялам ксяндзом канонікам Аляксеем Ляшко, які распавёў пра дзейнасць курыі і справы, якімі займаецца касцёльны суд.
Госці выказваюць падзяку біскупу Віцебскаму, святарам, з якімі сустрэліся ў парафіях горада, законным сёстрам і парафіянам за арганізацыю і правядзенне экскурсій, смачны пачастунак і ўтульны начлег, а асабліва за іх малітвы за семінарыстаў.

























