Пошук

15.06.2026 19:31   sdb.by

13 чэрвеня ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў у Турыне адбылася ўрачыстая літургія дыяканскага пасвячэння, падчас якога 17 салезіянаў з 11 краін свету прынялі сакрамэнт пасвячэння ў ступені дыяканату. Сярод новых дыяканаў быў і салезіянін з Беларусі — Міхаіл Вішнеўскі SDB.

Урачыстасць прайшла ў сэрцы салезіянскай харызмы — Турыне, дзе святы Ян Боско распачаў сваю місію служэння моладзі. Дыяканскае пасвячэнне кандыдатам удзяліў дапаможны біскуп Турынскай архідыяцэзіі Алессандро Джыраўдо.

У літургіі ўдзельнічалі прадстаўнікі салезіянскіх супольнасцяў з розных краін свету, родныя і сябры кандыдатаў, а таксама невялікая дэлегацыя з Беларусі. Яе ўзначаліў дырэктар рэлігійнай місіі «Таварыства Святога Францішка Сальскага» ў Беларусі ксёндз канонік доктар Віктар Гайдукевіч SDB. Разам з ім у малітве ўдзельнічалі прадстаўнікі салезіянскай сям’і і сябры, якія прыбылі ў Турын, каб падтрымаць беларускага кандыдата ў гэты асаблівы дзень.

Гэтая падзея стала важнай не толькі для самога Міхаіла, але і для ўсёй салезіянскай прысутнасці ў Беларусі, якая з надзеяй і радасцю суправаджала яго на чарговым этапе паклікання.

Падчас гаміліі біскуп заклікаў новых дыяканаў быць вернымі слугамі Евангелля, несці людзям надзею і сведчыць пра Хрыста праз пакорнае і ахвярнае служэнне. Асаблівую ўвагу ён звярнуў на дыяканскае пакліканне як шлях служэння Божаму народу ў духу любові, блізкасці і адкрытасці на патрэбы іншых.

Для Міхаіла Вішнеўскага гэты дзень стаў важным этапам на шляху падрыхтоўкі да святарства. Пасля гадоў фармацыі, вучобы і духоўнага сталення ён зрабіў чарговы крок у поўным прысвячэнні свайго жыцця Богу і моладзі паводле духа святога Яна Боско.

Пасля прыняцця дыяканскага пасвячэння малады салезіянін вернецца ў Беларусь, дзе будзе несці служэнне сярод моладзі і вернікаў, працягваючы сваю фармацыю на шляху да святарства.

Каментуючы гэтую падзею, ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB адзначыў:

«Стоячы сёння ў базыліцы Марыі Успамогі Хрысціянаў, дзе маліўся, працаваў і здзяйсняў сваю місію святы Ян Боско, я асабліва адчуваў удзячнасць Богу за дар паклікання нашых сабратоў, а асаблівым чынам — за пакліканне Міхаіла.

Для салезіянскай супольнасці ў Беларусі дыяканскае пасвячэнне нашага сабрата Міхаіла Вішнеўскага — гэта сапраўдны знак Божай апекі і надзеі на будучыню. Мы молімся, каб ён быў добрым, а перадусім верным салезіянінам, які з радасцю будзе служыць Богу і моладзі.

Просім таксама Пана, каб у свой час ён стаў святаром паводле Сэрца Хрыста і духа святога Яна Боско».

Салезіянская сям’я ў Беларусі радуецца разам з новым дыяканам і даручае яго служэнне заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў і святога Яна Боско, просячы аб патрэбных ласках для яго будучага служэння Касцёлу і моладзі.

Абноўлена 15.06.2026 20:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.