Пошук

15.04.2021 15:28   Паводле: Vatican News / Catholic.by

Фота: ACI Prensa

Да 50-годдзя абвяшчэння іспанскай законніцы Тэрэзы Авільскай доктарам Касцёла Папа Францішак напісаў адмысловае пасланне, у якім заклікае да больш глыбокага вывучэння літаратурнай спадчыны гэтай вялікай святой.

Святая Тэрэза ад Езуса — першая жанчына, якой быў нададзены тытул доктара Касцёла, што стала прызнаннем «каштоўнага вучэння, якое Бог перадаў праз яе творы і сведчанне жыцця».

Як паведамляе руская рэдакцыя парталу Vatican News, Папа Францішак напісаў аб гэтым біскупу Авілы Хасэ Марыі Гілю Тамаё з нагоды вышэйзгаданага юбілею.

Святая Тэрэза Авільская была абвешчана доктарам Касцёла 27 верасня 1970 года святым Папам Паўлам VI.

У гэтыя дні ў Каталіцкім універсітэце Авілы ў межах святкавання юбілею праводзіцца міжнародны кангрэс «Незвычайная жанчына», як называў яе той жа Папа Павел VI. Кангрэс працягнецца да 15 красавіка.

Святая Тэрэза ад Езуса нарадзілася ў 1515 годзе і памерла ў 1582. Праз пяць стагоддзяў, як піша Папа Францішак, «полымя, запаленае Езусам у Тэрэзе, працягвае ззяць у нашым свеце, які па-ранейшаму мае патрэбу ў адважных сведках, здольных зносіць любую сцяну — фізічную, экзістэнцыйную ці культурную».

Святы Айцец указаў таксама, што Тэрэза Авільская была прыкладам выключнай «ролі, якую адыграла жанчына на працягу гісторыі Касцёла і грамадства».

Па словах Папы, авільская святая і сёння праз свае творы навучае і скіроўвае сваё пасланне «да тых, хто адчувае пакліканне да манаства», а таксама «да ўсіх, хто хоча ўдасканальвацца на шляху ачышчэння ад усяго зямнога, імкнучыся да адзінства з Богам, да высокіх пакояў унутранага замку».

«Сяброўства з ёю, — адзначае Папа Францішак, — з гэтай спадарожніцай, якая ўказвае кірунак у нашым зямным падарожжы, дае ўпэўненасць і спакой». На заканчэнне Святы Айцец нагадвае пра глыбокае ўшанаванне Тэрэзай святога Юзафа і заклікае да больш глыбокага вывучэння яе духоўнай літаратурнай спадчыны.

Абноўлена 15.04.2021 15:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа