«Стойце цвёрда ў сваёй веры! Не дайце сябе падмануць!» — гэта словы з духоўнага тэстамэнту памерлага 31 снежня Папы эмэрыта Бэнэдыкта XVI. Ён склаў яго 29 жніўня 2006 года, на другі год свайго пантыфікату.
Як паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, у тэксце на нямецкай мове Бэнэдыкт XVI напісаў: «Азіраючыся ў гэтую познюю гадзіну майго жыцця на пражытыя дзесяцігоддзі, я перш за ўсё бачу, як шмат у мяне прычын для падзякі.
Перадусім я дзякую самому Богу, даўцу ўсялякага дабра, які падараваў мне жыццё і правёў праз розныя хвіліны замяшання. Ён заўсёды падтрымліваў мяне, калі я пачынаў спатыкацца, і заўсёды дарыў мне нанава святло свайго аблічча.
Азіраючыся назад, я бачу і разумею, што нават цёмныя і знясільваючыя часткі гэтага шляху былі дзеля майго збаўлення, і што менавіта ў іх Ён дабрадатна накіроўваў мяне».
Аўтар тэстамэнту дзякуе сваім бацькам: «Яны далі мне жыццё ў цяжкі час і цаной вялікіх ахвяр; сваёй любоўю яны падрыхтавалі для мяне цудоўны дом, які, як яркае святло, асвятляе ўсе мае дні да гэтага часу».
«Пранікнёная вера майго бацькі вучыла нас, дзяцей, верыць, і заўсёды кіравала ўсімі маімі навуковымі дасягненнямі; глыбокая пабожнасць і вялікая дабрыня маёй маці — гэта спадчына, за якую я ніколі не змагу аддзячыць ёй у належнай меры», — прызнаўся Ёзаф Ратцынгер.
Ён таксама ўспомніў сваіх сястру і брата: «Мая сястра бескарысліва і з далікатным клопатам дапамагала мне на працягу дзесяцігоддзяў; мой брат — дзякуючы яснасці сваіх меркаванняў, цвёрдай рашучасці і сардэчнаму спакою — заўсёды пракладваў мне шлях».
Бэнэдыкт XVI выказаў удзячнасць сваім сябрам і супрацоўнікам на ўсіх этапах свайго жыцця.
«Дзякую жыхарам маёй Радзімы, бо ў іх я заўсёды мог зноў адчуць прыгажосць веры. Малюся, каб нашая краіна заставалася краінай веры, і прашу вас, дарагія суайчыннікі: не аддаляйцеся ад веры».
Потым Папа Ратцынгер дадаў: «Я прашу прабачэння ад усяго сэрца ва ўсіх, каго я чымсьці пакрыўдзіў».
«Тое, што раней казаў суайчыннікам, кажу цяпер усім даручаным майму служэнню ў Касцёле: Стойце цвёрда ў сваёй веры! Не дайце сябе падмануць! <…> Езус Хрыстус сапраўды з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём, а Касцёл, з усімі яго недасканаласцямі, сапраўды з’яўляецца Яго Целам», — напісаў Пантыфік.
«Нарэшце, я пакорліва прашу: памаліцеся за мяне, каб Пан, нягледзячы на ўсе мае грахі і недахопы, прыняў мяне ў вечны дом. Аб усіх, даручаных мне людзях, з дня ў дзень узносяцца мае сардэчныя малітвы», — так завяршаецца духоўны тэстамэнт Бэнэдыкта XVI.