Пошук

11.11.2024 16:28   Паводле: парафія святога Казіміра ў Лепелі / Фота: Наталля Храпавіцкая / Catholic.by

9 лістапада ў парафіі святога Казіміра ў Лепелі ўшанавалі святога Губерта, апекуна паляўнічых і леснікоў.

З гэтай нагоды па запрашэнні душпастыра лепельскай парафіі ксяндза Уладзіміра Заянчкоўскага цэлебрацыю святой Імшы ў мясцовым касцёле ўзначаліў Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Звяртаючыся да сабраных у святыні, іерарх заахвоціў берагчы прыроду — прыгожы дар Бога Стварыцеля, і пажадаў, каб каб любоў да радзімы была творчай.

Як паведамляецца на сайце парафіі святога Казіміра ў Лепелі, у гэты дзень у святыню быў урачыста ўнесены адмысловы абраз святога Губерта, дастаўлены з Пінскай дыяцэзіі. Абраз нябеснага апекуна паляўнічых і леснікоў будзе знаходзіцца ў лепельскай парафіі цэлы год. Акрамя таго, касцёле ёсць і свой абраз святога Губерта, які раней таксама благаславіў арцыбіскуп Станеўскі.

Вітаючы сабраных у святыні, ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі адзначыў, што святая Імша цэлебруецца ў інтэнцыі паляўнічых, у якіх ёсць свой апякун. Людзей у камуфляжным адзенні паляўнічых на патранальнае свята сабраўся цэлы касцёл.

Напрыканцы літургіі арцыбіскуп Станеўскі благаславіў паляўнічых з сабакамі і конямі, а таксама ўсіх удзельнікаў набажэнства.

Ад касцёла вершнікі на конях, паляўнічыя з сабакамі і ўсе сабраныя ва ўрачыстай працэсіі на чале з арцыбіскупам Станеўскім прайшлі да цэнтральнай плошчы горада, несучы абраз святога Губерта.

Для жыхароў і гасцей горада свята працягнулася ў гарадскім парку, дзе можна было набыць рамесніцкія вырабы ручной працы і сувеніры. Падчас святкавання валанцёры бясплатна частавалі ўсіх ахвотных шурпой, дранікамі, кашай і гарбатай, спявалі прадстаўнікі самадзейнасці, а дзеткі фатаграфаваліся з коннікамі, якія нібы выйшлі з сярэднявечных легенд.

Паляўнічыя працягнулі сваё свята выездам на месца правядзення палявання ў вёсцы Тадуліна, дзе адбылася забаўляльная праграма з выступленнем мясцовых калектываў і палявой кухняй.

 

Абноўлена 12.11.2024 19:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа