Пошук

03.11.2021 16:14   Паводле: Catholicnews.by

У касцёле святога Казіміра ў Лепелі, што на Віцебшчыне, з’явіўся абраз святога Губерта — апекуна паляўнічых і палясоўшчыкаў, успамін якога ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 3 лістапада.

Як паведаміў «Каталіцкі Веснік», выява святога выканана ўкраінскім майстрам з бука, рамка абраза зроблена з дуба. Пробашч лепельскай парафіі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі распавёў пра гісторыю з’яўлення гэтага абраза ў касцёле.

«Святы Губерт — заступнік паляўнічых і леснікоў. Я сам з’яўляюся паляўнічым, падчас сустрэч з аматарамі палявання стараюся папулярызаваць малітву да святога Губерта. Заўважаю, што многім паляўнічым падабаецца такая ініцыятыва. Паляванне ж гэта справа сур’ёзная.

Аднак няправільна думаць, што малітва да святога Губерта — гэта нейкае „заклінанне“, каб дабыць звера. Абсалютна не так. Мы молімся на паляванні з просьбай, каб святы Губерт захаваў нас ад усялякай небяспекі. Гэта асноўная мэта малітвы», — лічыць святар.

Абраз святога Губерта для лепельскага касцёла благаславіў біскуп Юзаф Станеўскі яшчэ да свайго прызначэння на Мінска-Магілёўскую катэдру.

Ксёндз Заянчкоўскі кажа, што многія паляўнічыя цікавяцца, ці будзе сёлета малітоўны сход. На вялікі жаль, ва ўмовах пандэміі арганізаваць гэта даволі складана. Таму святар заахвочвае ў прыватным парадку прыходзіць у лепельскі касцёл, каб памаліцца перад абразом святога Губерта. Калі палепшыцца эпідэмічная сітуацыя, ёсць планы зрабіць перэгрынацыю абраза па ўсёй Беларусі: па тых мясцінах, дзе будуць арганізоўвацца сустрэчы паляўнічых.

Малітва да святога Губерта

Святы Губерце, апякуне паляўнічых і леснікоў, вазьмі мяне пад сваю апеку. Сваім магутным заступніцтвам перад Богам падтрымай мяне ва ўсіх маіх патрэбах і выпрасі для мяне ласку наследавання тваіх цнотаў. Захавай мяне ад дрэнных схільнасцяў, ад пыхі і пажадлівасці, ад нанясення шкоды людзям і прыродзе, ад парушэння закону, адсутнасці пашаны да Божых дароў і ласкаў. Кіруй маім розумам, зрокам і ўчынкамі, каб я выканаў свае заданні згодна з законам Стварыцеля. Сцеражы мяне ад злых прыгодаў і давядзі да вечнага збаўлення. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа