Пошук

06.11.2026 22:06   Тэкст і фота: Ганна Якімовіч / Catholic.by

7 лістапада ў парафіі Святога Казіміра ў старажытным Лепелі (Віцебская дыяцэзія) асаблівы дзень: тут ужо чацвёрты год успамінаюць святога Губерта, апекуна паляўнічых. Гэты ўспамін — добрая нагода ўшанаваць традыцыі, падкрэсліць важнасць аховы прыроды, яшчэ раз узгадаць пра непарыўную сувязь людзей з прыроднай спадчынай.

Святы Губерт прысвяціў жыццё служэнню Касцёлу, а яго гісторыя — гэта прыпавесць пра чалавека, які дазволіў Божаму Духу перамяніць сваё сэрца. Кожны з нас пакліканы да такога перамянення, якое пачынаецца не звонку, а знутры.

Відавочным, што дзень святога Губерта прысвечаны не толькі паляванню, але і выхаванню глыбокай любові да навакольнага асяроддзя і адказнага стаўлення да прыроды.

«Мэта Каталіцкага Касцёла і мая асабістая — каб людзі любілі і шанавалі сваю Бацькаўшчыну і ўсё тое, што дадзена ім Богам, а таксама пакінулі гэтае багацце сваім нашчадкам»,

— адзначыў пробашч парафіі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі, які і стаў ініцыятарам святкавання дня святога Губерта ў Лепельскім краі.

Па словах ксяндза Уладзіміра, з кожным годам колькасць удзельнікаў святкавання павялічваецца. На свята запрашаюцца прадстаўнікі раённай Іспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Лепельскага лясгаса, паляўнічых арганізацый і клубаў і ўсіх аматараў палявання. Больш за тое, паляўнічыя суполкі ўжо даўно запрашаюць святароў на такія святы ў сваіх мясцовасцях. Да ўрачыстасці далучаюцца ўсе ахвотныя незалежна ад веравызнання.


Галоўнаму набажэнству да святога Губерта папярэднічала святая Імша ў касцёле, якую ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Арцыпастыр ахвяраваў Эўхарыстыю ў інтэнцыі паляўнічых Беларусі, «каб паступалі справядліва, каб дбалі пра навакольнае асяроддзе, а дарамі, якія атрымліваюць з палявання, умелі дзяліцца з іншымі».

Падчас літургіі набажэнства да святога заступніка паляўнічых у гаміліі арцыпастыр падкрэсліў, што гісторыя святога Губерта — гэта найперш гісторыя навяртання.

«Гэта не столькі гісторыя пра святасць Губерта, колькі аповед пра яго навяртанне. Яна нагадвае нам пра шлях ад пыхі да пакоры, ад грахоўнага жыцця да духоўнай дасканаласці»,

— адзначыў іерарх.

Губерт быў шляхетным вяльможам і заядлым паляўнічым. Ён любіў азарт палявання і гук паляўнічага рога. Паляванне было для яго хобі, спортам і спосабам даказаць сваю перавагу над іншымі.

Аднойчы падчас палявання ў Вялікую пятніцу Губерту з’явіўся велічны алень, паміж рагамі якога ззяў крыж. Ён пачуў пытанне: «Чаму ты Мяне пераследуеш?» Гэта быў голас Бога, які заклікаў яго пакінуць ранейшы лад жыцця і паклапаціцца пра збаўленне сваёй душы.

Сустрэча з аленем кардынальна змяніла жыццё Губерта. Замест таго каб бяздумна паляваць на дзічыну, ён навучыўся бачыць Творцу ў прыродзе. Ён зразумеў, што сапраўдная перамога здабываецца не на паляванні, а ў сэрцы.

«Сучасны чалавек нярэдка ставіцца да прыроды як яе валадар, і гэта адна з прычын экалагічнага крызісу. Аднак прырода дадзена нам Богам не ва ўласнасць, а для адказнага і беражлівага карыстання»,

— падкрэсліў дастойны іерарх.

Арцыбіскуп Тадэвуш звярнуў увагу на тое, што духоўнае перамяненне Губерта важнае і для сучасных паляўнічых. Пасля сустрэчы з аленем святы не перастаў паляваць, але перастаў быць толькі паляўнічым: ён усвядоміў, што паляванне — гэта не проста здабыванне дзічыны, а адказнасць і магчымасць убачыць Бога ў прыродзе.

Чаму святы Губерт можа быць прыкладам для сучасных паляўнічых?

  • Па-першае, павагай да прыроды. Губерт убачыў у алені не проста дзікую жывёлу, а Божае стварэнне. Таму паляўнічы не павінен ставіцца да прыроды выключна як спажывец.
  • Па-другое, служэннем. Паляўнічыя могуць удзельнічаць у падтрыманні экалагічнай раўнавагі і спрыяць захаванню здаровага прыроднага асяроддзя.
  • Па-трэцяе, унутранай цішынёй. Паляванне — адзін з нямногіх спосабаў пабыць у цішыні. У ёй чалавек можа задумацца пра сэнс жыцця і сваё месца ў свеце.
  • Па-чацвёртае, паляўнічай этыкай. Яна грунтуецца на павазе да дзікіх жывёл і прыроды. Гэта не толькі звод правілаў палявання, але і школа сумлення, якая вучыць быць справядлівым і адказным, шанаваць жыццё і берагчы прыроду.
  • Па-пятае, сведчаннем веры. Як Езус заклікаў апосталаў стаць лаўцамі людзей, так і паляўнічыя могуць сведчыць пра веру ў сваім асяроддзі і ў сучасным свеце.

Паляўнічы павінен разумець: сапраўдная перамога — гэта не здабыты трафей, а перамена сэрца. Правы чалавека адносна прыроды і ўсяго стварэння непарыўна звязаныя з адказнасцю, заўважыў іерарх.


У гаміліі таксама прагучаў аповед пра старца, які любіў разважаць на беразе індыйскай ракі Ганг. Аднойчы ён убачыў у вадзе скарпіёна, які не мог выбрацца на бераг. Калі скарпіён падплыў бліжэй, старац iмкнуўся дапамагчы яму рукой, але той паспрабаваў яго ўджаліць. Праз некаторы час гэта паўтарылася.

Побач праходзіў іншы чалавек і сказаў, што нельга дакранацца да скарпіёна: ён ядавіты, і такое ўмяшанне можа каштаваць жыцця. На гэта старац адказаў:

«Прырода скарпіёна — джаліць, а мая — ратаваць таго, хто мае патрэбу ў дапамозе. Таму не прымушай мяне змяняць сваю прыроду».

Завяршаючы гамілію, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў паляўнічым:

«Няхай святы Губерт будзе для вас прыкладам захавання чалавечай прыроды, створанай Богам. Няхай ён дапаможа вам адказна ставіцца да навакольнага асяроддзя — нашага супольнага дома. Няхай выпрасіць у Бога ласку імкнуцца да духоўнага перамянення дзеля будавання цывілізацыі жыцця і павагі да ўсяго стварэння».

У завяршэннi літургіі арцыбіскуп Тадэвуш благаславіў паляўнічых, іх верных чацвераногіх сяброў і транспартныя сродкі. Удзельнікі малітвы таксама атрымалі асабістае благаслаўленне іерарха — як дар Божай апекі  ў штодзённым жыцці.

Пасля ўрачыстай малітвы ўсіх прысутных чакалі смачны пачастунак і цёплае сяброўскае спатканне. У нязмушанай атмасферы ўдзельнікі свята маглі паразмаўляць, падзяліцца ўражаннямі і правесці час у коле аднадумцаў. Так, дзень святога Губерта стаў не толькі нагодай для малітвы і роздуму пра адказнасць чалавека за прыроду, але і цёплай сустрэчай людзей, якіх аб’ядноўваюць вера, любоў да роднага краю і павага да Божага стварэння.

Абноўлена 08.11.2026 00:21
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.