Міжнародная асацыяцыя экзарцыстаў выдала кнігу «Змрочнае зачараванне Хэлоўіна», аўтарам якой з’яўляецца віцэ-прэзідэнт арганізацыі ксёндз Франчэско Бамонтэ і прэс-сакратар гэтай установы Альбэрто Кастальдзіні.
Як са спасылкай на інфармацыйнае агенцтва Аciprensa 17 кастрычніка паведаміў партал Deon, кніга ўяўляе сабой серыю пытанняў і адказаў пра Хэлоўін. Аўтары папярэджваюць, што гэта не «вясёлае і нявіннае свята», а «насамрэч гэта працяг кельцкага свята Самайн».
Святкаванне Самайна прыпадала на ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада.
«У дадатак да шматлікіх „магічных“ цырымоній людзі прыносілі ў ахвяру жывёл і, магчыма, нават людзей», — адзначаецца ў кнізе.
Ксёндз Бамонтэ адзначыў, што спажывецкая інтэрпрэтацыя гэтага кельцкага свята ў ЗША пазбавіла яго зместу і дазволіла яму, «у адрозненне ад хрысціянства, укараніцца ў магіі, хорары і смерці».
Экзарцыст падкрэсліў, што для сатаністаў Хэлоўін азначае пачатак сатанінскага года.
Нягледзячы на тое, што людзі, якія святкуюць Хэлоўін, не хочуць ушаноўваць д’ябла, яны нейкім чынам звязваюцца з гэтай небяспечнай тэндэнцыяй і «становяцца больш успрымальнымі да звычайных і незвычайных дзеянняў злога духа».
У сваёй кнізе ксёндз Франчэско Бамонтэ заклікаў людзей адзначаць Дзень усіх святых, падчас якога дзеці могуць апрануцца ў аднаго са святых. Ён таксама дадаў, што ў гэты дзень варта ўдзельнічаць у адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту.
Неабходна нагадаць усім, «як важна для нас, католікаў, памятаць нашых святых братоў, праз заступніцтва якіх мы можам атрымаць столькі ласкаў, і памятаць нашых дарагіх памерлых, якія чакаюць малітвы і з якімі мы спадзяемся быць з’яднанымі назаўжды» — сказана ў кнізе.
Кніга «Змрочнае зачараванне Хэлоўіна» выйшла пакуль толькі на італьянскай мове.