Пошук

31.07.2026 07:23   Тэкст: Aleteia.org / Пераклад і адаптацыя: catholic.by
Фота: ctsbooks.org

31 ліпеня ў Касцёле адзначаецца ўспамін святога Ігнацыя Лаёлы.

Ігнацый (Ініго дэ Рэкальдэ дэ Лаёла) нарадзіўся ў 1491 годзе ў радавым замку Лаёлаў у іспанскай краіне Баскаў і быў самым малодшым з трынаццаці братоў і сясцёр. У маладосці ён быў афіцэрам у войску аднаго з іспанскіх магнатаў. У 1521 годзе падчас аблогі Памплоны французскімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэння яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыццё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя і дапамагла зразумець усю нікчэмнасць яго існавання. Пасля выздараўлення ён пэўны час жыў у пакаянні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаванні».

У гэты ж час у яго з’яўляецца містычны досвед. Ён ажыццяўляе пілігрымку ў Святую Зямлю, а пасля гэтага распачынае вучобу.

У 1534 годзе на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі святы Францішак Ксавэрый і святы Пётр Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае святарскае пасвячэнне.

Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэннне Святому Айцу.

У 1540 годзе папа Павел ІІІ зацвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 года пасля пятнаццаці гадоў плённага кіравання Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэнне для ўсяго Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай дзейнасці. Святы — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаванняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумлення.

7 спосабаў, як святы Ігнацый можа натхніць вашу сям'ю

Фота: magnific.com

Духоўныя практыкаванні святога Ігнацыя Лаёлы ляглі ў аснову асаблівай ігнацыянскай духоўнасці, якая адрозніваецца асаблівай эфектыўнасцю. Прыклад ягонага жыцця і вучэння можа таксама прынесці нямала карыснага для кожнага верніка і сёння.

Вось простыя спосабы, якімі гэты знакаміты святы XV стагоддзя можа ўмацаваць вашу веру і вашу сям'ю.

1. Вывучайце асновы веры разам са сваімі дзецьмі

Калі святы Ігнацый быў прыкаваны да ложка з нагой, раздробленай гарматным ядром, каб кампенсаваць вольны час, ён прачытаў шмат рэлігійных кніг і адкрыў для сябе Божае слова.

Знайдзіце час, каб правесці яго са сваімі дзецьмі і дапамагчы ім адкрыць для сябе радасць веры з дапамогай кніг, відэа або падчас урокаў катэхэзы.

2. Падкрэсліце важнасць адукацыі

У свае 30 гадоў Ігнацый усвядоміў важнасць вучобы і вярнуўся вучыцца ў школу, у адзін клас разам з дзецьмі. Ён зразумеў: каб дасягнуць таго, што Бог запланаваў для нас, неабходна развіваць усё тое, што Бог уклаў у нас.

Калі вашыя дзеці — асабліва старэйшыя — адчуваюць напружанне з-за вучобы, паспрабуйце пазітыўна заахвоціць іх. Памятайце, што кожны чалавек — унікальны, а адукацыя мае мноства розных формаў, таму даведайцеся, што лепш за ўсё падыходзіць вашаму дзіцяці і мякка накіроўвайце яго.

3. Дапамажыце ім знайсці сваё сапраўднае «я»

Падчас свайго навяртання святы Ігнацый бачыў у Богу свайго настаўніка, які вядзе яго па шляху жыцця. Паколькі менавіта бацькі з'яўляюцца першымі і галоўнымі настаўнікамі сваіх дзяцей, вы можаце паспрабаваць узяць на ўзбраенне ігнацыянскі падыход cura personalis, або «клопат аб цэласнай асобе». Гэта азначае, што трэба глядзець на сваё дзіця, на ўсю яго ўнікальную сутнасць, ставіцца да яго з павагай, не спрабуючы змяніць.

Дапамажыце ім вызначыць і рэалізаваць свой сапраўдны патэнцыял у пазітыўным і добрым святле.

4. Дапамажыце ім шукаць Бога ва ўсім

У мітусні дня і струмені дрэнных навін лёгка загразнуць. Часам з паўсядзённымі праблемамі мы не заўважаем пазітыўных момантаў. Адным з самых цудоўных аспектаў таго, што святы Ігнацый унёс у ранняе вучэнне езуітаў, была думка аб неабходнасці «знаходзіць Бога ва ўсім».

Гэта можна данесці да вашых дзяцей праз самыя простыя рэчы: смачны пах свежага печыва, прыгажосць кветкі, утульныя абдымкі мамы і таты, добрае слова.

5. Вучыце справядлівасці

Справядлівасць займала цэнтральнае месца ў жыцці святога Ігнацыя і яго працах. Бачачы і разумеючы, праз якія складанасці і нягоды праходзяць іншыя, вашыя дзеці могуць развіваць спачуванне. Практычныя ідэі, такія як падтрымка і дапамога таму, хто слабейшы ​​ці менш паспяховы — выдатны спосаб навучыць дзяцей абавязку клапаціцца пра іншых, асабліва пра тых, хто знаходзіцца ва ўразлівым становішчы і мае патрэбу.

6. Вучыце іх думаць, перш чым дзейнічаць

Святы Ігнацый заклікае нас быць «сузіральнікамі ў дзеянні». Гэта можа быць складана для маленькіх дзяцей, але заахвочвайце іх надаваць час таму, каб зразумець, што адбываецца вакол іх. Дапамажыце ім убачыць, як дзейнічае Бог у розных сітуацыях і абставінах і тое, якімі спосабамі яны могуць далучыцца («стаць Яго рукамі»): ад добрага стаўлення да сяброў да дапамогі пажылым людзям.

7. Вучыце іх, што ніколі не бывае позна, каб усё змяніць

Людзі заўсёды могуць змяніць сваё жыццё ці звычкі, нават калі гэтыя перамены даюцца нялёгка. Нагадайце сваім дзецям, што святы Ігнацый да таго, як прыйсці да веры, быў зусім не святым. Ён нарадзіўся ў багатай сям'і, вёў не самы добры лад жыцця і, імкнучыся да славы, стаў жаўнерам. І толькі калі быў цяжка паранены ў баі, яго жыццё перавярнулася і ён прыйшоў да веры. Даверлівыя адносіны з Езусам склаліся ў яго толькі пазней, і гэта не давалася яму лёгка. Ён вагаўся паміж цемрай і святлом, але знайшоў свой шлях да Бога і дапамог прывесці да Яго іншых.

Навучыце сваіх дзяцей, магчыма, на ўласным прыкладзе, што варта быць адкрытым да перамен і выкарыстоўваць магчымасці ў любы момант жыцця. Наша вандраванне ў зямным жыцці завершыцца толькі тады, калі мы дасягнем нашага Нябеснага Айца.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа