Трэці дзень апостальскага падарожжа па Аргенціне, 10 лістапада, папа Леў XIV правёў у Кордаве і Буэнас-Айрэсе. Падчас святой Імшы, сустрэчы з духавенствам і малітоўнага чування з моладдзю ён разважаў пра пакліканне да святасці, місійнае служэнне і вернасць Хрысту. Асаблівым духоўным арыенцірам сталі прыклады святых Аргенціны і спадчына святога Ігнацыя Лаёлы, які вучыў шукаць Божую волю нават тады, калі шлях становіцца цяжкім, а плёны служэння застаюцца нябачнымі.
Белая ружа — знак памяці і духоўнай пераемнасці
Напярэдадні, завяршаючы другі дзень апостальскага падарожжа ў Аргенціну, Леў XIV ушанаваў памяць свайго папярэдніка — папы Францішка. У катэдральным саборы Найсвяцейшай Тройцы ў Буэнас-Айрэсе Святы Айцец затрымаўся перад мемарыяльнай дошкай у гонар спачылага Пантыфіка, які на працягу сямнаццаці гадоў быў арцыбіскупам аргентынскай сталіцы.
![]()
Леў XIV некалькі хвілін маліўся ў цішыні. На малітве прысутнічалі таксама восем пляменнікаў і пляменніц папы Францішка, якіх Леў XIV асабіста запрасіў на сустрэчу. У знак удзячнасці за гасціннасць і візіт на радзімуяны ўручылі Святому Айцу белую ружу.
Белая ружа была сімвалам пабожнасці Францішка да святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Ён верыў, што святая суправаджае яго ў важных рашэннях і штодзённым жыцці, захоўваў яе абразок у кішэні і заўсёды імкнуўся мець побач белую ружу. Нават падчас апошняй шпіталізацыі ў клініцы «Джэмэлі» яна была побач з ім.
Сваякі перадалі Льву XIV гэты сімвал як знак духоўнай пераемнасці, пажадаўшы, каб чуласць, надзея і міласэрнасць, якія Францішак пасеяў у Касцёле, працягвалі квітнець і надалей.
Кордава — «зямля святых»: кожны пакліканы да святасці
Кордава — другі па велічыні горад Аргенціны, размешчаны ў геаграфічным цэнтры краіны. Раніцай Папа ўзначаліў святую Імшу на тэрыторыі Вайсковай авіяцыйнай школы гэтага горада. На цэлебрацыю сабралася каля 650 тысяч вернікаў.
![]()
Літургія адбывалася ва ўспамін святога Льва Вялікага. У гаміліі Пантыфік засяродзіўся на прыкладзе святых і благаслаўлёных Аргенціны, заклікаючы вернікаў наследаваць іх веру, адданасць Хрысту і гатоўнасць прысвяціць жыццё Евангеллю. Леў XIV назваў Кордаву «зямлёй святых», нагадаўшы, што па яе кляштарах і касцёлах, вуліцах і бальніцах хадзілі мужчыны і жанчыны, якія, закахаўшыся ў Езуса, аддалі сваё жыццё за Добрую Навіну.
Сярод іх Папа асабліва вылучыў святога Хасэ Габрыэля дэль Расарыё Брачэра, вядомага як Кура Брачэра, і святую Марыю Антонію дэ Пас і Фігераа, якую называюць Мама Антула. Ён таксама прыгадаў мучанікаў і шматлікіх благаслаўлёных — пастыраў, кансэкраваных асобаў і свецкіх вернікаў.
Пантыфік звярнуў увагу на разнастайнасць іх харызмаў і жыццёвых шляхоў аргенцінскіх святых, параўноваючы іх з гарамі Кордавы — як яны адрозніваюцца прыгажосцю і гармоніяй сваіх абрысаў і адценняў, так і гэтыя святыя атрымалі розныя дары і місіі. Аднак усіх іх аб'ядноўвала любоў да Хрыста і гатоўнасць адказаць на выклікі свайго часу.
«Усе мы пакліканы да святасці. У гэтым заключаецца нашае заданне на зямлі — дасягнуць дасканалай еднасці з Богам. Больш за тое, гэтае пакліканне заўсёды мае місійны характар: мы павінны адкрываць іншым прыгажосць, якую самі спазналі ў Хрысце»,
— сказаў Леў XIV.
![]()
Папа падкрэсліў, што найлепшы спосаб навучыць іншых святасці — самому жыць паводле Евангелля. Свет чакае не столькі прыгожых словаў і пераканаўчых прамоў, колькі сведчання ўласным жыццём і малітвай. «Прыклад тых, хто апярэдзіў нас на гэтым шляху, і сёння заклікае нас жыць так, як жылі яны, і аддаваць сваё жыццё, як гэта зрабіў дзеля нас Хрыстус і як дасканала ўмелі наследаваць Яму яны», — адзначыў Святы Айцец.
Разважаючы пра спадчыну аргенцінскіх святых, Пантыфік звязаў іх асабістую святасць з адказнасцю за грамадства. Яны не аддзялялі любоў да Евангелля ад удзелу ў будаванні братэрскай і салідарнай айчыны, і арымаючы выклікі свайго гістарычнага часу, яны ператваралі іх у магчымасць абвяшчэння Добрай Навіны.
![]()
Цяпер, паводле Папы, наступнае пакаленне павінна працягваць гэты шлях:
Усе гэтыя святыя і благаслаўлёныя ўжо выканалі сваю місію на зямлі. Цяпер нашая чарга ісці па светлым шляху святасці, які яны нам пакінулі. Мы цэлебруем гэтую святую Імшу, молячыся аб асвячэнні аргенцінскага народа, аб асвячэнні ўсіх вас. Адкрыйце свае сэрцы і з Божай ласкай ідзіце і будзьце святымі: у школе і на плошчы, у сям'і і сярод сяброў, у вёсцы і горадзе, на ферме і ў офісе. Ідзіце і евангелізуйце!»
— заклікаў Леў XIV.
У гэтым закліку выразна прагучала думка, якая пазней стане цэнтральнай і ў сустрэчы з моладдзю: пакліканне да святасці заўсёды мае місійны характар. Яно не замыкае чалавека ў асабістым духоўным жыцці, але вядзе да іншых.
«Калі мы разам, мы можам дасягнуць усяго»
Пасля святой Імшы Папа накіраваўся адпачыць у рэзідэнцыю арцыбіскупа Кордавы. Каля будынка яго чакалі тысячы людзей. Леў XIV выйшаў на балкон і звярнуўся да прысутных з кароткай імправізаванай прамовай.
![]()
Святы Айцец падзякаваў жыхарам горада за гасціннасць, але перадусім прапанаваў разам падзякаваць Богу за дар жыцця, веры і энтузіязм моладзі. Асабліва Пантыфік вылучыў неабходнасць захоўваць еднасць. У грамадстве, дзе нярэдка ўзнікаюць падзелы і супярэчнасці, здольнасць заставацца разам становіцца важнай умовай агульнага дабра.
«Калі мы разам, мы можам дасягнуць усяго. Бог побач з вамі і заўсёды будзе прысутнічаць у вашым жыцці»,
— сказаў Папа. Ён заклікаў аргенцінцаў цаніць дар веры і дзяліцца ім з іншымі, не замыкаючыся ў асабістых перакананнях.
![]()
На заканчэнне Леў XIV удзяліў прысутным апостальскае благаслаўленне і пажадаў: «Няхай Бог благаславіць усю Кордаву! Няхай жыве Хрыстус!» Пасля кароткага адпачынку Святы Айцец працягнуў праграму сустрэчай з мясцовым духавенствам.
«Для чаго мы тут?»
У катэдральным саборы Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Кордаве Леў XIV сустрэўся з біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі.
![]()
Цэнтральнае месца ў яго разважанні заняла духоўная спадчына святога Ігнацыя Лаёлы і асабліва яго духоўныя практыкаванні, якія дапамагалі многім пакаленням хрысціянаў распазнаваць Божую волю і знаходзіць сваё пакліканне.
Леў XIV прапанаваў прысутным пачаць разважанне з пытання, якое ляжыць у аснове духоўных практыкаванняў святога Ігнацыя: «Для чаго мы тут?» Гэтае пытанне вяртае чалавека да пачатку яго хрысціянскага шляху. Перад кожнай адказнасцю, перад кожным служэннем, пасадай або абавязкам было асабістае запрашэнне Хрыста ісці за Ім. Таму важна не дазволіць штодзённай дзейнасці засланіць першапачатковы сэнс паклікання.
![]()
Аднак з цягам часу можа ўзнікнуць парадокс: чалавек шмат працуе для Бога, але ўсё менш часу праводзіць з Ім. Ён заклікаў святароў і кансэкраваных асобаў вяртацца да Эўхарыстыі, слухання Божага слова і асабістай малітвы, не дазваляючы клопатам, стомленасці і руціне пагасіць агонь паклікання.
«Нашае жыццё належыць Богу і знаходзіць сапраўдны парадак толькі тады, калі Ён застаецца ў цэнтры ўсяго»,
— падкрэсліў Святы Айцец.
Наступным крокам духоўнага распазнавання павінна стаць сумленнае прызнанне ўласных недахопаў. Леў XIV заклікаў не баяцца паглядзець на сябе праўдзіва і заўважыць, у чым чалавек адышоў ад вернасці Богу.
Сярод небяспек, якія могуць паступова разбураць святарскае і манаскае служэнне, ён назваў жорсткасць да іншых, нежаданне прымаць заўвагі, суперніцтва, празмерныя прывязанасці і схільнасць апраўдваць уласныя памылкі.
Таму Папа заахвоціў рэгулярна рабіць рахунак сумлення, прыступаць да сакрамэнту паяднання і захоўваць пакору, якая дазваляе прыняць папраўку і змяніцца.
![]()
Наступнай тэмай прамовы стала свабода. Леў XIV падкрэсліў, што сапраўдная свабода — гэта прыняць Божую волю, нават калі яна вядзе туды, куды чалавек не планаваў ісці, або патрабуе адмовіцца ад таго, чаму ён прысвяціў шмат гадоў
У такой сітуацыі важна не трымацца за ўласныя планы любой цаной, а вучыцца распазнаваць Божую волю. Папа звярнуў увагу і на семінарыстаў, заклікаючы іх глядзець на свет вачыма Бога і дазваляць самому Божаму народу евангелізаваць іх. Нават чалавек, які мае вельмі мала, можа стаць настаўнікам у веры.
Асобна Леў XIV спыніўся на сацыяльнай місіі Касцёла. Ён адзначыў шматлікія ініцыятывы дапамогі бедным і тым, хто пакутуе, аднак хрысціянская блізкасць не павінна абмяжоўвацца матэрыяльнай падтрымкай.
Папа працытаваў словы Францішка з апостальскай адгартацыі Evangelii gaudium (200), у якой той сцвярджаў, што «найгоршай дыскрымінацыяй, якую спазнаюць убогія, з'яўляецца недахоп духоўнай апекі».
Голад, несправядлівасць, хвароба, адзінота, беспрацоўе і адсутнасць годнага жылля патрабуюць канкрэтнага адказу хрысціянскай любові. Аднак Касцёл павінен не толькі дапамагаць чалавеку вырашаць жыццёвыя праблемы, але і адкрываць яму магчымасць сустрэчы з Хрыстом.
![]()
Леў XIV нагадаў таксама словы свайго папярэдніка пра тое, што Касцёл — гэта не крама, не гуманітарная ўстанова і не няўрадавая арганізацыя. Яго найважнейшая місія — несці свету Езуса Хрыста і Яго Евангелле.
«Найвялікшы дар, які Касцёл можа прапанаваць чалавеку, — гэта Езус Хрыстус»,
— падкрэсліў Пантыфік.
Працягваючы разважанне над духоўнымі практыкаваннямі святога Ігнацыя, Папа звярнуўся да медытацыі над мукай Хрыста. Ён правёў паралель паміж евангельскім досведам цярпення і выпрабаваннямі, якія сустракаюць людзей на шляху паклікання.
У святарскім і кансэкраваным жыцці бываюць перыяды, калі не відаць плёну служэння, малітва становіцца сухой, першапачатковы энтузіязм згасае, а вернасць патрабуе асаблівых намаганняў. У гэтым кантэксце Папа прыгадаў святога Гектара Вальдыв'ельса Саэса, першага аргенцінскага святога, які загінуў мучаніцкай смерцю ва ўзросце 24 гадоў, а таксама святога Хасэ Габрыэля Брачэра, які, нягледзячы на слепату і праказу, працягваў служыць свайму народу. Іх прыклады сведчаць, што фізічныя абмежаванні, стомленасць і цяжкасці не павінны станавіцца прычынай адмовы ад паклікання.
«Нашы сілы могуць вычарпацца, але моц Бога ніколі не вычэрпваецца»,
— нагадаў Леў XIV.
![]()
Святы Айцец заклікаў аргенцінскі Касцёл не баяцца шукаць новыя спосабы евангелізацыі, у тым ліку з дапамогай сучасных тэхналогій. Важна распазнаваць новыя шляхі місіі, не губляючы яе сутнасці — абвяшчэння Хрыста. Пантыфік прапанаваў біскупам і душпастырам марыць пра Касцёл, у якім моладзь задаецца пытаннем, ці не кліча яе Хрыстус; дзе парафіі становяцца жывымі супольнасцямі веры, а семінарыі і навіцыяты фарміруюць будучых святых.
Леў XIV адзначыў, што да штодзённага жыцця важна вяртацца з новай надзеяй і жаданнем працягваць служэнне. Нават калі чалавек не ўбачыць плёнаў сваіх намаганняў, яны могуць прынесці карысць наступным пакаленням.
Папа заклікаў не спыняцца на шляху да святасці і выказаў перакананне, што Бог яшчэ здзейсніць шмат вялікіх спраў у Аргенціне. Ён заклікаў Маці Божую Луханскую суправаджаць аргенцінскі Касцёл на гэтым шляху.
Моладзі - не схіляцца перад тым, што не можа даць жыццё
Вечарам, пасля вяртання ў Буэнас-Айрэс, Леў XIV сустрэўся з аргентынскай моладдзю падчас малітоўнага чування каля Помніка іспанцам. У ім узялі ўдзел каля мільёна маладых людзей.
![]()
Калі падчас сустрэчы з духавенствам Папа разважаў пра вернасць пакліканню і выпрабаванні, якія суправаджаюць служэнне, то цяпер ён звярнуўся да юнакоў і дзяўчат, якія толькі шукаюць сваё месца ў жыцці і вучацца распазнаваць Божы заклік.
На чуванні прагучалі сведчанні маладых людзей, а Святы Айцец адказаў на іх пытанні. Адной з галоўных тэм стала расчараванне, якое ўзнікае, калі чалавек імкнецца дапамагаць іншым, але сутыкаецца з уласнымі абмежаваннямі і не бачыць жаданых вынікаў. Леў XIV прызнаўся, што разумее гэтае пачуццё, але заклікаў не губляць надзеі.
![]()
Пантыфік нагадаў пра гады, якія Езус правёў у Назарэце, працуючы ўласнымі рукамі і падзяляючы жыццё ў сям’і. «Сын Божы сам захацеў жыць менавіта так! Ён навучыў нас, што нават у звычайных справах мы можам сустракацца з Ім», - сказаў Святы Айцец. А потым дадаў:
«Таму мы не павінны жыць двума асобнымі жыццямі: адным – для Бога, а другім – для нашых штодзённых заняткаў. Калі працуеш, вучышся або праводзіш час з сябрамі, рабі гэта з любоўю і ахвяруй усё Пану. Так і твая праца стане малітвай і шляхам да святасці».
У якасці духоўнага арыенціра Леў XIV прывёў словы святога Ігнацыя Лаёлы: «Дзейнічай так, быццам усё залежыць ад цябе, ведаючы, што насамрэч усё залежыць ад Бога». Папа заклікаў рабіць усё, што ў чалавечых сілах, укладаць у служэнне сэрца і аб'ядноўваць намаганні з іншымі. Але калі надыходзіць мяжа ўласных магчымасцяў, трэба памятаць, што Божая моц не вычэрпваецца.
![]()
У далейшай прамове Леў XIV звярнуўся да біблійнай гісторыі трох юнакоў, якія адмовіліся пакланіцца залатой статуі Навухаданосара (Дан 3). Паводле кнігі прарока Даніэля, кароль загадаў усім людзям упасці на калені перад залатым ідалам. Аднак трое юнакоў — Сэдрах, Місак і Абдэнаго — засталіся вернымі Богу, нягледзячы на пагрозу быць кінутымі ў распаленую печ. Папа прапанаваў убачыць у гэтай гісторыі паралель з сучасным жыццём. «І сёння ўзвышаюцца ідалы, якія патрабуюць нашага пакланення: поспех любой цаной, грошы, апантанасць знешнасцю, папулярнасцю або нястрыманым пошукам задавальненняў», — сказаў Пантыфік.
Асабліва Святы Айцец перасцярог моладзь ад зайздрасці, эгаізму, залежнасцей і жадання атрымаць адабрэнне іншых цаной хлусні, здрады або прыніжэння бліжніх, у тым ліку ў сацыяльных сетках. Вяртаючыся да трох юнакоў з біблійнай гісторыі, Папа адзначыў, што сапраўдная свабода заключаецца не ў тым, каб рабіць усё, чаго хочацца, а ў здольнасці заставацца верным Богу, нават калі гэта патрабуе мужнасці і ахвярнасці.
«Не схіляйцеся перад тым, што не можа даць вам жыццё! А калі ўпалі, уставайце! Не дазваляйце нікому і нічому пазбавіць вас свабоды, якую даў вам Бог»,
— заклікаў Леў XIV.
![]()
Яшчэ адной важнай тэмай чування стала адкрытасць Касцёла для людзей з розным жыццёвым досведам. Папа звярнуўся да тых, хто адышоў ад веры, перастаў маліцца, перажыў расчараванне або адчувае сябе непажаданым у касцёльнай супольнасці. У якасці прыкладу ён прыгадаў евангельскую гісторыю пра Закхея (Лк 19, 1–10), які залез на дрэва, каб убачыць Езуса, але адкрыў, што сам Езус шукаў яго і захацеў наведаць яго дом. Гэтая сустрэча змяніла жыццё Закхея і заахвоціла яго выправіць учыненую несправядлівасць.
«Ніхто не апусціўся настолькі нізка, каб Хрыстус не мог яго падняць», — сцвердзіў Пантыфік. Ён заклікаў хрысціянскія супольнасці прымаць тых, хто прыходзіць з пытаннямі, дапамагаць тым, хто пакутуе, і цярпліва суправаджаць тых, хто шукае Бога.
У гэтым кантэксце Леў XIV нагадаў словы Францішка «Усе, усе, усе», прамоўленыя падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне ў 2023 годзе, і прапанаваў тры вымярэнні хрысціянскага жыцця.
- Першае — усе да Хрыста: кожны чалавек, незалежна ад свайго мінулага, пакліканы наблізіцца да Яго.
- Другое — усе з Хрыстом: Бог не пакідае чалавека нават у самых цяжкіх выпрабаваннях і прапануе жыццё, якога не можа адабраць нават смерць.
- Трэцяе — усе як Хрыстус: той, хто знайшоў Яго, пакліканы наследаваць Яго спосаб жыцця, асабліва ў служэнні іншым.
«Хрыстус любіць нас і хоча зрабіць нас удзельнікамі свайго жыцця. Ён паабяцаў заставацца са сваімі вучнямі аж да сканчэння свету. Хрыстус прапануе вам жыццё, якога не зможа адабраць нават смерць!»
— запэўніў Леў XIV.
![]()
Святы Айцец заклікаў моладзь не баяцца навяртання і сакрамэнту паяднання, маліцца, чытаць Евангелле, прыступаць да Эўхарыстыі і праслаўляць Бога ўсімі сваімі ўчынкамі. Пантыфік прапанаваў нават звычайныя заняткі зрабіць своеасаблівай малітвай: мастацтва і культуру, спорт і навуку, тэхналогіі, сацыяльныя сеткі, музыку і футбол — усё гэта можна ператварыць у праслаўленне Бога, калі займацца ім з любоўю і адказнасцю.
Пры гэтым ён нагадаў пра Евангелле паводле Яна, дзе Езус абмывае ногі сваім вучням (Ян 13, 1–15). Гэты жэст паказвае, што сапраўдная веліч чалавека выяўляецца не ва ўладзе і прызнанні, а ў здольнасці служыць іншым. «Той, хто знайшоў Хрыста, пакліканы жыць так, як Ён», — падкрэсліў Святы Айцец.
![]()
На заканчэнне Леў XIV заклікаў маладых людзей быць уважлівымі да тых, хто пакутуе, дзяліцца хлебам з галоднымі, адчыняць дзверы тым, каму няма дзе жыць, наведваць хворых і тых, каго ніхто не хоча наведваць. Святы Айцец нагадаў і пра нябачныя цярпенні — патрэбу ў парадзе, словах суцяшэння, падтрымцы і простым адчуванні, што цябе любяць.
«Колькі магчымасцяў Пан дае нам, каб быць падобнымі да Яго! Няхай ваша жыццё будзе падобнае да старонак Евангелля, напісаных чарнілам міласэрнасці, каб кожны, хто сустрэне вас, мог пазнаць у вас след любові і радасці Езуса. Гэтая радасць нараджаецца з сяброўства з Ім і падштурхоўвае нас несці Яго іншым»,
— сказаў Папа.
11 лістапада папа Леў XIV завяршае візіт у Аргенціну. Праграма дня прадугледжвае наведванне зняволеных і святую Імшу ў Лухане, а ўвечары пачнецца перуанскі этап апостальскага падарожжа.




