
Падарожжа з Папам Львом XIV — выдатная магчымасць для суправаджаючых яго журналістаў лепш з ім пазнаёміцца. На шляху ў Афрыку Святы Айцец падзяліўся кнігай, якая, як ён падкрэсліў, уключае ў сябе выдатныя парады аб тым, як паглыбіць малітву. Папа згадаў лісты святога Аўгустына — свайго духоўнага айца, па слядах якога ён пілігрымаваў па Алжыры. Заахвоціў таксама прачытаць «Споведзь» святога Аўгустына.
Папа адказвае на пытанне аб малітве
Пра тое, як лепш маліцца, спытала Льва XIV журналістка Кортні Марэс з амерыканскага агенцтва OSV NEWS. Для размовы аб любімых духоўных чытаннях яна выкарыстала час у пачатку падарожжа ў Афрыку, калі Папа праходзіў праз кабіну самалёта, абменьваючыся некалькімі словамі з кожным з суправаджаючых яго сямідзесяці журналістаў. Леў XIV з усмешкай адказаў на яе пытанне, парэкамендаваўшы канкрэтны ліст святога Аўгустына, які, паводле яго слоў, змяшчае выдатныя парады аб тым, як паглыбіць малітву.
«Ліст да Пробы»
Духоўнае чытанне, рэкамендаванае Папам, — гэта «Ліст да Пробы», таксама вядомы як «Ліст 130», напісаны святым Аўгустынам каля 412 года. «Аўгустын дае выдатныя парады і рэкамендацыі, калі гэта можна так назваць, якія датычаць таго, як наша малітва сапраўды можа набыць значэнне», — сказаў Леў XIV.
Гэты ліст быў напісаны ў адказ на ліст багатай рымскай удавы па імені Проба, якая звярнулася да свайго біскупа Аўгустына і выказала здзіўленне словамі святога Паўла з Паслання да Рымлянаў, у якім ён піша пра тое, што «мы не ўмеем маліцца так, як трэба» (Пар. Рым 8,26). У сваім адказе святы Аўгустын прадстаўляе малітву не толькі як словы, звернутыя да Бога, але і як жаданне: «Доўга маліцца зусім не значыць — як думаюць некаторыя — маліцца многімі словамі. Адна справа — гэта шматслоўе ў малітве, зусім іншая — пастаянне жаданне (малітвы).
Маліцца доўга — значыць стукаць да Бога бесперапынным і пабожным запалам сэрца.
Звычайна малітва праяўляецца больш ва ўздыхах, стогнах, чым у словах; у слязах, а не ў прамаўленні».
Парады святога Аўгустына
Ліст святога Аўгустына да Пробы — гэта класічны трактат аб малітве, у якім ён тлумачыць, як жадаць вечнага жыцця, настойліва маліцца і інтэрпрэтаваць малітву Панскую.
Аўгустын падкрэслівае, што малітва служыць для ажыўлення жадання Бога, а не для інфармавання Яго аб нашых патрэбах, і вучыць «прасіць аб адным».
Айцец Касцёла нагадвае, што малітва патрэбная не Богу, а чалавеку: «Мы адрываем розум ад многіх клопатаў і заняткаў, сярод якіх як бы астывае святое жаданне, і аддаемся малітве. Словамі малітвы мы прыгадваем тое, чаго хочам дасягнуць, каб жаданне, якое ўжо пачало астываць, зусім не астыла, а з-за адсутнасці пастаяннага падсілкоўвання не згасла цалкам». Святы Аўгустын паказвае «што словы малітвы неабходныя нам, каб нагадаць сабе і зразумець, пра што мы павінны прасіць. Таму не будзем меркаваць, што мы павучым імі Пана або прымусім выканаць нашу волю».
Чытанне «Споведзі» святога Аўгустына
Падчас размовы з амерыканскай журналісткай Леў XIV пажартаваў, што зварот да святога Аўгустына ў яго вучэнні ўяўляе сабой свайго роду паўтаральны матыў, хоць, як Папа прызнаўся, ён ужо чуе заклікі менш цытаваць свайго настаўніка. Аднак нездарма, распачаўшы свой пантыфікат, Святы Айцец прадставіўся свету як «сын святога Аўгустына» і цяпер адправіўся ў пілігрымку па яго слядах. Папа адзначыў, што калі хтосьці яшчэ не чытаў «Споведзі» святога Аўгустына, то яго пілігрымка ў Афрыку, дзе гэты святы жыў і дзе ён служыў біскупам Гіпоны, — выдатная нагода звярнуцца да гэтай кнігі. Леў XIV дадаў, што гэта чытанне з'яўляецца цудоўным адпраўным пунктам для знаёмства з яго духоўным айцом.
«Прачытайце гэтую кнігу, і вы даведаецеся, хто я»
Гэта быў не першы раз, калі Леў XIV дзяліўся з журналістамі сваімі духоўнымі чытаннямі. Вяртаючыся з апостальскага падарожжа ў Турцыю і Ліван, Папа парэкамендаваў кнігу «Практыка прысутнасці Бога», якая, як ён падкрэсліў, «дазваляе лепш зразумець, хто такі Прэвост» і «пазнаёміцца з яго духоўнасцю».
«Гэта вельмі простая кніга, напісаная шмат гадоў таму кімсьці, хто нават не падпісаў імя, а (яго) імя — брат Лаўрэнцій. Ён апісвае тып малітвы і духоўнасці, калі чалавек проста аддае сваё жыццё Пану і дазваляе Яму весці яго»,
— сказаў Папа. Пасля гэтай рэкамендацыі духоўныя разважанні кармэліта XVII стагоддзя зніклі з паліц. Ва ўступе да новага італьянскага выдання Пантыфік адзначыў, што «гэты твор вучыць, як жыць кожны дзень у свядомасці Божай прысутнасці і чэрпаць з яе духоўную радасць».







