Пошук

18.02.2026 08:55   Паводле: vira.cz / Пераклад і адаптацыя: catholic.by

Фрагмент карціны Рэмбрандта Харменса ван Рэйна «Вяртанне марнатраўнага сына», 1668.

Сёння пачынаецца Вялікі пост. Каб зразумець, як зрабіць гэты літургічны перыяд плённым для свайго духоўнага жыцця, варта заглыбіцца ў яго сутнасць.

Падрыхтоўка да Вялікадня

Пачнём з заканчэння Вялікага посту — з Вялікадня.

Гэта галоўнае свята ўсіх хрысціян: уся сутнасць і сіла хрысціянства заключаецца ў смерці, Уваскрасенні і праслаўленні Езуса Хрыста. І ўдзел у гэтай таямніцы дасягаецца чалавекам праз яднанне з Хрыстом праз хрост. Таму нядзіўна, што адной з галоўных задач Вялікага посту з'яўляецца кульмінацыя падрыхтоўкі катэхуменаў да хросту. Для іншых вернікаў гэты час з'яўляецца падрыхтоўкай да аднаўлення абяцанняў хросту на Вялікдзень.

Вялікі пост таксама з'яўляецца прыдатным часам для абнаўлення разумення хрысціянскага жыцця як вялікага падарожжа ў Дом Айца.

Ён пачынаецца ў Папяльцовую сераду з абраду пасыпання галавы попелам і закліку «Кайцеся і верце ў Евангелле» (Мк 1,15). Гэтымі словамі Езус распачаў сваю місію на зямлі, каб прымірыць чалавецтва з Айцом і наставіць кожнага на шлях жыцця. Бог Айцец падрыхтаваў план збаўлення для ўсіх, хто выйшаў ад яго і ідзе да яго.

Бог не гневаецца

Памылковае перакананне ў тым, што Бог незадаволены намі, што ён суровы, сварлівы, помслівы і абыякавы, якімі мы маглі б быць на яго месцы, забівае ў нас надзею, веру, любоў і жыццё...

Але ўсё Аб'яўленне кажа нам, што Бог не такі, як мы. Ён — Айцец, крыніца любові.

Менавіта гэта кажа Езус у прыпавесці пра міласэрнага айца і марнатраўнага сына (пар. Лк 15,11-32). Яго любоў прапануе сябе і дастасоўваецца да кожнага з нас. Аднак мы напаўняемся любоўю ў той меры, у якой на яе адкрываемся. Яго любоў і творчая сіла здольныя змяніць нашае жыццё. «І ён ўстаў, і пайшоў да свайго бацькі. А калі быў яшчэ далёка, убачыў яго бацька ягоны і зжаліўся; і, пабегшы, кінуўся яму на шыю, і пацалаваў яго» (Лк 15, 20). Хрыстус адкрыў нам Бога як Айца поўнага міласэрнасці (Ян Павел II).

Не спадзявацца толькі на свае ўласныя сілы

Ад Божай любові нас аддзяляе недавер да Бога, жаданне дасягнуць шчасця і самарэалізацыі ў жыцці толькі ўласнымі сіламі. Усё гэта прыводзіць чалавека да граху, які з'яўляецца перашкодай для прыняцця Божай любові, а часам нават да адхілення яе.

Такім чынам, навяртанне заключаецца ў наступным: звярнуцца да Бога, дазволіць Богу любіць сябе і ў сіле гэтай любові хадзіць яго шляхамі.

Шлях навяртання нясе з сабой як «негатыўны» аспект: вызваленне ад граху і зла, так і «пазітыўны»: зварот да дабра. У гэтай перспектыве сакрамэнт пакаяння можна разглядаць як важны этап на шляху навяртання ахрышчанага чалавека.

Асаблівыя крокі навяртання падчас Вялікага посту, правераныя стагоддзямі

Малітва

Малітва набліжае нас да Бога. Гэта магчымасць перагледзець і абмеркаваць з Панам усё важнае ў нашым жыцці. Але малітва — гэта яшчэ і выраз нашай любові да бліжніх, калі мы молімся за іншых, вядомых і невядомых, за людзей, якім гэтае служэнне можа прынесці карысць.

Вось некалькі парадаў:

  • Зрабіце малітву асвячэннем свайго дня: маліцеся раніцай, вечарам, перад ежай.
  • Маліцеся па магчымасці ўсёй сям'ёй.
  • Чытайце Біблію: спачатку хаця б час ад часу, затым пачніце рэгулярна.
  • Удзельнічайце ў жыцці вашай парафіі і духоўных практыках, якія яна прапануе.
  • Імкніцеся да добрых думак, яны з'яўляюцца неабходнай умовай для любога развіцця.

Малітва — гэта свядомае жыццё ў прысутнасці Бога.

Пост

Пост — гэта не толькі адмаўленне сабе ў ежы. Пост — гэта адмова ад усяго, без чаго можна абысціся і што перашкаджае, знявольвае нас. Дзякуючы посту мы даём больш месца Богу ў нашым жыцці і атрымліваем магчымасць лепш спазнаць саміх сябе.

Некалькі парадаў:

  • Практыкуйце ўстрыманне: у ежы, піцці, непераадольных шкодных звычках, праглядзе тэлевізара і інтэрнэту, паходах па крамах і г.д.
  • Захоўвайце Папяльцовую сераду і Вялікую пятніцу як асаблівыя дні посту: толькі адзін раз паешце дасыта і адмоўцеся ад мяса.
  • Адрачыцеся ад чаго-небудзь у кожную пятніцу — адрачэнне можа прымаць розныя формы: адмова ад канкрэтнага прадукту, абмежаванне спажывання ў цэлым. Тое, што будзе зэканомлена ў выніку такой адмовы, павінна быць накіравана на карысць тых, хто мае патрэбу.
  • Сутнасці адрачэння ў пятніцу адпавядаюць таксама розныя формы асабістай і супольнай малітвы, а таксама служэнне і дапамога іншым людзям.
  • У якасці поснага ахвяравання адкладзіце пэўную суму грошай: для галодных і тых, хто пакутуе па іншых прычынах.
  • Пост можа азначаць таксама адмову ад камфорту, нецярпімасці ў адносінах да іншых, незацікаўленасці ў іншых людзях, прывязанасці да грошай.

Адрачэнне азначае адмову ад жадання «мець», а таксама свабоднае, адказнае і ўсвядомленае жыццё.

Міласціна і добрыя ўчынкі

Міласцінай, чыненнем дабра, ахвярнасцю мы можам ўзбагаціць таго, хто ў гэтым мае патрэбу. Міласціна можа азначаць: аддаваць сябе, свой час, свой удзел, цярплівасць, матэрыяльныя сродкі ўсім тым, каму яны неабходныя. Ад уласных дзяцей, спадарожнікаў жыцця, бацькоў да людзей адзінокіх, няшчасных, якія пакутуюць, якія стаміліся...

Адмаўляючыся ад чаго-небудзь дзеля дабра бліжніх, мы рэалізуем галоўную запаведзь любові і прыпадабняемся да Хрыста.

Парады:

  • Дапамагайце іншым насіць іх цяжары (пар. Гал 6, 2) і распазнавайце іх схаваныя пакуты.
  • Адкрыйце свае вушы і сэрца для маладушных, бездапаможных і тых, хто у роспачы.
  • Клапаціцеся аб пажылых людзях, хворых і інвалідах.

Пакаянне

Паяднанне з Богам і бліжнім — крыніца радасці.

Некалькі парадаў:

  • Старанна падрыхтуйцеся і прыступіце да сакрамэнту пакаяння.
  • Удзельнічайце ў адмысловых велікапосных набажэнствах, каб пранікнуцца духам пакаяння і шчырым жалем за ўчыненыя грахі.
  • Зрабіце першым крок да прымірэння з бліжнім, старайцеся заўважаць добрае ў людзях.

Заклік Езуса да навяртання ў першую чаргу накіраваны на навяртанне сэрца, на ўнутранае пакаянне. Без гэтага ўсе дзеянні застаюцца бясплоднымі і ілжывымі.

Абноўлена 18.02.2026 09:28
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа