Пошук

21.08.2024 10:38   Тэкст: кс. Юрый Жэгарын / Фота: Ірэна Варкулевіч / Catholic.by

У суботу 18 жніўня адбылася святая Імша падзякі за магчымасць аднаўлення 200-гадовай капліцы Заборскіх на старых дамініканскіх могілках у Навагрудку (Гродзенская дыяцэзія).

Капліца была нядаўна адноўлена намаганнямі вернікаў навагрудскай парафіі святога Арханёла Міхала на чале з іх пробачшам, ксяндзом Юрыем Жэгарыным, што стала магчымым дзякуючы падтрымцы мецэнатаў.

Цэлебрацыю святой Імшы падзякі ў адноўленай святыні ўзначаліў ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі, рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне.

У прамоўленай гаміліі ксёндз Віталь падкрэсліў асаблівасць падзеі і тое, што што гэтае месца з’яўляецца бачным знакам духоўнай спадчыны мінулых пакаленняў — людзей, чые парэшткі спачываюць на гэтым святым месцы.

Пасля святой Імшы святары і вернікі выйшлі на малітву за памерлых святароў, манахаў і вернікаў, пахаваных на старадаўніх могілках.

Дамініканскія могілкі ў Навагрудку былі заснаваныя напрыканцы XVIII стагоддзя.

У цэнтры некропаля знаходзіцца мураваная капліца XIX стагоддзя з надмагіллем Юзафа Заборскага.

На ўмураванай пад вакном чыгуннай пліце захаваўся надпіс на польскай мове, які распачынаецца лацінскім скаротам D. O. M., які часта можна ўбачыць на сакральных будынках і хрысціянскіх помніках, што азначае Deo Optimo Maximo — «Богу Найлепшаму, Найвышэйшаму». Далей ідзе эпітафія, што тут спачывае Альбрыхт Юзаф Заборскі, капітан Навагрудскага ваяводства, які памёр 15 снежня 1802 года. «Просіць трох Анёльскіх прывітанняў», — гэта значыць тройчы памаліцца «Вітай, Марыя» за супакой яго душы.

 

 

Абноўлена 21.08.2024 13:06
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.