Пошук

21.01.2025 16:43   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Андрэя Юхніка з архіву МВДС у Гродне

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе адмысловае Паведамленне на нядзелю Божага слова, якая сёлета прыпадае 26 студзеня.

«На Слова Тваё спадзяюся».
Пс 119 (118), 74

Шаноўныя святары, сёстры законныя, любыя сёстры і браты!

У нядзелю 26 студзеня 2025 года разам з паўсюдным Касцёлам мы будзем цэлебраваць ужо ў чацвёрты раз нядзелю Божага слова. Дэвіз, які абраў Папа Францішак на гэтае святкаванне, узяты з кнігі Псальмаў: «На Слова Тваё спадзяюся» (Пс 119 (118), 74).

Памятаем, як 30 верасня 2019 года быў абнародаваны Апостальскі ліст Папы Францішка Aperuit illis з нагоды 1600-й гадавіны смерці вялікага знаўцы і перакладчыка Святога Пісання святога Гераніма. У гэтым дакуменце ў форме motu proprio, які з’явіўся з уласнай ініцыятывы Святога Айца, Папа Францішак пастанавіў, што кожная Трэцяя нядзеля Звычайнага перыяду будзе святкавацца як нядзеля Божага слова.

На думку Папы Францішка, гэты дзень павінен быць асаблівым чынам прысвечаны цэлебрацыі, спалучанай з разважаннем над Божым словам і яго распаўсюджваннем.

Гэта, па словах Пантыфіка, з’яўляецца адказам на ініцыятыву шматлікіх вернікаў, якія даўно аб гэтым прасілі.

Папа Францішак нагадвае, што Божае слова стварае прапаведнікаў, «бо мы пакліканы быць лаўцамі людзей. Наша місія заключаецца ў тым, каб шукаць згубленых, прыгнечаных і знявераных, каб прынесці ім не саміх сябе, але суцяшэнне Слова, наватарскае абвяшчэнне Бога, якое перамяняе жыццё, радасць ад усведамлення таго, што Ён — Айцец, што Ён звяртаецца да кожнага».

Такім чынам, напярэдадні, падчас цэлебрацыі ці пасля нядзелі Божага слова прапануецца:

  • праводзіць адмысловыя фармацыйныя сустрэчы, каб дапамагаць лепшаму разуменню Святога Пісання і яго каштоўнасці ў літургічных цэлебрацыях;
  • у літургіі можа адбывацца ўрачыстае ўнясенне Святога Пісання, чытанне Божага слова; гаміліі могуць быць прысвечаны каштоўнасці Бібліі;
  • у гэты дзень біскупы могуць прымаць адпаведных кандыдатаў у шэрагі лектараў або даручаць іншае падобнае служэнне;
  • пробашчы могуць знайсці адпаведную форму, каб уручаць Біблію ці адну з яе кніг усёй парафіяльнай супольнасці, падкрэсліваючы важнасць штодзённага чытання Святога Пісання і малітоўнага разважання над ім, напрыклад, у форме lectio divina.

Браты і сёстры, Папа Францішак нагадвае, што «Біблія — гэта Кніга народа Пана, які, слухаючы яе, пераходзіць ад рассеяння і падзелаў да адзінства».

З дарам малітвы,

Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 20 студзеня 2025 г.

Абноўлена 21.01.2025 19:37
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця