З 29 лістапада па 1 снежня ў кляштары айцоў францішканаў у Івянцы (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) прайшлі біблійныя рэкалекцыі, у якіх узялі ўдзел вернікі з розных мясцін Беларусі.
Кляштар у Івянцы — месца добра вядомае сярод аматараў францішканскай духоўнасці і хрысціянскіх музыкаў. Але ўжо трэці год сюды прыязджаюць на духоўныя прыктыкаванні таксама тыя, хто шукае ў Святым Пісанні адказы на свае жыццёвыя выклікі.
У цэнтры духоўных практыкаванняў, пабудаваных на Святым Пісанні, гэтым разам была асоба прарока Іллі паводле Першай Кнігі Валадарстваў.
Тэма рэкалекцый на пачатку Анвэнту была акрэслена наступным чынам: «Галодны прарок. Крызіс і Божая тэрапія ў досведзе прарока Іллі».
Грэчаскае слова «крызіс» раптоўна стала модным, бо ёміста і лаканічна апісвае складаныя рэчаіснасці жыцця. Не пазбаўленыя яго перажывання былі і героі Бібліі, людзі «з цела і крыві».
Ілля, адзін з найважнейшых прарокаў Пісання, перажыў падарожжа «ў крызіс і назад». Якім чынам Бог вылечыў яго душу? Якія сродкі выкарыстаў? Ці крызіс — гэта заўжды зло? Што было прычынаю дэпрэсіі прарока, і як нам якасна выкарыстоўваць моманты разнастайных крызісаў на ўласнае дабро і Божую хвалу? Над гэтымі і іншымі пытаннямі разважалі ўдзельнікі рэкалекцый падчас экзэгезы, асабістай малітвы ў цішыні і ажыўленай дыскусіі пры супольным стале.
Удзельнікі рэкалекцый падзяліліся сваімі сведчаннямі перажывання і плёну гэтага часу.
Ангеліна, 26 гадоў, Нясвіж:
— Люблю вяртацца зноў і зноў у Івянец на рэкалекцыі. Тут заўсёды ўтульна і цікава: мы ўсе такія розныя, з розных куткоў Беларусі збіраемся, каб правесці час разам.
Для мяне гэта перазагрузка і магчымасць пабыць з Богам і Яго Словам больш, чым у штодзённасці. Рэкалекцыі наблізілі мяне да Яго рэальнага; такога, які Ён ёсць.
Канечне, мы не толькі маліліся, яшчэ шмат размаўлялі пры гарбаце на розныя тэмы. Таму дадому вярнулася з новымі ідэямі, новымі знаёмствамі і разуменнем таго, што Бог нашмат больш рэальны і разумеючы, чым мне здавалася.
Рэгіна, 35 гадоў, Мінск:
— Рэкалекцыі для мяне — гэта магчымасць пабыць у цішыні, паразважаць над тэмай духоўных практыкаванняў, задаць Богу пытанні, атрымаць адказы.
Гэтым разам была вельмі актуальная тэма: крызіс, магчымасць паглядзець, як Пан Бог вядзе нас праз крызісы — гэта вельмі каштоўна.
Пабыць разам, сядзець пры адным стале, дзяліцца свам жыццём — гэта заўсёды ідзе бонусам. Дзякую айцам за атмасферу, гасціннасць і слова!
Вераніка, 32 гады, Мінск:
— Атмасфера, якую стварае Бог у Івянцы, цудоўная. Вельмі спадабалася малітоўная атмасфера, адарацыя: менавіта тое, чаго не хапае ў паспешлівасці горада. Эўхарыстыя перажываецца заўжды па-асабліваму, у прыязнай хатняй атмасферы. Цікавыя размовы падчас супольнага спажывання ежы.
Бласлаўлёны час, за які дзякую!
Аліна , 35 гадоў, вёска Гарэцкаўшчына (парафія Гальшаны):
— Для мяне асабіста рэкалекцыі ў Івянцы — гэта магчымасць адчуць любоў і цеплыню, якія там прысутнічаюць і якіх часам так нестае ў штодзённым жыцці. Магчымасць яшчэ больш даведацца пра Езуса і паразважаць над уласным жыццём. Палепшыць яго, каб яшчэ больш наблізіцца да Хрыста. Плюс новыя класныя знаёмствы.
Надзея, 23 гады, Мінск:
— Для мяне рэкалекцыі — гэта час «пустыні». Час адысці ад спраў гэтага свету і убачыць сваё жыццё быццам звонку. Тады адкрываецца, што менавіта баліць, і Бог лечыць. Здаецца, нібыта самі сцены кляштара і атмасфера рэкалекцый гэтаму спрыяюць.
Гэта размовы, дзякуючы якім можна больш пазнаць адзін аднаго і сябе самога, пазнаць Бога і свет, які Ён стварыў.
Напэўна, галоўнае для мяне — гэта натхненне, магчымасць бачыць Бога ў штодзённым жыцьці ясней, бліжэй.
Таму бязмежная ўдзячнасць усім, разам з кім праводжу гэтыя дні, і асабліва айцу Яўгену.
Біблійныя рэкалекцыі для дарослых штоквартальна праводзяцца ў івянецкім кляштары францішканаў. Анонсы духоўных практыкаванняў падаюцца на партале Catholic.by і на сайце Francishkanie.by.