Пошук

22.01.2024 11:55   Фота: з асабістага архіву арцыбіскупа Т. Кандрусевіча / Catholic.by

21 студзеня, у трэцюю Звычайную нядзелю, у Касцёле адзначалася ўстаноўленая Папам Францішкам нядзеля Божага слова.

У гэты дзень арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў капліцы Ахвяравання Пана (Маці Божай Грамнічнай) у Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску.

На пачатку Эўхарыстыі адбылася ўрачыстая інтранізацыя Бібліі з мэтай падкрэсліць значэнне асаблівай цэлебрацыі. У прамоўленай гаміліі арцыбіскуп Кандрусевіч напачатку заўважыў, што з усіх чатырох евангелістаў толькі Марк распачынае сваё Евангелле словамі: «Пачатак Евангелля Езуса Хрыста, Сына Божага».

«Марк адзіны выкарыстоўвае слова „Евангелле“. Гэтае слова было вядома ў тагачасных эліністычнай і рымскай культурах. Пасля перамогі над ворагамі людзям абвяшчалася евангелле — радасная і добрая навіна аб гэтай падзеі.

Хрысціянства запазычыла гэтае слова з мэтай аб’яўлення Добрай Навіны аб збаўленні»,— адзначыў заслужаны іерарх, дадаўшы, што Божае слова трэцяй Звычайнай нядзелі падкрэслівае неабходнасць навяртання і адказау на Божы заклік да адмысловай місіі.

Арцыбіскуп звярнуў увагу на тое, што ў Евангеліі апавядаецца пра пакліканне першых апосталаў, якія з простых галілейскіх рыбакоў становяцца «лаўцамі людзей».

«Рыбакі ловяць рыбу сеткамі. Сетка „лаўцоў людзей“ сатканая з заўсёды актуальнага і дзейснага Божага слова. Таму неабходна звяртаць большую ўвагу на яго вывучэнне і практычнае выкарыстанне.

Слова Божае вызваляе грэшнікаў з палону зла, каб маглі жыць у іншым свеце: не ў свеце спажывальніцтва, а ў радаснай прасторы дзялення. Не ў няволі пачуццяў, але ў ахвярнай любові, натхнёнай праўдай пра чалавека. Не ў цемры стымулятараў і наркотыкаў, якія затуманьваюць свядомасць і забіваюць дынамізм жыцця, але ў бляску асветленага Божай мудрасцю розуму, што нясе радасць і шчасце.

Біблія павінна быць нашай настольнай кнігай і практычным GPS-ам на складаных шляхах нашага жыцця, калі выклікі секулярызму і маральнага рэлятывізму становяцца вельмі небяспечнымі і вядуць духоўнае жыццё чалавека ў тупік», — падкрэсліў іерарх.

Ён нагадаў, што ў часы ваяўнічага атэізму было вельмі складана набыць Біблію, каб наталіць голад Божага слова, які тады адчувалі вернікі. Цяпер такіх праблем няма, і неабходна толькі чытаць Святое Псанне.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам глыбока вывучаць Божае слова і жыць паводле яго прынцыпаў, каб яно стала для іх «канстытуцыяй духоўнага жыцця».

Абноўлена 22.01.2024 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа