
Напярэдадні Нядзелі Божага слова арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да ўсіх вернікаў сваё слова.
Пастырскае слова
арцыбіскупа Іосіфа Станеўскага
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
на Нядзелю Божага слова
«Слова Тваё, Пане, вечнае, нязменнае, як неба»
(пар. Пс 119 (118), 89)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Сёння, ужо ў шосты раз, Каталіцкі Касцёл адзначае свята Божага слова. Яно было ўстаноўлена па ініцыятыве папы Францішка, які вельмі жадаў, каб вернікі ўсвядомілі, як важна ведаць Святое Пісанне, каб гэты дзень быў прысвечаны святкаванню, разважанню і пашырэнню Божага слова. Адзначаючы гэтае свята, Касцёл прагне нагадаць сучасным людзям, што Біблія — гэта не слова з мінулага, але жывое і актуальнае слова, дзе сам Бог звяртаецца да свайго народа і сам Хрыстус абвяшчае сваё Евангелле.
Гэтую Нядзелю Божага слова можна параўнаць са святам Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста.
Сапраўды, кожны дзень на алтарах святыняў Хрыстус становіцца прысутным у эўхарыстычным хлебе, але раз у год, у свята Цела Хрыста, мы ўрачыста адзначаем прысутнасць Бога ў Эўхарыстыі. Падобна і са словам Божым. Другі Ватыканскі Сабор у сваёй Канстытуцыі пра Божае Аб’яўленне нагадвае нам, што «Касцёл заўсёды шанаваў Святое Пісанне, як і само Цела Пана, паколькі (асабліва ў святой Літургіі), ён ніколі не перастае браць і падаваць вернікам хлеб жыцця як са стала слова Божага, так і Цела Хрыста».
Святы Геранім часта паўтараў: «Хто не ведае Святога Пісання, той не ведае Хрыста».
Сапраўды, кожны вернік павінен чытаць Біблію, услухоўвацца ў голас Бога, бо роля Божага cлова ў жыцці хрысціяніна мае надзвычай важнае значэнне.
Менавіта са слухання Божага слова нараджаецца вера. Божае слова неабходнае для хрысціяніна, бо яно з'яўляецца адным з асноўных спосабаў сустрэчы з Богам і прыняцця Божай прысутнасці ў сваім жыцці.
Езус Хрыстус прыйшоў як Той, хто абвяшчае слова Бога, гэта значыць Добрую Вестку, Евангелле. Пазней Ён сам аб'явіў сябе як Слова Бога. Ён быў Словам Бога ў Асобе — Словам, якое становіцца самім Богам, якое памірае на крыжы і ўваскрасае з мёртвых. Таму пасля ўваскрасення Апосталы ўносяць Божую прысутнасць у жыццё іншых людзей праз слова, якое яны абвяшчаюць, праз керыгму і іншыя формы Святога Пісання — апостальскія пасланні і Дзеі Апосталаў.
Папа Бэнэдыкт XVI у адгартацыі Verbum Domini (Пра слова Божае ў жыцці і місіі Касцёла) падкрэсліў вельмі важны момант. Калі хрысціяне збіраюцца на Эўхарыстыю, яны збіраюцца вакол двух сталоў — двух алтароў, на якіх яны знаходзяць пасілак. Першы стол — гэта стол Божага слова, на якім знаходзіцца пасілак у выглядзе слова. На другім знаходзіцца тое Слова, якое становіцца Целам і якое мы, хрысціяне, прымаем як сапраўднае Цела і Кроў Хрыста пад выглядам хлеба і віна. Звяртаючыся да старажытнай хрысціянскай традыцыі з першых стагоддзяў існавання Касцёла, Папа падкрэсліў глыбокую аналогію паміж сапраўднай і рэальнай прысутнасцю Хрыста ў эўхарыстычных постацях і сапраўднай і рэальнай прысутнасцю Хрыста ў Божым слове. Таму ў некаторых хрысціянскіх касцёлах кнігі Святога Пісання захоўваліся ці дагэтуль захоўваюцца там, дзе захоўваюцца эўхарыстычныя постаці, — у табэрнакулюме. Такім чынам, ушанаванне Хрыста праяўляецца як у дачыненні да Гостыі, так і да кнігі Святога Пісання. Гэта два спосабы прыняцця Хрыста, таму можна сказаць, што падчас Эўхарыстыі мы двойчы прыступаем да святой Камуніі.
Святыя асобы, Айцы Касцёла, Рымскія Папы пастаянна заклікалі штодня чытаць хаця б невялікі фрагмент Святога Пісання, каб сілкаваць сябе Божым словам.
У Талмудзе гаворыцца, што чалавек можа жыць без Божага слова максімум тры дні — на чацвёрты дзень ён становіцца як мёртвы. Вось чаму так важна сілкаваць сябе Божым словам, інакш мы рызыкуем стаць духоўна нежывымі людзьмі, нават калі маем выдатную фізічную форму. Духоўнасць памірае без кантакту з Богам, які прамаўляе да нас. Нам, як Яго стварэнням, неабходна чуць Божы голас.
Мае дарагія, Папа Леў XIV, распачынаючы свой Пантыфікат, звярнуўся да вернікаў з разважаннем аб прыпавесці пра сейбіта (Мц 13, 1-17). «Гэтая прыпавесць, — сказаў Святы Айцец, — раскрывае спосаб камунікацыі Езуса, які можа навучыць нас, як абвяшчаць Евангелле сёння». Ён нагадаў нам, што кожная прыпавесць заўсёды звязвае слухача з яго ўласным жыццём і падштурхоўвае ставіць пытанні самому сабе, у той час як прыпавесць пра сейбіта гаворыць пра дынаміку Божага слова і яго плён. Слова Езуса звернутае да ўсіх, але ў кожным чалавеку дзейнічае па-рознаму, бо кожнае слова Евангелля падобнае да зерня, пасеянага ў глебе нашага жыцця. «Езус неаднаразова выкарыстоўвае вобраз зерня, але ў розным значэнні. У Евангеллі паводле Мацвея прыпавесцю пра сейбіта пачынаецца шэраг іншых кароткіх прыпавесцей, некаторыя з якіх гавораць менавіта пра тое, што адбываецца ў глебе: пра зерне і пустазелле, пра гарчычнае зерне, пра скарб, схаваны ў полі. Чым жа з’яўляецца гэтая глеба? Глеба, зямля сімвалізуюць нашае сэрца, сімвалізуюць таксама свет, супольнасць, наш Касцёл. Бо слова Божае ажыўляе і рухае кожную рэальнасць. Адзін сейбіт — даволі незвычайны — выходзіць сеяць, але яго асабліва не хвалюе, куды ўпадзе насенне. Ён рассыпае зерне нават там, дзе яно наўрад ці дасць ураджай: уздоўж дарогі, сярод камянёў, сярод церняў. Такія паводзіны сейбіта здзіўляюць слухачоў Езуса. Узнікае пытанне: чаму земляроб так робіць?
Мы прызвычаіліся ўсё пралічваць — і часам гэта неабходна, — але гэта не павінна датычыць любові! Тое, як гэты «марнатраўны» сейбіт рассыпае насенне, — гэта вобраз таго, як Бог любіць нас»,
— зазначае Святы Айцец.
Любыя вернікі, безумоўна, лёс насення залежыць таксама ад таго, як яго прымае глеба і ў якой сітуацыі яно апынецца, але, перш за ўсё, гэтаю прыпавесцю Езус кажа нам, што Бог сее зерне свайго слова ва ўсе віды глебы… «Бог давярае і спадзяецца, што рана ці позна насенне ўзыдзе. Менавіта так Ён нас любіць: Ён не чакае, пакуль мы станем найлепшай глебай; Ён заўсёды шчодра дае нам сваё слова. Магчыма, бачачы, што Ён нам давярае, у нас народзіцца жаданне быць лепшай глебай. Гэта надзея, заснаваная на скале Божай шчодрасці і міласэрнасці. Прыпавесць пра сейбіта паказвае, што Бог гатовы «быць марнатраўным» дзеля нас, і што Езус гатовы памерці, каб змяніць наша жыццё» (Леў XIV, з гаміліі падчас 1-й агульнай аўдыенцыі). Бо менавіта Езус ёсць Словам, ёсць Зернем, Насеннем. А зерне, каб прынесці плён, павінна памерці. Папа Францішак прыгожа і вобразна пракаментаваў гэтую прыпавесць пра сейбіта:
«Слова Божае ўнутры нас здзяйсняе пілігрымку. Мы слухаем яго вушамі; яно праходзіць праз сэрца; яно не застаецца ў вушах, але павінна дасягнуць сэрца, а з сэрца пераходзіць у рукі, у добрыя справы. Слова Божае праходзіць гэты шлях: ад вушэй — праз сэрца — да рук…»
Браты і сёстры! У сённяшняе свята Божага слова хочацца падзяліцца вялікай радасцю. Напрыканцы Юбілейнага года хрысціянства ў Бараўлянах пад Мінскам адбылася прэзентацыя «Пяцікніжжа Майсея» — першых пяці кніг Святога Пісання, падмурка Божага Аб’яўлення.
Гэта вялікі духоўны дар для ўсяго Касцёла, які паспрыяе паглыбленню і развіццю веры, надзеі і любові. Таму заахвочваю, каб у кожнай сям’і была гэтая важная кніга, якую св. Грыгорый Назіянзскі называў «духоўнай лесвіцай, па якой душа ўзнімаецца да пазнання Бога».
«Пяцікніжжа Майсея» ўбачыла свет дзякуючы руплівай працы Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў Камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.
Умілаваныя! Нядзеля Божага слова мае таксама глыбокі экуменічны і міжрэлігійны аспект, бо менавіта ў гэты перыяд мы молімся аб еднасці хрысціянаў. Біблія мае вырашальнае значэнне для экуменізму, яна служыць платформай для сустрэчы. І здаецца невыпадковым, што нядзеля Божага слова супадае з завяршэннем Тыдня малітваў аб еднасці хрысціянаў, тэма якога — «Адно цела. Адзін дух. Адна надзея» (пар. Эф 4, 4).
Дарагія браты і сёстры! Услед за Святым Айцом папросім Пана ласкі, каб мы заўсёды прымалі гэтае зерне, якім з'яўляецца Божае слова. Папросім, каб мы сталіся лепшаю глебаю для Божага слова і яго плёну.
Зазначу, што папская інтэнцыя на студзень прысвечана малітве Божым словам. Папа Леў XIV прапануе, каб мы прасілі ласкі штодзённага слухання Божага слова, каб мы адкрываліся на яго і яно магло кіраваць намі ў прыняцці штодзённых рашэнняў.
Молімся, каб малітва Божым словам стала хлебам нашага жыцця і крыніцай надзеі ў нашых супольнасцях, дапамагаючы нам будаваць больш братэрскі і місійны Касцёл.
На далейшае крочанне за Езусам і разпазнаванне Яго ў Божым слове ад шчырага сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Іосіф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі







