
На ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, якая сёлета адзначаецца 31 мая, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.
Пастырскае слова
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы
Праслаўляйма Пана Бога ў Тройцы на вякі!
(з песні «Божа Ойча, Ты наш Творца»)
Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!
Праз тыдзень пасля Спаслання Духа Святога мы святкуем Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы. Сёння Паўсюдны Касцёл асабліва хоча звярнуць нашу ўвагу на існасць Бога і нагадаць нам, што Бог існуе ў трох Асобах. Трыадзіны Бог стварыў Сусвет і час, але Сам знаходзіцца па-за часам і з'яўляецца Панам часу. Кожная з Трох Боскіх Асобаў з'яўляецца Богам, і кожная з Іх валодае Боскімі ўласцівасцямі ў бясконцасці. Трыадзіны Бог з'яўляецца таксама супольнасцю Любові. Любоў паміж Айцом і Сынам дае жыццё Духу Святому, які ёсць Любоўю Айца і Сына.
Мае дарагія! Адзінства Бога ў трох Асобах — гэта змест нашай веры. Мы вызнаём таямніцу Святой Тройцы вельмі часта, і, магчыма, не задумваемся пра гэта: кожны раз, калі распачынаецца святая Імша, мы кажам: «У імя Айца і Сына, і Духа Святога». Усе абрады, малітвы, набажэнствы і сакрамэнты Касцёла ўтрымліваюць заклік да Найсвяцейшай Тройцы, а таксама Яе праслаўленне — «Хвала Айцу і Сыну, і Духу Святому». Кожную нядзелю, прамаўляючы Сімвал веры, мы таксама вызнаём праўду, аб’яўленую пра Святую Тройцу.
Існаванне Святой Тройцы — гэта дагмат нашай веры. Мы не маглі б прыйсці да гэтай праўды толькі чалавечым розумам, калі б Езус Хрыстус не адкрыў яе нам.
У Евангеллі Пан Езус шмат гаворыць пра свайго Айца як пра адну з Асобаў Бога. Дзясяткі ўрыўкаў у Новым Запавеце гавораць пра Духа Святога як пра роўнага Айцу і Сыну і як пра адрознага ад Іх. Напрыклад, калі арханёл Габрыэль абвяшчае Марыі, што Яна стане Маці, Евангеліст выразна кажа, што Бог паслаў яго, каб абвясціць Ёй, што Яна народзіць Сына Божага і што гэта адбудзецца моцай Духа Святога (Лк 1, 30–35).
Любыя вернікі! Таямніца Найсвяцейшай Тройцы заўсёды застанецца неспасцігальнай. Многія, пэўна, чулі гісторыю пра святога Аўгустына, які напісаў вялікі твор, прысвечаны хрысціянскаму дагмату пра Святую Тройцу («De Trinitate»). Аднойчы, разважаючы над таямніцай Святой Тройцы, святы Аўгустын ішоў па беразе мора. Там ён убачыў маленькага хлопчыка, які выкапаў невялікую ямку ў пяску і ракавінкай насіў марскую ваду. Аўгустын спытаў: «Што ты робіш?» Той адказаў: «Я хачу пераліць мора ў гэтую ямку». Аўгустын сказаў: «Але гэта зрабіць немагчыма». І тады маленькі хлопчык сказаў яму: «А ты думаеш, што магчыма зразумець таямніцу Святой Тройцы?» Колькі б чалавек ні стараўся пазнаць гэтую таямніцу, ён не зможа гэтага дасягнуць у поўні. Таму важней не зразумець яе, а старацца жыць у ёй, адкрываючы свае сэрцы.
Кожны чалавек атрымлівае тры дары Святой Тройцы. Святы Павел піша, што гэта ласка Пана Езуса Хрыста, любоў Бога Айца і еднасць у Духу Святым (2 Кар 13, 13).
Ласка — гэта бескарыслівы дар. Бог першым палюбіў нас, без ніякіх умоваў, нягледзячы на ўчыненыя намі грахі.
Езус сказаў Нікадэму, што Бог збаўляе, а не асуджае. Калі Ён бачыць нас параненымі і прыніжанымі грахом, Ён думае не пра тое, як нас пакараць, а толькі пра тое, як падняць нас, якім чынам нас ацаліць і збавіць.
Другі дар Святой Тройцы — гэта любоў Бога Айца. Прыняць Бога ў Тройцы азначае прыняць Бога, які ёсць Айцом. Такім Айцом, які дзеля нас аддаў свайго Сына: вышэй і больш за гэты дар няма нічога. Кардынал Раньера Канталамеса ў адной са сваіх гамілій падкрэсліваў, што «менавіта Дух Святы напаўняе сэрца пачуццём Божага ўсынаўлення, дазваляе нам глыбока адчуць, што мы — дзеці Божыя. Часам гэта фундаментальнае дзеянне Духа Святога адбываецца ў жыцці чалавека раптоўна і інтэнсіўна, і тады можна сузіраць Яго святло.
Падчас рэкалекцый або сакрамэнту, прынятага з асаблівай адкрытасцю, падчас праніклівага слухання Божага слова душа напаўняецца новым святлом, у якім Бог адкрывае сябе ёй па-новаму, як Айцец. Чалавек тады ўсведамляе, што на самой справе азначае айцоўства Бога; сэрца змякчаецца, і чалавек мае адчуванне, што ён адраджаецца.
Узнікае вялікі давер і новы, ніколі раней не спазнаны, досвед Божай міласэрнасці». Да таго ж, Бог — гэта Айцец, які дае вечнае жыццё. Некаторыя думаюць, што гаворка ідзе пра жыццё, бясконцае ў часе. Але вечнае жыццё не зводзіцца да яго працягласці. Гэта жыццё, якім жыве Бог. Мы пакуль што вельмі мала з гэтага разумеем, але святы Ян дае падказку: Бог ёсць любоў. Мець вечнае жыццё азначае любіць так, як любіць Бог. Некаторым святым Бог даў ласку яшчэ падчас іх зямной пілігрымкі спазнаць Ягоную любоў і веліч.
Святая Фаўстына занатавала ў сваім «Дзённіку» надзвычайны досвед пра візію Святой Тройцы, які яна перажыла падчас святой Імшы, калі гучаў спеў «Святы, святы, святы...». «У гэты час, — успамінала яна, — мой дух паяднаўся з Богам, у адно імгненне я ўбачыла неспасцігальную веліч і святасць Бога, а таксама спазнала сваю ўласную мізэрнасць. Спазнала больш ясна, чым калі-небудзь, Тры Боскія Асобы: Айца, Сына і Духа Святога. Аднак Іх існасць, роўнасць і веліч — адзіныя» (Дз., 472).
Уваходжанне ў таямніцу Бога Адзінага ў Тройцы распачынаецца ў моманце хросту, калі мы атрымліваем асвячальную ласку і калі развіваем у сабе звышнатуральнае жыццё. Вось чаму Хрыстус дае Апосталам наказ хрысціць усе народы ў імя Святой Тройцы: «Дык ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога» (Мц 28, 19). Езус таксама сказаў: «Калі хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго і зробім жыллё ў яго» (Ян 14, 23). Так, знаходзячыся ў асвячальнай ласцы, мы з'яўляемся жытлом Найсвяцейшай Тройцы, яе святыняй, як гаворыцца ў Пасланні да Рымлянаў.
Браты і сёстры! Мы — дзеці Божыя, і ў Духу Святым мы можам заклікаць Бога: «Ойча!» У кожнай сітуацыі, у кожны момант мы можам і павінны быць блізка да Бога. Будзем асабліва памятаць пра гэта ў хвіліны цяжкасцяў, цярпенняў і болю.
Гэта вельмі добра разумеў кардынал Казімір Свёнтэк, які вытрываў у сібірскай «даліне смерці», бо меў непахісную веру і нязломную сілу духа. Ён для кожнага з нас з’яўляецца прыкладам трывалай веры і глыбокага даверу да Бога ў Тройцы Адзінага.
У энцыкліцы Dominum et Vivificantem святы Ян Павел ІІ разважаў пра ролю Духа Святога і пра таямніцу Святой Тройцы: «Таямніца Тройцы, якую рэалізуе Дух Святы, з'яўляецца пачаткам і крыніцай усялякай камуніі і еднасці ў Касцёле, а таксама ў нашым жыцці» (Dominum et Vivificantem 1, 4). Падчас малітвы «Анёл Панскі» 7 чэрвеня 1998 года святы Ян Павел II сказаў:
«У Святой Тройцы можна ўбачыць мадэль сям’і Касцёла, у якой усе хрысціяне павінны будаваць сапраўдныя сувязі супольнасці і салідарнасці. У Найсвяцейшай Тройцы мы можам бачыць узор чалавечай сям’і, якая складаецца з мужчыны і жанчыны, пакліканых быць узаемным дарам адно для аднаго ў супольнасці любові, адкрытай для жыцця».
Вялікі Папа зазначаў, што менавіта ў Святой Тройцы мы павінны знайсці шляхі аздараўлення сучаснай сям’і. Бог не халодны, чужы і далёкі. Ён спачувае свету, падзяляе яго цярпенні і радуецца з людзьмі. Такою павінна быць сям’я: поўная ўзаемнай любові, гарманічная ў сваіх дзеяннях, адкрытая для іншых і спагадлівая. У такой супольнасці няма месца сваркам, зайздрасці ці разладу.
Езус Хрыстус у Евангеллі гаворыць пра сваю пастаянную прысутнасць у Касцёле: «І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Пан Езус заўсёды з намі. У табэрнакулюме прысутнічае сапраўдны Бог. Ён хоча быць у жывой святыні нашага сэрца — у нашай душы.
Але Езус не хоча быць нявольнікам табэрнакулюма ці касцёльных муроў. Ён хоча жыць у ХХІ стагоддзі ў нашых дамах, у нашых сем’ях, на месцах працы... Ён хоча, каб мы прынялі Яго ў нашае паўсядзённае жыццё.
Таму, дарагія браты і сёстры, дазволім Езусу жыць у нас — у нашым сэрцы, у гэтай святыні духа.
Будзем жа памятаць пра гэты бясцэнны дар для нашай душы, задатак вечнай радасці. Будзем удзячнымі Богу ў Тройцы Адзінаму праз годнае прыняцце Камуніі, праз адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту, праз набажэнствы ў першы чацвер і ў першую пятніцу, праслаўляючы і ўшаноўваючы Найсвяцейшае Сэрца Езуса, Сэрца Найсвяцейшай Тройцы.
Усемагутны Пане, у Тройцы Адзіны Божа, які быў, ёсць і будзеш навекі! Няхай праслаўляюць Цябе ўсе народы. Табе давяраем наш лёс, Святы Божа, і пакорна просім Цябе: кіруй намі, дапамагай нам, каб ва ўсіх учынках мы памяталі пра сваю годнасць і сваім праведным жыццём выказвалі сваю ўдзячнасць за ласку Твайго, Божа, жыцця ў нас.
Даручаючы ўсіх вас, дарагія вернікі, любові Трыадзінага Бога і Яго міласэрнаму Провіду, ад усяго сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Мінск, 28 мая 2026 года
Свята Езуса Хрыста Найвышэйшага і Вечнага Святара







