Пошук

04.10.2026 10:00   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка. Сёлета гэтае свята прыпадае на 4 кастрычніка. З гэтай нагоды Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі кіруе ўсім працаўнікам сферы адукацыі словы віншаванняў з іх прафесійным святам.

Паважаныя настаўнікі, выхавацелі і ўсе працаўнікі сферы адукацыі!

Дарагія браты і сёстры!

З глыбокай пашанай і ўдзячнасцю ў сэрцы звяртаюся да вас у гэты святочны дзень — Дзень настаўніка. Сёння, калі мы дзякуем Богу за дар вашага паклікання, я хачу ад імя Каталіцкага Касцёла ў Беларусі скіраваць да кожнага з вас словы падзякі.

Быць настаўнікам — гэта не проста прафесія, а сапраўдная місія, вялікае і адказнае пакліканне, даверанае вам самім Творцам. Вы не проста перадаеце веды, вы фармуеце чалавечыя душы, запальваеце ў сэрцах маладых людзей агонь праўды, дабрыні і вернасці тым каштоўнасцям, на якіх стагоддзямі трымаецца наша беларуская зямля.

Кожны вучань, якога вы сустракаеце, — гэта неапрацаваны алмаз, і менавіта ваша цярплівасць, ваша мудрасць, а таксама бацькоўская і матчына чуласць дапамагаюць гэтаму каменю зазіхацець Божым святлом. Вы вучыце нашых дзяцей быць чалавечнымі, любіць сваю Бацькаўшчыну, паважаць старэйшых і будаваць сваё жыццё на трывалым фундаменце маральнасці.

У гэты святочны дзень прагну пажадаць вам, дарагія педагогі, моцнага здароўя, невычэрпнай духоўнай энергіі і хрысціянскай надзеі. Няхай Божы Настаўнік — Езус Хрыстус — заўсёды будзе для вас прыкладам цярплівасці і бязмежнай любові да вашых вучняў. Няхай Найсвяцейшая Панна Марыя, Сталіца мудрасці і Маці добрай рады, атуляе вас і вашыя сем’і сваёй матчынай апекай. Няхай кожны дзень вашай працы прыносіць багатыя плёны і шчырую ўдзячнасць ад вашых выхаванцаў.

Выпрошваю для вас, вашых вучняў і ўсіх занятых у сферы адукацыі і выхавання шчодрых Божых ласкаў, благаслаўлення і святла Духа Святога.

Са святам! З Днём настаўніка!

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

Абноўлена 04.10.2026 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.