У першую нядзелю кастрычніка ў Беларусі адзначаецца Дзень настаўніка, і ў сувязі з гэтым Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе віншаванне ўсім настаўнікам, якія 6 кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята.
Дарагія настаўнікі!
З асаблівым пачуццём павагі віншую вас з прафесійным святам — Днём настаўніка!
Настаўнік — гэта не проста прафесія, гэта нават не пакліканне: гэта лад жыцця. Таму такое адказнае гэтае званне — настаўнік, — але і такое ганаровае. Таленавітых, неабыякавых, добрых настаўнікаў людзі памятаюць усё сваё жыццё.
Настаўніцтва з’яўляецца найважнейшым родам служэння ў жыцці любога грамадства. Нездарма праца педагога нязменна застаецца адной з самых высакародных, паважаных і ганаровых прафесій.
У жыцці кожнага чалавека настаўнік адыгрывае вялікую ролю. Ён дапамагае не толькі стаць пісьменным і адукаваным грамадзянінам сваёй краіны, але і садзейнічае ўзрастанню найважнейшых асобасных якасцей. Таму любыя поспехі вашай працы — гэта ўнёсак у развіццё грамадзянскай супольнасці, у фармаванне ў людзей правільных маральных арыенціраў, а значыць — у будучыню нашай краіны.
Час, у які Бог выбраў вас, — гэта перыяд новых адкрыццяў і тэхналогій. Разам з тым, дзеці сутыкаюцца з усё большай колькасцю новых духоўных і псіхалагічных выклікаў. У гэтым кантэксце, засвойваючы перадавыя распрацоўкі, настаўнік закліканы захоўваць пачуццё духоўнай цвярозасці. Толькі навучаючы дзяцей — нашу будучыню — асабістым прыкладам, педагог зможа зберагчы вучняў ад непапраўных памылак і дапаможа зрабіць правільны жыццёвы выбар. Ад гэтага выбару, без перабольшання, залежыць будучыня нашага народа.
Мае дарагія настаўнікі, выкананне такой адказнай задачы патрабуе значных духоўных сіл. Праца педагога ўзнёслая, але яна патрабуе ўнутранай аскезы, унутранага подзвігу, любові да Айчыны.
Выказваю сваю шчырую падзяку ўсім вам, дарагія педагогі, за ваша ганаровае служэнне і ваш штодзённы подзвіг настаўніцтва.
Падзяляючы з вамі, дарагія настаўнікі, радасць прафесійнага свята, хачу пажадаць вам моцнага здароўя, доўгіх гадоў жыцця, шчасця, працоўных здзяйсненняў і радасці, сардэчнага водгуку на вашу працу з боку вучняў і іх бацькоў.
Няхай мудрасць, аптымізм і радасць, заўсёды суправаджаюць вас на ніве педагагічнай працы.
Ад усяго сэрца ў гэты святочны дзень і кожны дзень вашага педагагічнага высілку благаслаўляю з пажаданнем дапамогі Найвышэйшага Настаўніка — Езуса Хрыста.
✠ Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі,
Старшыня ККББ,
Старшыня Рады па справах свецкiх i моладзі, пастырства студэнтаў і працаўнікоў універсітэтаў пры ККББ