
ПАСЛАННЕ
МІТРАПАЛІТА МІНСКА-МАГІЛЁЎСКАГА
АРЦЫБІСКУПА ЮЗАФА СТАНЕЎСКАГА
З НАГОДЫ МАЛІТОЎНАЙ ПАДРЫХТОЎКІ
ДА 110-ГОДДЗЯ АБ'ЯЎЛЕННЯЎ МАЦІ БОЖАЙ У ФАЦІМЕ
Каб наблізіўся «час праўды, справядлівасці і надзеі…»
Вашы Эксцэленцыі, глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагія браты і сёстры!
Пастырская праграма на 2027 год, згодна з рашэннем Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі ад 18 верасня 2026 года, прысвечана 110-годдзю аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Дэвіз года: «Фаціма — знак надзеі для сучаснасці». З мэтаю падрыхтоўкі да святкавання юбілею Фацімскіх аб’яўленняў у Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла на Беларусі - Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай - і ва ўсіх парафіях Мінска-Магілёўскай мітраполіі 3 кастрычніка 2026 года распачынаецца Навэнна да Маці Божай Фацімскай, якая працягнецца да 5 чэрвеня 2027 года і завяршыцца 2-3 ліпеня падчас святкавання Будслаўскага фэсту.
Усё больш відавочна, што аб'яўленні Маці Божай у Фаціме 110 гадоў таму не толькі не губляюць сваёй актуальнасці, а наадварот, успрымаюцца сёння як магутнае Божае святло, здольнае асвяціць цемру гэтага свету, і як настойлівы заклік Неба да ўсяго чалавецтва, што стаіць на небяспечнай мяжы самазнішчэння, бо не толькі ў мінулым ХХ стагоддзі свет быў арэнаю дэградацыі годнасці чалавечай асобы, пераследаў і войнаў, але, на жаль, многае паўтараецца і ў нашым ХХІ стагоддзі.
Мы пастаянна чуем пра пераслед хрысціянаў у розных кутках свету, пра мігрантаў і тэрарызм, пра масавыя забойствы ненароджаных дзяцей, пра ўзаконеную эўтаназію, у тым ліку і ў традыцыйных каталіцкіх краінах, а рэха войнаў у свеце напаўняе нашыя душы трывогаю і неспакоем.
Слушна казаў папа Бэнэдыкт XVI падчас святой Імшы ў Фаціме 13 мая 2010 года, што прароцкая місія Фацімскіх аб'яўленняў не закончана, бо чалавек у кожную хвіліну можа развязаць войны і тэрор, але не можа іх стрымаць... Таму заклік Маці Божай, які ўпершыню прагучаў у Фаціме 13 мая 1917 года: «Маліцеся Ружанец, каб вымаліць спакой для свету і канец вайны», — застаецца надзённым да кожнага верніка.
«Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і тваім шляхам»,
— запэўнівала Маці Божая 13 чэрвеня 1917 года 10-гадовую Люцыю, якая пазней у сваіх успамінах гэта тлумачыла, што набажэнства да Беззаганнага Сэрца Марыі прывядзе людзей да поўнага прысвячэння і адданасці Богу, глыбокай пашане і любові да Яго, да цалкавітага навяртання і пакаяння.
Фацімскае пасланне вядзе нас таксама да таго, што з'яўляецца самым важным — да таямніцы Бога ў Найсвяцейшай Тройцы. У цэнтры Фацімскага паслання, як зазначаюць тэолагі, якія даследавалі аб'яўленні Маці Божай у Фаціме, — «Евангелле Тройцы». Гэты магутны досвед Святой Тройцы, да якога запрашае Маці Божая, прывядзе нас да поўнага прабывання ў Богу, да заглыблення ў таямніцу любові Трох Боскіх Асобаў (B. Forte, «A Mensagem de Fátima e a Revelacão», [у:] A Pastoral de Fátima). У жэстах і словах Анёла Спакою і нашай Пані «Бог аб'яўляе сябе ў сваёй трынітарнай таямніцы, натхняючы пастушкоў-візіянераў на адарацыю, самаахвярнасць, уміласціўленне. Фацімская падзея адкрывае вобраз Бога як Святло, што асвятляе ўсю рэальнасць, як Тройцу, якую мы павінны адараваць і любіць» (De Fiores, O Segredo de Fátima). Такім чынам, «істотным у Пасланні, у яго «таямніцы» з'яўляецца канчатковы заклік абудзіцца і ўбачыць пільную неабходнасць радыкальна сканцэнтраваць нашае жыццё ў Богу як адзіным, каго трэба любіць і адараваць». А кананізацыя святых Францішка і Жасінты — гэта не толькі аб'ектыўны факт афіцыйнага прызнання Касцёлам святасці гэтых дзяцей-візіянераў, але і прызнанне Фацімскага паслання «школай святасці» і шляхам да святасці. Праз сведчанне свайго жыцця пастушкі з Фацімы паказваюць нам, што значыць жыць у духоўнасці, натхнёнай Фацімскім пасланнем, а таксама як выконваць просьбы Маці Божай, ахвяруючы свае цярпенні за навяртанне грэшнікаў.
Гэта дасканала разумеў таксама святы Ян Павел ІІ, які 25 сакавіка 1984 года на плошчы святога Пятра ў Рыме ва ўрачыстым Акце даверыў увесь свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі, выконваючы просьбу Маці Божай. Тады Святы Айцец маліўся: «О Маці людзей і народаў, Ты ведаеш усе іх цярпенні і спадзяванні, Ты па-мацярынску адчуваеш усё змаганне паміж дабром і злом, святлом і цемраю, якія скаланаюць гэты свет. <...> Атулі сваёю Мацярынскаю апекаю ўсю чалавечую сям'ю, якую, о Маці, горача Табе давяраем. Няхай да ўсіх нас наблізіцца час спакою і свабоды, час праўды, справядлівасці і надзеі».
Дарагія браты і сёстры, каб гэты благаслаўлёны час стаў рэальнасцю і нашаю штодзённасцю, неабходныя пакаянне і малітва, да якіх настойліва заклікала Фацімская Пані, бо сапраўдны шлях да спакою і збаўлення чалавека — гэта шлях паказаны нам Езусам Хрыстом.
Беззаганнае Сэрца Марыі перамагае тады, калі яно паяднана з Сэрцам Езуса, які перамог грэх і смерць. Таму Фаціма — гэта найперш заклік рашуча ісці шляхам, указаным Езусам Хрыстом. Гэта таксама заклік у фацімскім духу адносіцца да ўсіх цяжкіх хвілінаў у нашым жыцці, да болю, цярпенняў і прыкрасцяў, якія, на жаль, нікога з нас не абмінаюць. Сэнс у тым, каб навучыцца прымаць іх па-хрысціянску: з пакораю, любоўю і малітваю.
Каб ацаліць бедных грэшнікаў, Маці Божая настойліва просіць аб набажэнстве да свайго Беззаганнага Сэрца, бо так хоча Бог. Сястра Люцыя піша: «Так, Бог прагне паслужыцца Ёю як Маці Божага люду, збаўчаю брамаю, брамаю Неба, прытулкам грэшнікаў, якія звяртаюцца да Яе з вераю, надзеяю і любоўю, як да Успамогі хрысціянаў, як да Маці Збаўцы, якая праз заступніцтва перад Богам атуляе нас сваёю ласкаю навяртання і ласкаю прабачэння для тых, хто шчыра каецца і гэтай ласкі просіць. Яна — Маці ласкі Божай, Маці Божай любові, сімвал якой — Яе Беззаганнае Сэрца».
Дарагія браты і сёстры, Маці Божая запэўнівае, што пашырэнне набажэнства да Яе Беззаганнага Сэрца дасць багаты плён навяртання многіх людзей і ўратуе іх ад пекла: «Калі зробіце тое, аб чым Я вас прашу, — кажа Яна, — шмат душаў будзе ўратавана і знойдзе супакой».
Таму настойліва прашу і заахвочваю вас практыкаваць набажэнствы першых суботаў, каб перапрашаць Беззаганнае Сэрца Марыі, бо праз Яго прыйдзе валадарства Найсвяцейшага Сэрца Езуса.
У лісце святому Яну Паўлу ІІ 12 мая 1982 года сястра Люцыя пісала, што галоўны сэнс Трэцяй фацімскай таямніцы заключаны ў словах Божай Маці: «Калі "так" і калі "не"». Калі людзі будуць маліцца і навяртацца, калі зменяць сваё жыццё, то ўсё будзе добра, а калі — не, то прыйдуць новыя выпрабаванні. І гэта выразнае ўказанне нам, сённяшнім хрысціянам, як уберагчы сябе і сучасны свет ад бяды, што сёння ўсім нам пагражае. У гэтым Мацярынскім папярэджанні — выразны знак Божай міласэрнасці, якую святы Ян Павел ІІ называў адзінаю надзеяю свету.
Пачуем жа наноў і прымем глыбока ў сэрцы Фацімскае пасланне Маці Божай, каб не страціць гэтай надзеі.
У наступным годзе Каталіцкі Касцёл будзе адзначаць 110-ю гадавіну аб'яўленняў Багародзіцы ў Фаціме. Гэта цудоўная магчымасць ажывіць марыйны культ і распаўсюдзіць Фацімскае набажэнства, каб выканаць просьбу Паслання Маці Божай, якое вядзе нас да Бога праз Беззаганнае Сэрца Марыі.
Каб дапамагчы больш дакладна выканаць умовы набажэнства, падрыхтаваны неабходныя тэксты малітваў і разважанняў. Хочацца спадзявацца, што яны паслужаць добрай дапамогай для ўсіх тых, хто пачуе просьбы Маці Божай і далучыцца да перапрашэння Яе Беззаганнага Сэрца і набажэнства першых суботаў месяца ў Духоўным цэнтры Каталіцкага Касцёла на Беларусі — Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай, Дыяцэзіяльных cанктуарыях Маці Божай Фацімскай у: г. Жодзіна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, г.п. Шуміліна Віцебскай дыяцэзіі, г. Баранавічы Пінскай дыяцэзіі, у санктуарый Маці Божай Фацімскай ў г. Шчучыне Гродзенскай дыяцэзіі, Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродне і ва ўсіх парафіях нашай Бацькаўшчыны.
Беззаганнае Сэрца Марыі, дапамажы нам перамяніць свае сэрцы і падтрымлівай нас на шляху да Бога!
Давяраючы ўсіх нас Беззаганнай Панне Марыі, ад усяго сэрца благаслаўляю.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 21 верасня 2026 г.
Ва ўспамін святога Мацвея, Апостала і Евангеліста






