7 лістапада, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі Марыі ў Будславе адбылося набажэнства ў другі дзень Навэнны, прысвечанай перапрашэнню Беззаганнага Сэрца Марыі і падрыхтоўцы да святкавання 110-й гадавіны аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме. Гэты дзень быў адметны тым, што адказнымі за правядзенне набажэнства былі ўдзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым, якія прыехалі з розных парафій нашых дыяцэзій.
Другі дзень Навэнны супаў з актавай малітваў за памерлых, таму падчас набажэнства, якое распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і Фацімскім ружанцам, прысутныя маліліся таксама за душы, церпячыя ў чыстцы.
Насамрэч, набажэнства перапрашэння Беззаганнага Сэрца Марыі датычыць уміласціўлення за грахі і знявагі не толькі жывых, але і тых, хто яшчэ знаходзіцца ў стане чыстца за наступствы грахоў адносна Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі.
Апоўдні распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Юрый Касабуцкі, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а канцэлебравалі ксёндз прэлат канонік Уладзіслаў Завальнюк; ксёндз канонік Аляксей Раманчук, кусташ санктуарыя; ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі; ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF, пробашч парафіі Найсвяцейшага Сэрца Езуса і Беззаганнага Сэрца Марыі ў Фаніпалі; ксёндз Яўген Баланёў, вікарый мінскай парафіі святых Апосталаў Пятра і Паўла і святога Яўгена дэ Мазэнода.
У сваёй гаміліі біскуп Юрый падкрэсліў, што «Езус Хрыстус памірае на Крыжы і ўваскрасае дзеля нашага збаўлення. Таму ахвяра святой Імшы за памерлых нашых родных і продкаў — самая лепшая дапамога і падтрымка». Наступная вельмі дзейсная дапамога душам чыстцовым — гэта адпусты, якія мы «здабываем» для нашых дарагіх памерлых. Адпусты — вялікая ласка, бо кожны адпуст — гэта як рука, працягнутая да душы, што церпіць у чыстцы і якая выцягвае душу да збаўлення.
«Кожная наша малітва, якая ўзносіцца за памерлых, дзейсная. Кожная малітва, якая зыходзіць з нашага сэрца, калі мы шчыра просім Божай міласэрнасці, пачутая, і мы атрымліваем тое, аб чым просім»,
— сцвердзіў біскуп Юрый.
Вельмі часта ў сучасным свеце людзі любяць разважаць пра будучае Божае Валадарства, пра жыццё ў небе. Яны са спакоем успрымаюць і дапускаюць, што ў раі адновіцца першапачатковая гармонія паміж прыродай і чалавекам, як у Эдэнскім садзе. Але калі мы пачынаем разважаць пра пекла, пра чысцец, то сучасныя людзі не вельмі хочуць пра гэта слухаць, пачынаюць сумнявацца, ці гэта на самой справе праўда. Але ў многіх прыватных аб’яўленнях гаворыцца канкрэтна пра цярпенні ў чыстцы, пра жудасныя цярпенні ў пекле. Марыя Сіма, аўстрыйская візіянерка, мела ласку кантактаваць з чыстцовымі душамі, размаўляць з імі, і яны казалі, што чысцец сапраўды існуе.
Прамоўца заўважыў: часта можна пачуць меркаванне, што пекла не існуе, бо існуе Божая міласэрнасць. Маці Божая Фацімская паказала дзецям пекла, паказала, што яно сапраўды існуе. І гэта не нейкая казка, а рэальны стан, і не проста рэальны стан, гэта жахлівы стан, дзе душы зносяць страшныя цярпенні. Таму мы асабліва молімся за тыя душы, якія церпяць у чыстцы, просім міласэрнасці для іх, але таксама просім аб навяртанні для ўсяго свету.
Мы часта ўзгадваем пра Фацімскія аб’яўленні, але, як вядома, былі і іншыя аб’яўленні Багародзіцы.
У кожным аб’яўленні Маці Божая заклікае да навяртання, да малітвы, каб чалавек адкрыў сваё сэрца для Бога, перастаў жыць у граху, каб стаў лепшым, каб быў верным слугою Хрыста.
Менавіта таму, падкрэсліў біскуп, мы просім, каб людзі вярнуліся да Бога, каб не траплялі ў пекла пасля завірухаў зямнога жыцця.
«Паступова чалавек траціць чуйнасць да граху і перастае захоўваць запаведзі, і сваімі паводзінамі цягне іншых людзей да граху. Таму мы молімся сёння ў нашай святыні, тут, у Будславе, за ўвесь свет, просім Багародзіцу, каб плашчом сваёй апекі Яна атуліла ўвесь род людскі, каб выпрасіла ласку мудрасці і веры для нашага народа, вяртання да тых маральных падмуркаў, якія перадалі нам нашыя продкі, каб мы мелі сапраўдную любоў у нашых сэрцах», — растлумачыў пастыр і дадаў, што «мы, хто сёння прыбыў у святыню, просім ласкі сапраўднай любові і веры не толькі для сябе, але і для тых, хто не прыходзіць да Бога, хто не заходзіць у святыні, каб паміж людзей было прабачэнне, каб не было абыякавасці, каб была ўзаемадапамога, каб паміж людзьмі былі адносіны паводле той любові, якой вучыць нас і да якой запрашае нас Езус Хрыстус».
«Сёння мы молімся за жывых і памерлых, асабліва молімся за тых, хто ўжо адышоў у вечнасць, просячы аб ачышчэнні, палёгцы і збаўленні для іх. У гэтым праяўляецца праўда веры пра еднасць святых, якую мы ўспамінаем у Сімвале веры. Мы ведаем, што калі мы молімся за іх, то яны моляцца за нас». Іерарх растлумачыў, што перад Божым тронам памерлыя ўзносяць малітву і такім чынам прыходзяць нам на дапамогу ў розных жыццёвых сітуацыях. Яны выпрошваюць нам ласкі, каб пасля зямнога жыцця мы ўвайшлі ў шчаслівую вечнасць.
«І таму няхай наша малітва будзе плённай»,
— пажадаў сабе і прысутным біскуп.
Пастыр падзякаваў слухачам за іх прысутнасць і за тое, што яны, паводле слоў Езуса, звернутых да Марыі, «выбралі лепшую частку», каб быць і маліцца разам. «Вы выбралі лепшую частку, каб памаліцца разам, каб пабыць разам. Тут мы сустракаемся з Богам, тут мы перапрашаем Маці Божую за грахі супраць Яе Беззаганнага Сэрца, тут атрымліваем шчодрыя ласкі. Але не толькі для сябе. Вы здабываеце ласкі для дарагіх вашаму сэрцу душаў, якія знаходзяцца ў чыстцы. Няхай добры Бог аддзячыць кожнаму, няхай Маці Божая выпрасіць неабходныя кожнаму дары і ласкі. Не тое, што мы хочам, што нам здаецца важным, а тое, што нам неабходна», — пажадаў іерарх.
«І паверце, — сказаў біскуп Касабуцкі, — ніхто не выйдзе з гэтай святыні без падарунка ад Марыі. Яна выпрасіць нам тыя ласкі, якія дапамогуць нам прайсці праз выпрабаванні, стаць лепшымі, бліжэйшымі да Бога, Яна выпрасіць усё тое, што нам патрэбна для збаўлення. Няхай так станецца».
Пасля абеду, арганізаванага ў Доме пілігрыма парафіянамі Будслаўскага санктуарыя, ксёндз Дзяніс Шастаковіч MSF звярнуўся да пілігрымаў з катэхезай «Дар Касцёла для жывых і памерлых. Асаблівасці адпустаў».
Ксёндз Дзяніс адзначыў, што, «практыкуючы набажэнствы, мы дапамагаем не толькі збаўленню нашай душы, але можам дапамагчы таксама душам, церпячым у чыстцы, ахвяруючы за іх адпусты, якія з’яўляюцца Божым дарам».
З вопыту святарскага служэння ксёндз Дзяніс зрабіў выснову, што вернікі, «не заўсёды правільна разумеюць умовы атрымання адпустаў. Многія людзі мяркуюць, што адпуст можна атрымаць аўтаматычна. Гэта супярэчыць вучэнню Касцёла, які выразна падкрэслівае важную ролю адпаведнага унутранага стану верніка, які імкнецца атрымаць адпуст. У дакументах Касцёла сцвярджаецца, што вернік павінен шчыра любіць Бога, ненавідзець грэх, ускладаць давер на Езуса і моцна верыць, што ён застаецца ў еднасці з супольнасцю святых. Зразумела, такі духоўны стан не дасягаецца механічна, але ён неабходны. Папа святы Павел VI пісаў:
«Адпуст, які Касцёл удзяляе пакутуючым, — гэта праява той любові, якая містычным чынам яднае повяззю любові Хрыста, Найсвяцейшую Панну Марыю і вернікаў, што трыумфуюць у небе, а таксама тых, якія прабываюць у чыстцы і тых, якія яшчэ пілігрымуюць на зямлі».
Само слова «адпуст» азначае, што маецца на ўвазе адпушчэнне чагосьці чалавеку, а значыць, адпуст нейкім чынам звязаны з правінаю, з грахом. Аднак адпуст не з’яўляецца адпушчэннем грахоў, таму што прабачэнне грахоў, вызваленне ад вечнай кары і правіны чалавек атрымлівае ў сакрамэнце паяднання, а не ў адпустовых практыках. Адпуст жа звязаны з адпушчэннем пакарання за грахі (часовага пакарання), якое чалавек мусіць панесці нават пасля таго, як атрымаў прабачэнне за грахі.
Ян Павел ІІ указаў на ласкі, якія сплываюць на нас праз адпусты з крыніцы Божай міласэрнасці: «Укрыжаваны Езус з’яўляецца вялікім „адпустам“, які Айцец ахвяраваў чалавецтву як прабачэнне правінаў і запрашэнне да сыноўскага жыцця ў Духу Святым».
Вяночкам да Божай Міласэрнасці і благаслаўленнем біскупа Юрыя завяршылася малітоўная пілігрымка ў Будслаўскі санктуарый.
У плане арганізатараў і пілігрымаў — удзельнікаў Апостальства дапамогі душам чыстцовым — была яшчэ адна малітоўная акцыя. Літаральна праз паўгадзіны ў Ваўкалаце была праведзена малітва за памерлых праз заступніцтва Маці Божай Апякункі душаў чыстцовых, цудадзейны абраз якой знаходзіцца ў касцёле святога Яна Хрысціцеля.
«Малітва за нашых блізкіх нагадвае нам, што наша Айчына знаходзіцца ў Небе, — сказаў нядаўна Папа Леў XIV. — Маліцца за памерлых азначае святкаваць жыццё. Малітва грунтуецца на цвёрдай надзеі на ўваскрасенне, якую падарыў свету ўваскрослы Хрыстус. (…) Таму не дазваляйма, каб памяць пра памерлых зводзілася да простай настальгіі. Будзем у веры разважаць пра таямніцу смерці без страху, бо Пан жыве, чакае нас і ўжо падрыхтаваў для нас месца ў доме свайго Айца». Таму варта жыць вераю, надзеяй і любоўю, каб быць годным пасяліцца ў Доме Нябеснага Айца.
Абавязак кожнага з нас дзяліцца гэтымі тэалагічнымі цнотамі не толькі з бліжнімі ў зямным жыцці, але і дапамагаць вызваліцца з чыстца тым душам, што яшчэ знаходзяцца ў стане ачышчэння, як гэта робяць удзельнікі Апостальства дапамогі душам чыстцовым.
























































