
26 кастрычніка ў касцёле святога Казіміра ў Лепелі (Віцебская дыяцэзія) прайшла трэцяя дыяцэзіяльная сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чысцовым (АДДЧ), якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі.
Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах Kascelmery.by, на сустрэчу завіталі вернікі з Браслава, Глыбокага, Дзеркаўшчыны, Мёраў, Новалукомля, Пагошча, Паставаў і Полацка.
Напачатку ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр груп Апостальства дапамогі душам чысцовым Віцебскай дыяцэзіі, прывітаў удзельнікаў і падкрэсліў, што трэцяя сустрэча праводзіцца на ўсходзе дыяцэзіі, каб даць сведчанне дзейнасці груп Апостальства таксама і на гэтай тэрыторыі.

Сустрэчу працягнула супольная малітва. Вяночак за памерлых правяла аніматар групы АДДЧ з Мёраў, а потым адбылася адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, падчас якой ахвотныя мелі мачымасць прыступіць да споведзі.
Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя «Да сустрэчы ў чысцы», якую прамовіў пробашч парафіі ў Дзеркаўшчыне ксёндз канонік Валерый Орсік. Напачатку святар звярнуў увагу на тое, што такое чысцец і чаму так важна маліцца за душы чысцовыя.
«Чысцец — гэта не нейкае канкрэтнае месца, а стан душы», — падкрэсліў святар.

Прыводзячы разнастайныя сведчанні містыкаў і святых, якія мелі візіі і асаблівую сувязь з душамі ў чысцы, прамоўца заўважыў, што малітва, цярпенне і апостальства з’яўляюцца найлепшымі сродкамі выбаўлення душаў з чысца. Паводле містычкі Марыі Сімы, душам чысцовым можна дапамагчы, ахвяраваўшы за іх святую Імшу, духоўныя і фізічныя цярпенні, святы Ружанец, Крыжовы шлях, адпусты, міласціну і добрыя ўчынкі, а таксама праз запальванне свечкі на могілках і ў касцёле, акрапленне асвячонай вадой.
Напрыканцы сваёй прамовы ксёндз Валерый заахвоціў не ствараць «чысцец» у сваіх дамах «праз непаслухмянасць, злосць, расчараванне, гнеў, ляноту і розныя грахі».

Кульмінацыяй сустрэчы стала Эўхарыстыя, цэлебрацыю якой узначаліў пробашч лепельскай парафіі ксёндз Уладзімір Заянчкоўскі.
Святар падкрэсліў, што сёлета парафія адзначае 420 гадоў свайго існавання, таму ў святыні створана экспазіцыя з гістарычнымі літургічнымі і рэлігійнымі рэчамі.
Сапраўднай каштоўнасцю з’яўляюцца 23 рэлікварыі з рэліквіямі розных святых, якія шануюцца не толькі католікамі, але і братамі праваслаўнымі. Гэта зроблена для таго, каб сюды маглі прыйсці людзі рознага веравызнання і памаліцца Адзінаму Богу.
Пачэснае месца пры алтары займаюць рэліквіі Святога Крыжа і адзення Хрыста. Пасля святой Імшы кожны ўдзельнік сустрэчы меў магчымасць падысці, дакрануцца і памаліцца перад рэліквіямі.

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці пробашчу парафіі ксяндзу Уладзіміру Заянчкоўскаму і мясцовым вернікам за гасціннасць, ксяндзу каноніку Валерыю Орсіку за прамоўленую канферэнцыю, а ўсім удзельнікам з розных куткоў Віцебшчыны — за прысутнасць і малітву.
Куратар груп Апостальства анансаваў наступную сустрэчу, якая адбудзецца ў кастрычніку наступнага года ў Полацку.







































