Пошук

14.11.2024 16:08   Паводле: Catholicnews.by / Фота: Леанід Юрык / Catholicnews.by

12 лістапада, ва ўрачыстасць галоўнага апекуна Віцебскай дыяцэзіі святога Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у касцёле святога Казіміра ў Лепелі адбылася дыяцэзіяльная сустрэча духавенства на чале з біскупам Віцебскім Алегам Буткевічам.

Як адзначаецца на сайце Catholicnews.by, месца правядзення пастырскай сустрэчы было выбрана невыпадкова, бо сёлета лепельская парафія адзначае 420 гадоў свайго існавання, а ў мінулым годзе адзначаўся 400-гадовы юбілей з часу мучаніцкай смерці святога Язафата.

Вырашыўшы розныя пытанні з прадстаўнікамі курыі, набыўшы літаратуру ў выдавецтва «Pro Christo» і календары на надыходзячы год, святары і сёстры законныя скіраваліся ў касцёл, дзе паслухалі канферэнцыю айца Аляксандра Жарнасека МІС. Марыянін прапанаваў сабраным паразважаць на тэму аўтарытэту ў духоўным жыцці, звярнуўшы ўвагу на тое, як цяжка бывае змяніць мысленне ў дарослым жыцці.

Дасведчаны духоўны кіраўнік завўважыў, што задача духоўных і кансэкраваных асобаў — быць сейбітамі, каб закласці ў душы добрае зерне, а ўжо ад кожнага канкрэтнага чалавека залежыць, прарасце яно ці не.

Таксама святар распавёў пра розныя віды хрысціянскай духоўнасці, адзначыўшы, што ў кожным з іх самае важнае — не згубіць Хрыста як канчатковую мэту духоўнага шляху.

Пасля адарацыі Езуса ў Найсвяцейшым Сакраманце, якая адбывалася ў цішыні, усё прысутнае духавенства далучылася да цэлебравацыі святой Імшы, якую ўзначаліў біскуп Буткевіч.

Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, які прысвяціў яе асобе святога Язафата Кунцэвіча, засяродзіўшыся перадусім на яго клопаце пра адзінства хрысціянаў.

Пасля супольнай малітвы адбылася арганізацыйная частка сустрэчы. Біскуп Буткевіч паведаміў пра персанальныя змены ў дыяцэзіі: новым дырэктарам Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas Віцебскай дыяцэзіі стаў ксёндз канонік Віктар Місевіч, які змяніў на гэтай пасадзе ксяндза Аляксандра Сапеля SDS. Пастыр дыяцэзіі таксама прывітаў на Віцебшчыне новых святароў, якія будуць несці служэнне ў Докшыцах: братоў капуцынаў Ігара Колзуна і Аляксандра Астравушку.

Пра асаблівасці перарэгістрацыі рэлігійных супольнасцяў, якая цяпер праводзіцца ў Беларусі, святарам расказаў Іван Здзесеў, спецыяліст аддзела ідэалогіі Віцебскага аблвыканкама.

Прадстаўнік улады таксама адказаў на хвалюючыя пытанні па запаўненні і зборы дакументацыі для гэтай адміністрацыйнай працэдуры.

Наступная пастырская сустрэча духоўных і кансэкраваных асобаў Віцебскай дыяцэзіі пройдзе ў 17 снежня ў Полацку.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа