Пошук

30.10.2023 11:51   Тэкст і фота: Жанна Закрэўская / Kascelmery.by

28 кастрычніка ў санктуарыі Маці Божай Валадаркі Азёраў у Браславе прайшла другая агульнадыяцэзіяльная сустрэча груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым (АДДЧ), якія дзейнічаюць у парафіях Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведамляецца на сайце парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах kascelmery.by, сустрэчу распачаў ксёндз Славамір Самковіч, душпастыр груп Апостальства дапамогі душам чыстцовым Віцебскай дыяцэзіі.

Святар прывітаў удзельнікаў і коратка падвёў вынікі дзейнасці Апостальства за апошні год.

Колькасць сяброў АДДЧ павялічалася, з’явіліся новыя парафіяльныя групы ў Відзах, Лынтупах, Пагошчы.

Пра сваю дзейнасць расказалі таксама аніматары новаўтвораных парафіяльных груп.

Сустрэчу працягнула адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Вяночак за памерлых узначалілі аніматары парафіяльных груп.

Падчас паўтарагадзіннай адарацыі быў час не толькі на супольную малітву, але таксама на медытацыю і кантэмпляцыю ў цішыні перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Ахвотныя змаглі прыступіць да споведзі, каб з чыстым сэрцам прыняць удзел у Эўхарыстыі і атрымаць поўны адпуст для сябе або ахвяраваць яго за душы, якія церпяць у чыстцы.

Пасля адарацыі адбылася канферэнцыя «Пра чысцец і наступствы нявырашаных пры жыцці спраў», якую правёў пробашч парафіі ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS.

Цытуючы Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, святар адзначыў, што тыя, хто памірае ў ласцы і сяброўстве з Богам, але яшчэ не ачышчаны цалкам, хоць ужо і ўпэўненыя ў сваім збаўленні, пасля смерці праходзяць ачышчэнне, каб дасягнуць святасці і ўвайсці ў нябеснае шчасце» (пар. ККК 1030).


Некаторыя святыя, якія асабліва дапамагалі церпячым душам у чыстцы, неаднаразова казалі, што чысцец — гэта цудоўнае «вынаходніцтва» Бога, дзякуючы якому душы могуць вызваліцца ад усялякіх заганаў, схільнасцяў да граху і цалкам ачышчаныя прыйсці на сустрэчу з Панам Сусвету.

«Тры залатыя ключы», якія адкрываюць неба, — гэта любоў, пакора і адданасць Богу. Моцнай зброяй для нашага збаўлення, а таксама збаўлення душаў, якія церпяць у чыстцы, з’яўляюцца разнастайныя выпрабаванні і пакуты, якія мы сустракаем на нашым жыццёвым шляху»,

— распавёў святар, прыводзячы сведчанні містыкаў і святых, якія мелі візіі і асаблівую сувязь з церпячымі ў чыстцы душамі.

Ксёндз Станіслаў падкрэсліў: «Калі мы пераносім жыццёвыя выпрабаванні з глыбокім даверам да Пана Бога, яны будуць мець вялікі духоўны плён, а таксама паспрыяюць вызваленню душаў, якія церпяць у чыстцы і за якіх мы молімся».

Кульмінацыяй сустрэчы стала святая Імша, якую цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.

У гаміліі іерарх працягнуў разважанне над тэмай канферэнцыі. Ён адзначыў, што людзі часта наракаюць на Бога: «Ойча, за што мне гэтае цярпенне?», бо разглядаюць жыццёвыя праблемы, хваробу як пакаранне. Біскуп параіў прысутным успрымаць цяжкасці не як пакаранне, а як выпрабаванне.

Ён дадаў, што многія святыя на працягу гісторыі прасілі Пана Бога, каб прыняць пакуту як дар ачышчэння. Нават Езус Хрыстус прыйшоў у свет, каб аддаць сваё жыццё пакутнай смерцю, хоць не меў ніводнага граху. Яго ахвяра была складзена, каб як мага больш людзей дасягнулі Нябеснага Валадарства. 

«Мы павінны імкнуцца зразумець, для чаго Пан Бог спасылае выпрабаванні на нашым жыццёвым шляху. Давер да Нябеснага Айца і малітва дапамогуць нам дасягнуць Божага Валадарства», 

— падкрэсліў іерарх.

Напрыканцы Эўхарыстыі ксёндз Славамір Самковіч выказаў словы ўдзячнасці тым, хто прычыніўся да арганізацыі і правядзення сустрэчы, а таксама ўсім яе ўдзельнікам. Асаблівыя словы ўдзячнасці прагучалі ў адрас арганісткі браслаўскай парафіі Іны Сапун за музычнае аздабленне сустрэчы.

Са станоўчымі эмоцыямі і бадзёрым настроем, падсілкаваўшыся смачным абедам, вернікі вырушылі ў дарогу дадому.

 

Абноўлена 30.10.2023 11:54
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа