Пошук

02.06.2026 17:43   Catholic.by

Папа Леў ХІV падчас працэсіі Божа Цела, 2025 год. Фота: EWTN News.

На ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якая сёлета адзначаецца 4 чэрвеня, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, кіруе вернікам сваё пастырскае слова.

Пастырскае слова
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
на ў
рачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста

«Хто спажывае гэты хлеб, будзе жыць вечна» (пар. Ян 6, 58)

 

            Спявай, зямля і неба: Езусу Гасанна!
Утоенаму ў Хлебе — хвала, хвала, хвала… (…)
О Збаўчая Ахвяра, што ратункам стала,
Будзь вечна праслаўлёна — хвала, хвала, хвала…

 (з песні «Упаўшы на калені»).

            Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце!

Сёння ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста. У гэты дзень вернікі па ўсім свеце публічна сведчаць пра сваю веру, ідучы ў працэсіі за Найсвяцейшым Сакрамэнтам — укрытым у Гостыі Езусам, нашым Панам і Збаўцам. З Езусам Хрыстом, вызнаючы нашую веру, мы выходзім на вуліцы, каб выпрасіць благаслаўленне і спакой для свету, для краіны, для кожнага горада, для кожнай вёскі, для кожнага чалавека на нашай планеце.

Любыя вернікі! Касцёл падчас гэтай урачыстасці засяроджвае сваю ўвагу на Найсвяцейшым Сакрамэнце, разглядаючы Эўхарыстыю з чатырох аспектаў.

Па-першае, гэта ахвярная гасціна, на якой мы спажываем Цела і Кроў Хрыста, які з любові да нас прыносіць сябе ў ахвяру. Езус Хрыстус прысутнічае ў Эўхарыстыі выключным і непараўнальным чынам — са сваім Целам і сваёй Крывёю, са сваёй Душой і Боскасцю.

У Эўхарыстыі сакрамэнтальна, гэта значыць у эўхарыстычных постацях хлеба і віна, прысутнічае ўвесь Хрыстус: Бог і Чалавек (гл. КККК, 282).

Па-другое, гэтае свята сілкуе нашы душы ласкаю.

Па-трэцяе, Эўхарыстыя — гэта задатак вечнага жыцця: прымаючы Эўхарыстыю, мы фактычна ўжо жывём вечным жыццём. Акрамя таго, напоўненыя ласкай праз Эўхарыстыю, мы атрымліваем прадчуванне будучай хвалы.

Па-чацвёртае, гэта таксама сакрамэнт еднасці Касцёла — пілігрымуючага Касцёла (нас, хто жыве на зямлі), церпячага Касцёла (душ у чыстцы) і трыумфуючага Касцёла (святых у нябёсах).

Святы Тамаш Аквінскі сабраў гэтыя рэаліі ў адной малітве: «О святая Гасціна, на якой мы спажываем Хрыста, на якой аднаўляем памяць пра Яго мукі, напаўняем нашы душы ласкаю і атрымліваем задатак будучай хвалы».

Усё ў працэсіі скіравана на тое, каб засяродзіць нашу ўвагу на Найсвяцейшым Сакрамэнце і падкрэсліць, што ў Ім прысутнічае наш Збаўца, Езус Хрыстус. Манстранцыя прызначана для таго, каб сканцэнтраваць наш позірк на Гостыі, а балдахін павінен нагадваць нам пра каралеўскую годнасць Хрыста. Кветкі, якія сыплюць першакамунійныя дзеці перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, фератроны, харугвы — усе гэтыя элементы працэсіі нагадваюць нам пра каралеўскую, святарскую і прароцкую годнасць Хрыста. Яны дапамагаюць удзельнікам працэсіі глыбей успрымаць веліч і любоў Бога, які пакінуў сябе ў кавалку белай Гостыі.

Мае дарагія!

Свята Божага Цела — гэта цудоўная магчымасць аднавіць нашу любоў да Хрыста, укрытага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Гэта не проста пабожная маніфестацыя, а магчымасць умацаваць і аднавіць нашу сувязь з жывым Богам, які паслаў свайго Сына, каб мы маглі мець жыццё.

На кожным кроку літургія нагадвае нам, што Бог любіць нас, што Ён паслаў свайго Сына, каб Езус збавіў нас, і паслаў Духа Святога, які нас ажыўляе і вядзе да паўнаты праўды. Адказам чалавека на гэтую любоў з'яўляецца Эўхарыстыя, у якой мы ўдзельнічаем і прымаем святую Камунію.

Многія святыя гаварылі, што той, хто не любіць святой Імшы, хто не стараецца перажываць яе засяроджана і спакойна, пабожна і з любоўю, той не любіць Хрыста. На жаль, некаторыя вернікі ўспрымаюць святую Імшу толькі як рэлігійны абрад, не ўсведамляючы, што гэта — найбольшы дар Бога для чалавека. Бо ў кожнай святой Імшы асаблівым чынам прысутнічае Найсвяцейшая Тройца з бязмежнай любоўю да нас. Таму для кожнага з нас святая Імша павінна быць асабістай сустрэчай з Богам — мы пакланяемся Яму, праслаўляем Яго, дзякуем Яму, імкнучыся ўміласцівіць за нашыя грахі і правіны. Каб годна перажываць святую Імшу, каб адказаць на бязмежную любоў Бога, мы павінны з любоўю прымаць удзел у Эўхарыстыі, навучыцца слухаць і быць з Богам, бо ў гэтай Ахвяры заключана ўсё, чаго жадае ад нас Пан.

Папа Бэнэдыкт XVI гаварыў, што «нам патрэбна святая Імша, каб сутыкнуцца з жыццёвымі цяжкасцямі і супрацьстаяць нашай стомленасці». Сапраўды, у нашай зямной рэальнасці мы не можам пазбегнуць цяжкасцяў, штодзённай стомленасці, крызісаў, момантаў роспачы, але дзякуючы Езусу ў Найсвяцейшым Сакрамэнце мы зможам іх вытрываць. Хрыстус дапаможа нам не страціць надзеі, не ўпасці духам з-за нашых няўдачаў і жыццёвых стратаў. Ён дасць нам сілы ісці далей, каб мы мелі магчымасць аднавіцца, падняцца нават з самых вялікіх асабістых руін і няшчасця. У «Дзённіку» святой сястры Фаўстыны можна заўважыць, якую вялікую любоў і веру ў жывую прысутнасць Езуса ў Эўхарыстыі адчувала Апосталка Божай Міласэрнасці, бо яна некалькі разоў апісвала свой досвед, звязаны з Божым Целам. Падчас малітвы на ўрачыстасць Божага Цела сястра Фаўстына пачула словы Езуса:

«Дачка Мая, няхай напоўніцца радасцю тваё сэрца. Я, Пан, — з табою, нічога не бойся, ты — у Маім сэрцы» (Дз. 1133).

«Сёння ў нас была працэсія Божага Цела, — піша святая сястра Фаўстына. — Каля першага алтара са святой Гостыі вырваўся агонь і працяў маё сэрца, і я пачула голас: Тут мой адпачынак» (Дз. 1140).

У словах, якія Пан Езус скіраваў да сястры Фаўстыны, мы адкрываем, якой прыгожай і годнай манстранцыяй для Хрыста з’яўляецца жывое сэрца чалавека. Якая прыгожая працэсія, што вядзе да сустрэчы з Езусам у Эўхарыстыі. Таму Папа Францішак у Апостальскай Адгартацыі «Хрыстус жыве» скажа: «Той, хто дазваляе Хрысту дакрануцца свайго сэрца ў Эўхарыстыі, становіцца маладым маладосцю Езуса Хрыста, які з’яўляецца найпрыгажэйшай маладосцю гэтага свету».

А наш зямляк благаслаўлёны ксёндз Міхал Сапоцька неаднойчы гаварыў:

«Як пасілак для цела ўмацоўвае зямное жыццё, так Найсвяцейшы Сакрамэнт аднаўляе, лечыць, абараняе, умацоўвае, развівае, ажыўляе і пацверджвае звышнатуральнае жыццё нашай душы. Бо тут адбываецца самая глыбокая сувязь з Хрыстом, не толькі духоўная, але фізічная, адчувальная і дасканалая, — так, што ўжо не можа быць на зямлі глыбейшай за яе».

Умілаваныя! Хочацца сёння звярнуцца асабліва да тых бацькоў, дзеткі якіх гэтай вясною ўпершыню прынялі Хрыста ў Святой Камуніі. Дарагія бацькі, давайце сваім дзеткам прыклад вернасці і даверу Богу, вучыце іх годна ўдзельнічаць у Імшы, таксама і падчас канікулаў, прыводзьце прыклады маладых святых, якія, нягледзячы на малады ўзрост, былі гатовы аддаць сваё жыццё за Езуса. Нядаўна кананізаваны падлетак святы Карла Акуціс не стамляўся паўтараць: «Эўхарыстыя — гэта аўтастрада да Неба». Прыклады святасці сучасных маладых людзей Карла Акуціса, П’ера Фрасаці, Слугі Божай сястры Клэр Крокет і многіх іншых паказваюць нам, што святасць магчымая і ў 21 стагоддзі нават у вельмі маладым узросце, што святасць вядзе да глыбокага шчасця.

Любыя вернікі! У цэнтры працэсіі на сённяшнюю ўрачыстасць знаходзіцца манстранцыя пад балдахінам. Манстранцыя прыгожа аздоблена, яна змяшчае самога Хрыста ў постаці хлеба. Ён годны, каб для Яго было зроблена самае найлепшае і прыгожае начынне. Але можна сказаць, што той, хто годна прымае святую Камунію, той з’яўляецца своеасаблівай Божай манстранцыяй. Бо мы былі створаны «па вобразу Божаму», мы носім Яго вобраз у сабе. У сакрамэнце хросту, як піша святы Павел, «мы апрануліся ў Хрыста», мы прынялі Яго ў пэўным сэнсе як адзенне. А ў Святой Камуніі мы спажываем Яго Цела пад постаццю Хлеба, мы адкрываем сваё сэрца, каб Езус пасяліўся ў ім. Менавіта тут найлепш відаць, што гэта мы, хрысціяне, самі з'яўляемся сапраўднай Божай манстранцыяй.

Урачыстасць Божага Цела — добрая магчымасць усвядоміць гэта. І таму ад нас залежыць, ці праз нас, хрысціянаў, Хрыстус бачны для гэтага свету — ці, наадварот, з-за нашых учынкаў і няправеднасці мы робім Яго нябачным. І сёння наш позірк на манстранцыю, узіранне ў Божае Цела можа стаць для нас імпульсам зазірнуць таксама ўнутр нашай душы, у саміх сябе. Не забывайма, што мы павінны выканаць сваю місію, якую даручыў наш Збаўца ўсім, хто паверыў у Яго, — мы павінны быць носьбітамі Хрыста, каб праз нас Ён быў бачным для свету, каб Ён прысутнічаў у нашым свеце, у нашых сем’ях, на месцы нашай працы, вучобы і адпачынку, у кожным з нас.

Папа Леў XIV звяртае ўвагу:

«Хрыстус — гэта Божы адказ на голад чалавека, бо Яго Цела — гэта Хлеб вечнага жыцця (...) Калі мы сілкуемся Езусам, жывым і сапраўдным Хлебам, мы жывем для Яго… Эўхарыстыя — гэта сапраўдная, рэальная і істотная прысутнасць Збаўцы, які перамяняе хлеб у Сябе самога, каб перамяніць нас у Сябе. Жывое і жыццядайнае Corpus Domini робіць нас — гэта значыць сам Касцёл — Целам Пана» (Леў XIV. Паводле гаміліі 22.06.2025 г.)

Дарагія браты і сёстры, святы Ігнацый з Антыёхіі хрысціянамі назваў тых, хто «жыве паводле Эўхарыстыі». Вельмі трапнае азначэнне: «Хрысціянін — гэта той, хто жыве паводле Эўхарыстыі». Заклікаю вас, вернікаў ХХІ стагоддзя, асабліва нашую любую моладзь — нашу будучыню: старайцеся жыць не паводле сучасных, часта скажоных, эгаістычных прынцыпаў і паводзінаў, а паводле Эўхарыстыі. Няхай гэты дзень абудзіць у нас веру, надзею і любоў, а пастаянная прага Эўхарыстыі няхай прывядзе нас да глыбокага навяртання, каб мы, дзякуючы нашаму Збаўцу, станавіліся для бліжніх хлебам, суцяшэннем і надзеяй, каб стараліся наталіць гэты свет пасілкам любові і веры, адважным сведчаннем нашай веры.

Сёння, дзякуючы Найсвяцейшай Тройцы за атрыманыя ласкі 35-ці гадоў адраджэння касцельных структур на нашай беларускай зямлі і нашай веры, асабліва просім Усемагутнага Бога аб Яго літасці і міласэрнасці для нас і для ўсяго свету, пакорна просім ласкі Божага спакою. Няхай Езус Хрыстус, Той, хто сам ёсць спакоем, (пар. Эф 2, 14), напоўніць ім нашу зямлю і нашыя сэрцы. Дзякуем Табе, наш Пан і Збаўца, за Тваю эўхарыстычную прысутнасць у свеце.

На мужнае сведчанне веры і на годнае жыццё «паводле Эўхарыстыі» шчырым сэрцам благаслаўляю: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 31 мая 2026 года
Урачыстасць Найсвяцейшай Тройцы 

 

Абноўлена 02.06.2026 20:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.